На молочном заводе завершается ремонт сельхозтехники, предназначенной для проведения весенних полевых работ

Сельское хозяйство

Да вясны гатовыя

На малочным заводзе завяршаецца рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, прызначанай для правядзення веснавых палявых работ.

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2021 года «Аб мерах па падрыхтоўцы да палявых работ, стварэнні трывалай кармавой базы і ўборцы ўраджаю ў 2022 годзе», гатоўнасць сельгас­тэхнікі да 25 сакавіка гэтага года павінна складаць 95%. Тэхніка, прызначаная для нарыхтоўкі травяністых кармоў, павінна быць адрамантавана да 13 мая.

За рамонтам культыватара — Мікіта Андрушкевіч, Аляксандр Камянецкі і Дзмітрый Невяроўскі

Сельскагаспадарчая тэхніка малочнага завода да сяўбы практычна гатовая ўжо сёння. Тут на набыццё запчастак своечасова знайшлі фінансавыя сродкі, а механізатары прыклалі максімум намаганняў, каб у сціслыя тэрміны правесці рамонт. Тэхнічны парк завода налічвае 30 трактароў (7 з іх — «Кіраўцы», 4 — «Беларусы-3522»), 3 10-корпусныя плугі, 5 культыватараў, 2 11-метровыя бараны, 3 6-метровыя сеялкі (1 з іх, «Бярэсце», купілі летась). У мінулым годзе тут набылі 2 пнеўматычныя сеялкі для пасеву кукурузы «Прэцыса». Ёсць 2 зернеўборачныя камбайны New Hollan і «Ягуар-850» для корманарыхтоўкі.

З намеснікам дырэктара Пастаўскага малочнага завода па сельскай гаспадарцы Аляксандрам Навіцкім ідзём па тэрыторыі мехмайстэрняў. На лінейцы гатоўнасці стаяць энерганасычаныя трактары з плугамі, «Беларусы», культыватары, дыскатары, сеялкі.

Анатолій Пронька і Валерый Пупкевіч рамантуюць плугі

— Дыягностыку і дэфектоўку тэхнікі механізатары з механікамі правялі адразу пасля завяршэння асенніх сельскагаспадарчых работ, — расказваў Аляксандр Навіцкі. — Вызначылі, якія запчасткі трэба набыць, і падалі заяўку ў аддзел забеспячэння. Па тэндары закупілі неабходнае. У снежні мінулага года рамонтныя работы ішлі поўным ходам. Кожны механізатар у першую чаргу рыхтуе тую тэхніку і агрэгаты, на якіх будзе працаваць у полі. Той, хто справіўся з запланаваным аб’ёмам работ, пайшоў у чарговы водпуск. Астатнія завяршаюць рамонт і таксама паспеюць адпачыць да пачатку напружанага сезона.

У адным з ангараў рамантуюць плугі Валерый Пупкевіч і Анатолій Пронька.

— Усе запчасткі — у наяўнасці, — гаварылі механізатары. — Нам застаецца толькі якасна іх замяніць. У гэтым мы зацікаўленыя: як адрамантуем, так тэхніка нам і паслужыць. Працаваць прадукцыйна стымулюе акордная сістэма аплаты працы.

Каля сеялкі — Леанід Насыр

На днях плугі і дзве сеялкі даставілі на завод для рамонту з ААТ «Янавіца-агра». За рамонтам 6-метровай сеялкі мы засталі Леаніда Насыра. Ён уладкаваўся сюды амаль год назад. Да гэтага працаваў у Відзаўскім сельскагаспадарчым каледжы. Тэхніку ведае, старанны. Мінулай восенню Леанід сеяў азімыя. На яго рахунку — 1 000 гектараў. Пры тым, што сеялка, якой 12 гадоў, часта ламалася. Калі сяўбу завяршыў, заняўся рамонтам пасяўнога агрэгата. Разабраў поўнасцю, сваімі рукамі перабраў кожны вінцік, замяніў запчасткі.

Васілій Чабуранаў рамантаваў энерганасычаны трактар. На чарзе — культыватар. Ім пакуль зай­маюцца маладыя механізатары Мікіта Андрушкевіч, Аляксандр Камянецкі і Дзмітрый Невяроўскі. Мікіта працаваў на льнозаводзе, затым служыў у арміі, пасля ўладкаваўся на малочны завод. Саша і Дзіма прыйшлі на прадпрыемства мінулай восенню пасля заканчэння дзяржкаледжа. Асвойваюць тэхніку на практыцы ім дапамагаюць інжынер-механік Максім Чагарын і вядучы інжынер-механік Мікалай Сварцэвіч.

Усю тэхніку на заводзе рамантуюць уласнымі сіламі. За старанную працу кіраўніцтва прадугледзела бонусы работнікам, пастаянна іх заахвочвае. Для іх адпачынку і абеду ў мехмайстэрнях прадпрыемства абуладкаваны спецыяльныя пакоі. У ангарах устаноўлены печкі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.