Не абмінуў і наш раён
У пятніцу, 14 студзеня, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях разаслала грамадзянам СМС-паведамленні з просьбай быць уважлівымі і асцярожнымі з прычыны значнага ўзмацнення ветру. Чытаючы хроніку здарэнняў па рэспубліцы, можна сказаць, што ў нашым раёне вецер вялікай бяды не нарабіў. Але і не прайшоў бясследна.
З раніцы ў рэжым павышанай гатоўнасці перайшлі работнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, энергетыкі Пастаўскага РЭС, іншыя службы.

— Першыя пашкоджанні на высакавольтных лініях мы выявілі ў сярэдзіне дня, — расказваў начальнік РЭС Мікалай Ожэль. — Моцным ветрам ламаліся дрэвы і падалі на электраправады. Усяго было пашкоджана дзесяць ліній напружаннем10 кВ. Аварыйныя брыгады неадкладна выехалі на месцы аварый. На ліквідацыі наступстваў ветру працавала 6 брыгад нашага РЭС і 3 брыгады філіяла «Глыбоцкія электрасеткі». Яны рамантавалі нізкавольтныя лініі (усяго такіх заявак паступіла 47). Работы на высакавольтных ЛЭП ускладняліся тым, што абрывы выяўлялі ў лясных масівах, у цяжкадаступных месцах. Нашым работнікам даводзілася дабірацца да іх пехатой не па аднаму кіламетру. Не дабавіла тэмпаў рабоце энергетыкаў наступленне цемнаты. Пэўны час абясточанымі заставаліся некаторыя вуліцы Пастаў, Камаі, Дунілавічы, Варапаева, Лынтупы і яшчэ амаль 60 населеных пунктаў раёна. Асноўныя работы па ліквідацыі наступстваў завяршылі толькі пасля апоўначы. У суботу іх прадоўжылі. Усе спецыялісты працавалі аператыўна, за што ім вялікі дзякуй.
Работнікам ЖКГ давялося прыбіраць вывернутыя з каранямі дрэвы насупраць магазіна «Лімончык» і каля дома №10 па вуліцы Станкевіча. Моцным ветрам сарвала уцяпляльнік з фасада дома №96 па вуліцы 17 Верасня, некалькі лістоў шыферу з даху дома №15 і вадасцёкавую трубу з дома №27 па вуліцы Юбілейнай.
— З пятніцы не змаўкаюць тэлефоны ў нашых страхавых агентаў, — расказвала намеснік дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне Вольга Маслоўская. — У адных сарвала шыфер з даху, у другіх пашкодзіла полікарбанатныя цяпліцы, альтанкі, арэлі. Спецыялісты выехалі па ўказаных адрасах. Афармляюцца неабходныя дакументы, і пацярпелыя атрымаюць кампенсацыю.
А на лынтупскай метэастанцыі тым часам зноў прагназуюць узмацненне ветру да 25 метраў у секунду. Будзьце асцярожныя!
Анна Анішкевіч