15-16 января «Ахова птушак Бацькаўшчыны» приглашает поучаствовать в народном мониторинге «Птушкі ля кармушкі»

Важное Природа

Падлічым разам!

Вы ўжо павесілі кармушку? Калі яшчэ не, то самы час гэта зрабіць, каб 15—16 студзеня паўдзельнічаць у народным маніторынгу «Птушкі ля кармушкі». Яго штогод ладзіць грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Улік птушак на кармушках праводзіцца ў многіх краінах. Чым больш людзей ­удзельнічае ў ініцыятыве, тым дакладней атрымліваецца адсачыць змены ў папуляцыях вераб’іных і своечасова адрэагаваць на іх. Прапанаваны падыход называецца «народная навука», таму што дазваляе сабраць вялікую колькасць даных для аналізу. Для большай дакладнасці ўсе назіранні за кармушкамі праходзяць ацэнку экспертаў. Непраўдападобныя адразу адсейваюцца, сумніўныя — удакладняюцца арнітолагамі.

Вялікая сініца на аконнай кармушцы

— Лічыць птушак нескладана, таму дарослым прапануем удзельнічаць у акцыі разам з дзеткамі, — раказваў спецыяліст АПБ Сяргей Рэзаў. — Для гэтага неабходна падлічыць колькасць птушак кожнага віду на сваёй кармушцы на працягу адной гадзіны і перадаць атрыманыя звесткі арганізатарам маніторынгу. Падзяліцца інфармацыяй можна, запоўніўшы форму на сайце арганізацыі (яна будзе актыўная з 15 студзеня да 18.00 16 студзеня) ці напісаўшы паведамленне ў FB. Птушак можна лічыць і 3-4 гадзіны, але тады павінна быць адпаведная колькасць справаздач (па адной за кожную гадзіну).

Вызначыць від птушкі дапаможа мі­ні-вызначальнік на сайце АПБ. А можна і сфатаграфаваць незнаёмую птушку і загрузіць здымак у Telegram-чат «Ціў-ціў», дзе дапамогуць правесці «апазнанне».

Звычайна да кармушак у гарадах прылятаюць вялікія сініцы, палявыя і дамавыя вераб’і. Увесь час, што доўжыцца акцыя, яны ў топ-3 відаў, якія наведваюць «сталоўкі». Прылятаюць сініцы і іншых відаў, зелянушкі, таўстадзюбы, дзятлы, часам частуюцца і пералётныя птушкі. Гракоў, галубоў і варон, калі сталуюцца і яны, лічыце таксама.

— Сярод тых, хто дашле вынікі сваіх падлікаў праз форму, арганізацыя разыграе «птушыныя» сувеніры, — заахвочвае прыняць удзел у акцыі Сяргей Рэзаў. — Шанц выйграць падарункі маюць і тыя, хто загрузіць свае фота і відэа ў спецыяльны альбом у VKontakte. Вешайце кармушку і публікуйце здымкі ў сацсетках з хэштэгам #птушкілякармушкі!

Натхніцца на ўдзел у акцыі і патрэніравацца ў падліку птушак дапаможа анлайн-кармушка ў Белавежскай пушчы, адкуль ідзе прамая трансляцыя.

Вераніка Філановіч
Фота Іны Шкурко



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.