Акрэсліў траекторыю развіцця краіны
Учора, 28 студзеня, Прэзідэнт Беларусі звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.
У Палацы Рэспублікі прамову Аляксандра Лукашэнкі слухалі больш за 2,5 тысячы чалавек, а ўсе ахвотныя маглі сачыць за выступленнем беларускага лідара ў прамым эфіры па беларускім тэлебачанні і радыё.
На мерапрыемства было запрошана шырокае кола ўдзельнікаў. Такі фармат — ініцыятыва, прапанаваная ў час работы Прэзідэнта ў рэгіёнах, якую ён падтрымаў. У выніку, акрамя парламентарыяў і дэлегацый ад абласцей і горада Мінска, традыцыйна сярод запрошаных — вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі дзяржаўных органаў, сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і міжнародных арганізацый, кіраўнікі рэлігійных канфесій, парламентарыі мінулых скліканняў, прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі, моладзь, журналісты і блогеры.
У склад дэлегацыі ад нашага раёна ўвайшлі прадстаўнікі дэпутацкага корпусу Таіса Баторы і Генадзій Урбанайць, прафсаюзны лідар Пастаўшчыны Іна Далецкая, намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, дырэктар малаказавода Канстанцін Гайлеўскі, галоўны рэдактар райгазеты Людміла Зелянкевіч. Узначалілі дэлегацыю старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто і старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік.
Традыцыйна тэмай звароту Аляксандра Лукашэнкі сталі дабрабыт і забеспячэнне бяспекі грамадзян. Сёння гэтыя пытанні як ніколі актуальныя. Наша краіна падвяргаецца неабгрунтаванаму эканамічнаму ціску. Нягледзячы на гэта, наша эканоміка паказвае стабільны рост, а дзяржава праводзіць незалежную знешнюю і ўнутраную палітыку. Мы працягваем выбудоўваць сваю ўнікальную мадэль дзяржаўнасці і стаім на парозе рэферэндуму па ўнясенні дапаўненняў і змяненяў у Асноўны Закон краіны.
Пасля агучвання Паслання кіраўнік дзяржавы даў адказы на пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства. Трэцяй часткай мерапрыемства стаў канцэрт.