Интервью. Главный государственный санитарный врач Поставского района Светлана Рассеева отмечена Благодарностью Президента

Важное Здравоохранение

Я не амбіцыйная, а мэтанакіраваная

28 снежня мінулага года ў Палацы Рэспублікі адбылася цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод найлепшым прадстаўнікам розных сфер народнагаспадарчага комплексу краіны. Сярод уганараваных была і галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Пастаўскага раёна, галоўны ўрач райЦГЭ Святлана Рассеева, якая адзначана Падзякай Прэзідэнта. З ёй — наша гутарка.

— Святлана Анатольеўна, якія ўражанні ад цырымоніі?

— Незабыўныя! Усё было вельмі хвалююча, урачыста і па-навагодняму: Дзед Мароз, Снягурка, упрыгожаная ёлка, музыка. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергіенка ад імя Прэзідэнта і ад сябе асабіста звярнуўся да нас з цёплымі словамі прывітання, падзякаваў за плённую працу, пажадаў новых поспехаў. Акрамя Падзякі, я атрымала значок, імянны га­дзіннік у залатым корпусе, шыкоўны букет.

Указ Прэзідэнта краіны аб узнагароджанні выйшаў два месяцы таму, і тое, што я ўдастоена Падзякі, стала для мяне поўнай нечаканасцю. Праўда, наша абласное кіраўніцтва запатрабавала ксеракопію пашпарта і характарыстыку. Але ці мала для чаго гэта магло спатрэбіцца…

— Як успрынялі ўзнагароду ў калектыве?

— Усе былі рады, бо гэта заслуга агульная. Тым больш прыемна, што з усіх узнагароджаных у краіне былі толькі два санітарныя ўрачы — я і мая калега з Сянно. Лічу гэта адзнакай у тым ліку за тое, што ў нашым раёне паспяхова ажыццяўляецца праект «Паставы — здаровы горад». Мы выбралі спартыўную накіраванасць, і ў гэтым напрамку робіцца многае. У добрым стане ўтрымліваюцца ранейшыя аб’екты і будуюцца новыя. У школах рэалізуецца праект «Школа — тэрыторыя здароўя», у дзяржаўным каледжы — «Захаванне рэпрадукцыйнага здароўя моладзі». На семінарах, бацькоўскіх сходах, сустрэчах у калектывах, а таксама праз сродкі масавай інфармацыі праводзім вялікую асветніцкую работу па прафілактыцы інфекцыйных захворванняў.

— Наколькі ўскладнілася работа раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ў сувязі з пандэміяй?

— Асаблівая нагрузка лягла на эпідаддзел. ПЦР-тэсты здаюць у цэнтральнай раённай бальніцы. Адтуль іх адпраўляюць на даследаванне ў лабараторыю Віцебскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Вынікі дасылаюцца нам. А мы ў сваю чаргу паведамляем медыкам пра наяўнасць захворвання ў людзей для назначэння ім лячэння, а таксама ў аддзел міліцыі райвыканкама для кантролю за выкананнем рэжыму самаізаляцыі хворых і кантактных з імі асоб. Асаблівае напружанне было на піку пандэмійных хваль — у верасні 2020-га і кастрычніку 2021-га. Тады за ты­дзень паступала да 120 станоўчых ПЦР-тэстаў, і трэба было ўсіх абзваніць, устана­віць кантакты кожнага. Працавалі да 20-21-й гадзіны, у выхадныя. Правяралі, як ва ўстановах аховы здароўя выконваюцца правілы разгортвання і работы чырвоных зон, дэзынфікавалі памяшканні. На першым часе Міністэрства аховы здароўя патрабавала ад нас дэзынфікаваць і кватэры хворых, пад’езды, установы, у якіх тыя працавалі. Але неўзабаве гэта патрабаванне адмянілі.

Хачу адзначыць супрацоўнікаў аддзела эпідэміялогіі Людмілу Сафронаву, Чаславу Крывеньку, Наталлю Клянтак, Валянціну Лашчотку, Марыну Гардзіеню, дэзынфектараў Ірыну Стануль і Алену Мацкевіч. Для апрацоўкі ачагоў прыцягвалі таксама работнікаў лабараторыі Алену Стоцік і Святлану Нікітчанку. Алена Воранава, Ірына Бабіч і Наталля Слабадзянюк шмат працавалі па выяўленні кантактных асоб. У той жа час ніхто не адмяняў нашых абавязкаў па праверцы аб’ектаў на якасць рэалізуемых прадуктаў, на ўмовы працы, якасць вады, арганізацыю харчавання ў дашкольных і школьных установах і г.д.

— Зараз напружанне зменшылася?

— У гэтыя дні ў параўнанні з кастрычнікам мінулага года захваральнасць на каранавірусную інфекцыю ў раёне знізілася ў 10 разоў. Аднак расслабляцца нельга, бо па прагнозах напрыканцы студзеня зноў чакаецца яе ўздым. Несумненна, што і ў нас з’явіцца амікрон. А як ён сябе праявіць — невядома. Таму медыкі не перастаюць сцвярджаць пра неабходнасць вакцынацыі і рэвакцынацыі. Так, у краінах Еўропы прышчэплена больш за 80% насельніцтва, а ў Беларусі — толькі 50%. Перахварэлі і маюць імунітэт 38%. А ў нашым раёне больш за 29% насельніцтва ва ўзросце старэйшым за праца­здольны. І гэтыя людзі знаходзяцца ў групе рызыкі. Сталі хварэць і дзеці, таму Міністэрства аховы здароўя дало загад аб вакцынацыі дзяцей ва ўзросце 12—17 гадоў (са згоды бацькоў).

