Не бывает ненужных знаний — считает студент Полоцкого госуниверситета Максим Высоцкий

Образование

Не бывае непатрэбных ведаў

Так справядліва лічыць студэнт Полацкага дзяржуніверсітэта Максім Высоцкі і вучыцца на выдатна.

У мінулую сесію, якая завяршылася 21 студзеня, ён, студэнт чацвёртага курса факультэта камп’ютарных навук і электронікі ПДУ, абараняў 3 курсавыя работы і здаваў 5 экзаменаў. У выніку залікоўка папоўнілася васьмю дзясяткамі. Пра адну з іх Максім расказваў з усмешкай: «Абараняў курсавую па эканоміцы. Як заўсёды, адказваць выклікаўся першым з групы. Экзаменатар бачыла нас усяго другі раз. Тэму я ведаў добра, матэрыял у курсавой раскрыў цалкам, адказваў упэўнена. Тым не менш атрымаў 9. Але калі здала ўся група і выкладчык параўнала ўзровень ведаў, прызнала сваю неправату і выправіла адзнаку на найвышэйшы бал».

Згадзіцеся, такое бывае нячаста. Але Максім заслужыў такія адносіны да сябе. Яго прозвішча ўнесена ў банк даных адоранай моладзі, фотаздымак змешчаны на ўніверсітэцкай Дошцы гонару, атрымлівае імянную стыпендыю, прэтэндуе на чырвоны дыплом.

Пытаюся ў юнака, дзякуючы чаму ён дабіваецца такіх высокіх вынікаў у вучобе: прыроджаным здольнасцям або ўседлівасці. «І таму, і другому, — чую ў адказ. — Мне заўсёды цікава вучыцца, і я не шкадую на гэта часу. Не разумею тых, хто кажа, маўляў, навошта ва ўніверсітэце філасофія, сацыялогія, паліталогія і г.д., выкладалі б толькі профільныя дысцыпліны. Мая любімая фраза: непатрэбных ведаў не бывае! Чым больш ведаеш, тым большага зможаш дабіцца ў жыцці. Папаўняецца багаж ведаў — расшыраецца і сфера інтарэсаў, шырэйшым і цікавейшым становіцца кола зносін».

А цяга да іх зараджаецца, безумоўна, са школьных гадоў. 9 класаў Максім закончыў у Навасёлкаўскай СШ. З удзячнасцю ўспамінае настаўніка фізікі Віктара Цярэнцьевіча Снапка і класнага кіраўніка, які выкладаў хімію, Сяргея Леанідавіча Шарыпкіна. Кажа, што яны не толькі прафесійна даносілі вучням веды, але і пашыралі іх кругагляд, вучылі жыццю. У 10 і 11 класах займаўся ў пастаўскай СШ №5. Успамінае, што ніколькі не разгубіўся, трапіўшы з сельскай школы ў гарадскую. Наадварот, было цікава з новымі настаўнікамі і аднакласнікамі. Атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымаў з адзнакай.

Аднак вернемся да студэнцтва. Непрыкметна праляцелі гады вучобы ва ўніверсітэце. У красавіку ўжо чакае размеркаванне, у чэрвені — абарона дыплома. Як і кожны выпускнік, Максім хвалюецца, куды трапіць. Пасля цяперашніх канікулаў паедзе на два тыдні ў Мінск на вытворчую практыку ў самую прэстыжную ўстанову энергетыкі — ААТ «Белэлектрамантажналадка». Раней практыку праходзіў у раёне электрасетак у Паставах. Выкладчыкі агітуюць таленавітага студэнта пайсці навуковай дарогай, пачаўшы стажорам на кафедры. Ужо ёсць некаторы вопыт. Летась удзельнічаў і быў адзначаны ў рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ студэнтаў. Ва ўніверсітэце неаднаразова замяняў выкладчыка і чытаў лекцыі студэнтам. Акрамя таго, вёў факультатыў з вучнямі малодшых класаў, працаваў у прыёмнай камісіі. Аднак канчатковага рашэння ў выбары далейшага шляху яшчэ не прыняў.

«Пакуль адпачываю, — расказваў. — Узяў напракат лыжы і, калі дазваляе надвор’е, катаюся на іх. Стараюся падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме. Ва ўніверсітэце любіў гуляць у футбол, валейбол». Але калі я зайшла да Максіма дадому, убачыла, што ён не адпачывае, а рашае нейкую тэхнічную галаваломку. «Што канкрэтна робіш?» — стала дапытвацца, каб мець хоць якое-небудзь уяўленне пра яго занятак. Аказалася, што выкладчык універсітэта папрасіў студэнта сабраць лабараторны стэнд, дзе мікрапрацэсарнае рэле будзе ўключаць або выключаць пэўную электранагрузку ў аварыйных сітуацыях.

Не сумняваюся, што і гэта атрымаецца ў Максіма, бо ён ва ўсім — максімаліст.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.