5 января — День работников социальной защиты. Работники соцслужбы несут добро и дарят заботу

Важное Общество

У кожнай прафесіі сваё прызначэнне: настаўнікі даюць веды, урачы лечаць, міліцыянеры забяспечваюць грамадскі спакой і правапарадак. Работнікі сацыяльнай службы часам спалучаюць у сабе усе гэтыя абавязкі: абараняюць, дапамагаюць і лечаць душы людзей.

— Галоўнымі рысамі характару работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з’яўляюцца міласэрнасць, спагадлівасць, дабрыня, бескарыслівасць, — гаварыла яго дырэктар Марыя Ракоўская. — Толькі людзі, надзеленыя гэтымі якасцямі, могуць затрымацца ў нас на дзясяткі гадоў.

Дырэктар ТЦСАН Марыя Ракоўская і загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома тэрытарыяльнага цэнтра Іна Ягела

На ўліку ў ТЦСАН стаяць 11 490 чалавек, з іх 3 — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і 109 — ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, 48 — пацярпелыя ад наступстваў войн, 1 590 — інваліды, 865 — адзінокія пажылыя грамадзяне і 5 438 — адзінокапражываючыя. Комплексным абслугоўваннем ахоплена 1 000 чалавек, 26 карыстаюцца паслугамі сядзелкі, у 12 сем’яў раёна наведваецца нянька (з іх у 4 сем’ях дапамагае даглядаць дзяцей-інвалідаў). У лынтупскім і пастаўскім аддзяленнях кругласутачнага знаходжання пражыва­юць 50 чалавек. Аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў наведваюць 55 людзей з інваліднасцю, аддзяленне для грамадзян пажылога ўзросту — больш за 150 чалавек.

У перыяд складанай эпідсітуацыі ТЦСАН аказвае садзейнічанне непрацаздольным адзінокім і адзінокапражываючым грамадзянам у набыцці і дастаўцы прадуктаў харчавання, тавараў першай неабходнасці, лякарстваў. Прынята і выканана амаль 300 заявак на бясплатную дастаўку.

Кіраўніцтвам цэнтра робіцца многае па ўмацаванні яго матэрыяльна-тэхнічнай базы. Праведзены бягучы рамонт у лынтупскіх аддзяленнях кругласутачнага і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Для сацыяльных работнікаў набытыя веласіпеды, спецадзенне. Для зручнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі зроблены безбар’ерны доступ ва ўсе памяшканні ТЦСАН.

Паступленні ад пазабюджэтнай дзейнасці склалі 225,8 тысячы рублёў. Расшыраны асартымент вырабляемай прадукцыі. Вялікім попытам карыстаецца пасцельная бялізна ўласнага пашыву, сувенірная прадукцыя. Ёсць попыт на паслугі па апрацоўцы прысядзібных участкаў, абкошванне прыдамавой тэрыторыі, сацыяльнае таксі. З мэтай прыцягнення дадатковых матэрыяльных сродкаў на развіццё цэнтра выкарыстоўваецца бязвыплатная дапамога. У мінулым годзе яе паступіла 36 603 рублі, у тым ліку маёмасці ад фізічных асоб на 1 975 рублёў, ад юрыдычных — на 5 162 рублі, прадуктаў харчавання ад фізічных асоб — на 5 711 і на 23 753 рублі замежнай дапамогі.

— Сумесна з міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемаразуменне» рэалізуем гуманітарны праект «Паляпшэнне якасці жыцця і падтрымка здароўя былых вязняў месцаў прымусовага ўтрымання і іншых пажылых людзей, якія нарадзіліся да 9 мая 1945 года», — працягвала Марыя Ракоўская. — Яго сума — 8 000 еўра. Праект фінансуецца нямецкім фондам «Па­мяць, адказнасць, будучыня». З мэтай аказання сацыяльнай дапамогі мнагадзетным сем’ям рэалізаваны дабрачынны праект «Сацыяльна-эканамічная падтрымка насельніцтва ў перыяд COVID-19». Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі выдзеліла 9 000 рублёў на набыццё хатняй птушкі. Свае падвор’і ёй папоўнілі 38 мнагадзетных сем’яў раёна.

Незаменныя памочнікі для адзінокіх — сацыяльныя работнікі. Для многіх прафесія стала прызваннем, справай жыцця. Да сваіх падапечных яны спяшаюцца ў любое надвор’е. Часам родныя не аказваюць такой дапамогі пажылым, як сацработнікі. Яны наво­дзяць парадак у доме, выконваюць іншую работу, прыносяць з магазіна прадукты. У афіцыйным спісе паслуг няма такой, як «выслухаць набалелае». Але без гэтага не абыходзіцца ні адзін візіт да падапечных. Дарэчы, многім пажылым людзям, акрамя як сацработніку, адкрыць душу больш няма каму. Яны тэлефануюць яму па вечарах, у выхадныя.

— Сёння работнікі сацыяльнай службы збяруцца разам у раённым Доме культуры, каб адзначыць сваё прафесійнае свята, — рэзюмавала Марыя Ракоўская. — Не абыдзем увагай і такі момант, як праект новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Асабіста мне імпануе, што прыярытэтам сацыяльнай палітыкі краіны застаецца абарона інтарэсаў простых грамадзян і падтрымка людзей, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. Асаблівая ўвага ў праекце ­ўдзелена захаванню традыцыйных сямейных каштоўнасцей, падтрымцы сем’яў з дзецьмі і моладзі, клопату дзяржавы пра пажылых людзей і інвалідаў. Гэта тое, чым займаецца наша служба. Згодная, што трэба ўвесці і сацыяльную адказнасць людзей перад грамадствам і дзяржавай. Будуць не толькі расшыраны правы, але і замацуюцца абавязкі. Трэба, каб кожны зразумеў, што Канстытуцыя — гэта не набор ільгот, а шэраг гарантый, якія даюцца нашым грамадзянам дзяржавай.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.