Ратуючы іншых, рызыкуюць жыццём работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Да канца змены ратаўнікам падраздзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях заставаліся чатыры гадзіны, як паступіла паведамленне пра пажар па вуліцы Гогаля ў райцэнтры. Пажарная машына неадкладна выехала на месца здарэння. Агнём быў поўнасцю ахоплены дах дома. Трэба было тэрмінова праверыць наяўнасць у памяшканні людзей. Старшы інструктар-ратаўнік Валерый Сеганкевіч, майстар-ратаўнік Яўгеній Хмяльніцкі і выконваючы абавязкі начальніка дзяжурнай змены Уладзімір Лелякоў, падключыўшы дыхальныя апараты са сціснутым паветрам, кінуліся ў палаючы будынак. У густой заслоне дыму ўбачылі на падлозе чалавека. Вынеслі яго на вуліцу і прывялі ў прытомнасць. Ад яго даведаліся, што ў доме больш нікога няма. Пацярпелага перадалі медыкам, пажар патушылі хутка.

— У ходзе высвятлення ўсіх абставін стала вядома, што гаспадар дома знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі ў Віцебску, — расказваў інспектар сектара нагляду і прафілактыкі РАНС Павел Лысёнак. — У яго жыллё самавольна пранік 42-гадовы пастаўчанін. Прычыны пажару ўстанаўліваюцца. Пацярпелага адправілі на лячэнне спачатку ў цэнтральную раённую бальніцу, а затым — у Браслаўскую псіхіятрычную.

Колькі такіх здарэнняў было за гады службы ў ратаўнікоў аддзела! Самы вопытны з іх — Валерый Сеганкевіч. Стаж яго работы ў РАНС складае 27 гадоў.
— Валерый — сапраўдны прафесіянал сваёй справы, а для ўсіх нас — настаўнік з вялікай літары, — гаварыў начальнік змены Павел Навумчык. — У яго вучымся рашучасці, адказнасці, вытрымцы, ураўнаважанасці. Прафесія ў нас няпростая: мы імчым звычайна туды, адкуль усе ўцякаюць, рызыкуем сваім жыццём дзеля выратавання іншых.
Спецыялісты РАНС ліквідуюць не толькі пажары, але і наступствы любой аварыі.
— Ніколі не забуду трагедыі, якая шмат гадоў таму здарылася на возеры каля Вайцяхоў, — успамінаў Валерый Сеганкевіч. — Тады ўдалося выратаваць толькі аднаго чалавека, трое пайшлі пад лёд. А прычына была ў тым, што ратаўнікі не былі забяспечаныя неабходным прыстасаваннем. Цяпер сітуацыя змянілася карэнным чынам: мы маем усё неабходнае — ад экіпіроўкі да спецыяльнага рыштунку.

Сяргей Гарошка — спрактыкаваны хімік-дазіметрыст. Выконвае свае абавязкі і пры ліквідацыі хімічнай аварыі, і пры тушэнні пажару, і пры дарожна-транспартным здарэнні, дапаможа ў любой іншай нестандартнай сітуацыі, калі чалавеку з ёй самастойна не справіцца. Дзяніс Сарокін — вадзіцель, але і ён заўсёды дапамагае ратаўнікам. Кожны з іх навучыўся не панікаваць, а засяроджвацца на якасным выкананні сваіх абавязкаў.
Пры сігнале трывогі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях спяшаюцца на выклік, разумеючы, што на ўліку — кожная хвіліна. На жаль, не заўсёды ўдаецца выратаваць жыццё. І тады боль напаўняе іх сэрцы, асабліва калі гінуць дзеці.
Ратаўнікі пастаянна праводзяць вялікую прафілактычную работу сярод насельніцтва, нагадваюць пра выкананне правілаў бяспекі. Але не ўсе прыслухоўваюцца да парад. Таму неспакойна праходзяць дзяжурствы ратаўнікоў, трывожацца за сваіх мужоў, сыноў, бацькоў родныя.
Анна Анішкевіч