— Святлана Анатоль­еўна, як галоўнага са­нітарнага ўрача раёна вас добра ведаюць на Пастаўшчыне. А мне хацелася б раскрыць вас і як асобу. Як прыйшлі ў прафесію?

— Мая мама і дзве цёткі — медыкі. Памятаю, што яшчэ не ха­дзіла ў школу, а ўжо з цікавасцю гартала падручнікі па медыцыне, па якіх займалася мама. Таму выбар прафесіі быў прадвызначаны з дзяцінства. Мы жылі ў Ленінградзе. Пасля заканчэння ваеннай ракетнай акадэміі ў 1968 годзе тату накіравалі слу­жыць у ракетную часць у Паставы. З таго часу жыццё нашай сям’і звязана з гэтым горадам. Сярэднюю школу я закончыла толькі з адной чацвёркай, якая не дазволіла атрымаць залаты медаль. Але гэта мяне не вельмі непакоіла. У сваіх ведах была ўпэўненая і паехала паступаць у 1-ы Ленінградскі медінстытут на спецыяльнасць «Лячэбная справа». І тут мяне скасіла напавал — недабрала балаў. Аказалася, што існавала негалосная ўстаноўка аддаваць перавагу выпускнікам з Ленінградскай вобласці, а мяне прынесла ажно з Беларусі. Вельмі перажывала. Пайшла працаваць на льнозавод і ўвесь сезон прыёмкі трасты была вагаўшчыцай. Потым уладкавалася ў рэгістратуру ЦРБ. І ўвесь гэты час настойліва рыхтавалася да паступлення. Зноў паехала ў Ленінград. Але на гэты раз дакументы падала ў санітарна-гігіенічны інстытут.

— Яго і закончылі?

— Не, на 2-м курсе выйшла замуж і перавялася ў мінскі медінстытут. Справа ў тым, што я яшчэ да паступлення пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які служыў у Паставах. Ён вельмі не хацеў, каб я ехала ў Ленінград, а пасля вяселля ўгаварыў перавесціся на вучобу бліжэй — у Мінск.

— І колькі гадоў вы ўжо ў шлюбе? Якая ў вас сям’я?

— У шлюбе з Віктарам мы ўжо 43 гады. Выхавалі дзвюх дачок. Іра закончыла сельгасакадэмію ў Горках. Жыве з сям’ёй у Паставах, працуе на прыватным прадпрыемстве юрыстам. Яна заўзятая рукадзельніца і адмысловы кулінар. Алёна — прыроджаны ветэрынар. У нас дома заўсёды былі не толькі каты, сабакі, але і вожыкі, жабкі, трытоны, галавасцікі і інш. Закончыла віцебскую ветакадэмію і акадэмію кіравання. З мужам і дзецьмі жыве ў Мінску, працуе ў прыватнай фірме па рэалізацыі кармоў для жывёлы.

— Ці падарылі вам дочкі ўнукаў?

— Ажно чацвярых! І гэта такая радасць! Першы ўнук нарадзіўся, калі мне было ўсяго 42 гады. Як магла, дапамагала дачцэ гадаваць яго. Яна яшчэ вучылася завочна, ездзіла на сесіі. А я брала водпуск і заставалася з Кірылам. Сёння ён студэнт 3-га курса Акадэміі грамадзянскай авіяцыі. Перад паступленнем Кі­рылу і другому ўнуку, Андрэю, падарыла адпачынак у Егіпце. Паляцела разам з імі. Мы ганялі на квадрацыклах, «ватрушках», «бананах». Займаліся дайвінгам, плавалі на яхце, ездзілі на экскурсію ў пустыню. Унукі радуюць поспехамі. Андрэй зай­маецца спортам і народнымі танцамі, Ілья — бальнымі. Маруська, якой яшчэ няма і шасці гадоў, таксама творчая натура: наведвала гурток спеваў, мае і іншыя захапленні.

— Чым займаецеся ў вольны ад працы час?

— Шмат чытаю. У студэнцкія гады захаплялася класікай. Зараз аддаю перавагу дэтэктывам. Любімыя аўтары — Чэйз, Агата Крысці, Данцова, Усцінава, Марыніна. Люблю гатаваць. Мае фірменныя стравы — пірагі і запечаная курыца з бульбай. Смачнымі атрымліваюцца розныя нарыхтоўкі на зіму. Ахвотна дзялюся рэцэптамі з калегамі і знаёмымі. Займаюся рукадзеллем: вырабляю сувеніры са скуры, карціны з гузікаў, кампазіцыі са штучных кветак. Апошнім часам захапілася вырабам біжутэрыі.

— Чаго чакаеце ад новага года?

— Каб нарэшце закончылася пандэмія і ўсё добра было ў сям’і. Жадаю здароўя сваёй дарагой маме і мужу, поспехаў сваім дзецям і ўнукам і, вядома ж, калегам. Няхай 2022-і будзе шчаслівым!

 Гутарыла Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.