ОАО «Хотилы-агро» — одно из крупнейших в районе и области производителей молока, мяса, зерна

Сельское хозяйство

Курс – на прыбытак

ААТ «Хацілы-агра» — адно з найбуйнейшых у раёне і вобласці вытворцаў малака, мяса, збожжа. У мінулым годзе за дасягнутыя поспехі калектыву аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а ў падарунак гаспадарка атрымала трактар «МТЗ-1221».

Складана, але рэальна

У адкрытым акцыянерным таварыстве працуюць звыш 200 чалавек. Гэта механізатары, жывёлаводы, спецыялісты. З 1999 года яго ўзначальвае Вячаслаў Крыштафовіч (а працуе тут з 1983-га). Вядома, што ад кіраўніка залежыць вельмі шмат. Усе дасягненні, узнагароды — несумненная заслуга дырэктара.

— Мінулы год для нашай гаспадаркі, як і для іншых у рэспубліцы, быў не вельмі спрыяльным, — расказвала намеснік дырэктара па эканоміцы ААТ «Хацілы-­агра» Ганна Шубелька. — Свае карэктывы ў работу ўнесла пандэмія, дажджлівая вясна, потым — засушлівае лета, рост цэн… Тым не менш пастараліся зрабіць усё магчымае, каб дасягнуць тых вынікаў, з якімі завяршылі год. З гектара намалацілі ў сярэднім 45,6 цэнтнера зерня, план яго продажу дзяржаве выканалі на 110%. Трымаць планку лідарства складана, але рэальна. Сельская гаспадарка — гэта такі бізнес, які немагчыма перапрафіляваць: кожны год трэба пачынаць і заканчваць ланцужок пэўных работ строга па тэхналогіі. Гэта датычыць як раслінаводства, так і жывёлагадоўлі. Ацэнка нашай работы — фінансавыя вынікі.

На новым малочнатаварным комплексе ў Волахах

Каб зямля давала аддачу, неабходна яе якасна апрацоўваць, засяваць палі насеннем высокай якасці, своечасова і ў дастатковай колькасці ўносіць мінеральныя ўдабрэнні, арганіку, сродкі аховы раслін, укараняць у работу сучасныя тэхналогіі. Усё гэта ў Хацілах выконваецца. Дырэктар неаднаразова бываў за мяжой, наведвае перадавыя гаспадаркі вобласці, рэспублікі, пераймае іх вопыт. Прафесіяналы сваёй справы — механізатары. Яны працуюць на энерганасычаных трактарах, добрасумленна выконваюць свае абавязкі, таму на хацілаўскіх палях заўсёды ро­дзяць зерневыя, растуць густыя травы.

Перспектывы жывёлагадоўлі

«Хацілы-агра» — гэта 7,5 тысячы гектараў сельгасугоддзяў, 5 817 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 1 816 — каровы. Пагалоўе за апошнія 5 гадоў павялічылася тут у 1,5 раза. Стратэгічная прадукцыя — малако, ад якога залежыць эканоміка гаспадаркі. 67% ад усёй выручкі — за малако. На малочны завод кожны дзень сельгаспрадпрыемства адпраўляе больш за 36 тон малака, і ўсё яно сорту «экстра».

Каб мець «вялікае» малако, трэба стварыць для жывёлы адпаведныя ўмовы ўтрымання, забяспечыць яе збалансаванымі кармамі. Сёлета на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 31,8 цэнтнера кармавой адзінкі. Запасу кармоў хопіць на паўтара года. Ёсць свой цэх, дзе па розных рэцэптах вырабляюць камбікорм. З 2010 года ў гаспадарцы функцыянуе рабатызаваная ферма на 900 галоў. У канцы 2020-га пабудавалі сучасны малочнатаварны комплекс: гэта 3 памяшканні для ўтрымання дойных кароў, памяшканне для кароў у запуску, прафілакторый на 200 цялят, малочны блок. Фарміраванне статка на комплексе вялося на працягу ўсяго мінулага года. Цяпер тут знаходзіцца амаль 2 000 галоў буйной рагатай жывёлы. Сярэдні надой ад каровы за год склаў больш за 9 000 літраў малака. Некаторыя за суткі даюць па 40-42 літры. Валавы надой за 5 гадоў павялічыўся ў 1,5 раза.

 

— За гэтымі лічбамі — напружаная праца спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны, якія шмат увагі ўдзяляюць селекцыі, праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы па захаванні статка, працуюць над павелічэннем яго прадукцыйнага даўгалецця, — працягвала Ганна Мар’янаўна. — Немалаважную ролю адыгрывае старанне аператараў машыннага даення. Згодна з бізнес-планам, новы комплекс павінен акупіцца за 12 гадоў. А па нашых падліках, тэрмін скароціцца ледзь не напалову.

На тэрыторыі гаспадаркі пакуль застаюцца неперспектыўнымі фермы ў Целяках і Хацілах. Таму ў планах кіраўніцтва — будаўніцтва дзвюх сучасных. Калі іх узвядзенне ўключаць у праграму дырэктыўнага крэдытавання, якое ажыццяўляе Банк развіцця Рэспублікі Беларусь, то к канцу бягучага года ў Хацілах распачнуць ажыццяўленне задуманага. На старых фермах запланавана рэканструкцыя для  беспрывязнога ўтрымання там маладых быкоў і цялушак. У перавазе такога спосабу ўтрымання жывёлы ўпэўніліся на ўласным вопыце: сярэднясутачныя прывагі маладняку складаюць амаль кілаграм (на звычайных фермах — каля 600 грамаў).

Стабільнасць і ўпэўненасць

— Якімі б сучаснымі ні былі фермы, тэхналогіі, не абысціся без рабочых рук, — гаварыла Ганна Шубелька. — Работа вяскоўцаў не з лёгкіх. Таму стараемся за­ахвочваць іх матэрыяльна. Сярэдняя зарплата жывёлаводаў складае каля 1 600 рублёў за месяц. Механізатары ў сезон напружаных сельскагаспадарчых работ атрымліваюць да 3 000 рублёў. Па гаспадарцы за год сярэдняя заработная плата — 1 400 рублёў. Згодна з калектыўным дагаворам, ёсць поўны сацыяльны пакет. З сакавіка па кастрычнік хлебаробаў, пастухоў, жывёлаводаў комплексу забяспечваем амаль бясплатнымі якаснымі абедамі. Усе работнікі застрахаваныя ад няшчасных выпадкаў. Штогод рыхтуем падарункі да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, Новага года. Аказваем матэрыяльную дапамогу, калі ў чалавека здарыцца бяда. Віншуем юбіляраў, маладажонаў, маладых бацькоў. Прадугледжана бясплатная апрацоўка прыся­дзібных участкаў.

Аператар рабатызаванай фермы Іна Таяновіч
У даільнай зале аператары Іна Маціеўская і Святлана Малец

У ААТ «Хацілы-агра» ствараюць усе ўмовы для камфортнай работы і жыцця, праведзены прыродны газ. Пабудаваны два 12-кватэрныя дамы з выгодамі. За кошт сродкаў гаспадаркі кожны год абнаўляецца яе машынна-трактарны парк, мадэрнізуюцца вытворчыя памяшканні. Сёлета запланавана правесці рэканструкцыю зернесушыльнага комплексу. Дзякуючы ўсяму гэтаму няма цякучасці кадраў. Для чалавека вельмі важныя стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. І кіраўніцтва ААТ «Хацілы-агра» робіць для гэтага ўсё.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.