У пастаяннай гатоўнасці
Са словамі віншаванняў да прысутных звярнуўся начальнік РАНС Аляксей Кісель. Ён падзякаваў калегам за тое, што ў любы час сутак яны спяшаюцца на тушэнне пажараў, ліквідацыю прыродных і тэхнагенных катастроф, іншых надзвычайных сітуацый, выратаванне жыццяў і маёмасці, рызыкуючы сваім жыццём і здароўем. Найлепшыя ратаўнікі былі ўшанаваны.
Аляксандр Ясінскі — галоўны механік РАНС. Ён забяспечвае безаварыйную і надзейную работу тэхнікі і абсталявання, своечасовы і якасны іх рамонт. У яго абавязкі таксама ўваходзіць падрыхтоўка каляндарных планаў праверак, рамонту, афармленне заявак на запчасткі, інструмент. За плячыма Аляксандра 20 гадоў службы ў калектыве райаддзела.

Прафесія ратаўніка стала прызваннем і для майстра-ратаўніка Андрэя Каралёнка, хіміка-дазіметрыста Сяргея Гарошкі, вадзіцеля Аляксея Аляхновіча, старшага пажарнага Уладзіслава Красілевіча і многіх іншых.
Спецыфіка выклікаў, якія паступаюць у РАНС, у пэўнай ступені залежыць ад пары года. Але, бадай, самая распаўсюджаная надзвычайная сітуацыя — пажар. Нярэдка выязджаюць ратаўнікі на дэмеркурызацыю — выдаленне ртуці пасля пашкоджання ртутных тэрмометраў, лямп, іншых прыбораў. У летні перыяд частыя выклікі на ліквідацыю гнёздаў шэршняў у прыватных і шматкватэрных дамах.

— Галоўнае ў нашай службе — баявы настрой і прафесіяналізм, — гаварыў Аляксей Кісель. — І якой ні была б тэхніка, чалавечы фактар адыгрывае далёка не апошнюю ролю. У нашым калектыве няма выпадковых людзей. Усе дакладна разумеюць пастаўленыя перад імі задачы. Я ганаруся кожным байцом і афіцэрам, і кожнаму шчыры дзякуй за мужнасць і сілу духу!
Анна Анішкевіч