Галалёдныя траўмы ў першыя дні новага года атрымалі больш за 30 жыхароў раёна.
Навагодняе свята не парадавала зімовым надвор’ем: неба было хмарным, ішоў густы дождж. І калі ў абед 2 студзеня пасыпаў снег, усім, здаецца, павесялела: сняжынкі клаліся на дрэвы, чыстым белым пакрывалам засцілалі дарогу. У выніку ўтварыўся галалёд, які і стаў прычынай траўміравання людзей. 33 чалавекі пры няўдалых падзеннях атрымалі ўдары, вывіхі, расцяжэнні, пераломы. 5 чалавек шпіталізавана.
Дзяжурства 2 студзеня выдалася напружаным для ўрача-хірурга Яраслава Андрушкевіча. Ён аглядаў кожнага, хто паступаў у прыёмнае аддзяленне ЦРБ, састаўляў пераломы, накладваў шыны, гіпс. У рэжыме павышанай гатоўнасці працавалі рэнтгенолагі, лабаранты.
— У выпадку абвастрэння сітуацыі і павелічэння колькасці пацыентаў медыкі былі гатовыя прыйсці на дапамогу калегам, — расказваў загадчык паліклінікі Пастаўскай ЦРБ Міхаіл Петух. — Траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі людзі як старэйшага ўзросту, так і маладыя. А вось дзяцей за руку трымаў, напэўна, Дзед Мароз, бо сярод пацярпелых іх не было.
Зіма працягваецца. Сіноптыкі прагназуюць і снег, і галалёд. У такіх умовах трэба быць надзвычай уважлівымі і асцярожнымі, насіць зручны абутак і без неабходнасці не выходзіць на вуліцу. Пра сваю бяспеку трэба клапаціцца самім.
Анна Анішкевіч