Посмотрели, как весело проводят время на льду дети и взрослые

Важное Общество

Зарад бадзёрасці і адрэналіну атрымліваюць тыя, хто ў гэтыя дні бавіць вольны час на катках.

Яны сёлета залітыя на стадыёне каля СШ №1 і ля малочнага магазіна па вуліцы Юбілейнай, у мікрараёне 5 гарадка, рыхтуецца пляцоўка ў 6 гарадку. Асабліва ажыўлена тут бывае вечарамі. Збіраецца шмат школьнікаў і дарослых, якія гуляюць у хакей. Дзяўчынкі спрабуюць сябе ў якасці фігурыстак. Прыязджаюць на каткі і сем’ямі.

16 гадзін. Каля першай школы каток пакідаюць мама з васьмігадовай дачкой. А выкладчык фізкультуры Аляксандр Бандарэнка паказвае майстар-клас сваёй дачцэ і яе сяброўцы. Дзяўчынкі паўтараюць за ім элементы катання. Настрой ва ўсіх цудоўны. Назіраць за імі — адно задавальненне.

Дырэктар школы Валерый Каліцкі, падышоўшы, зазначае: «Ранавата прыехалі. Пасля заканчэння рабочага дня тут будзе сапраўдны фестываль».

Вечарам накіравалася на каток каля пляцоўкі з трэнажорамі ля новабудоўляў вуліцы Юбілейнай. Невысокі хлопчык, седзячы на бардзюры, абувае канькі. Яму не адразу ўдаецца іх зашнураваць. Бацька цярпліва назірае за працэсам і тлума­чыць мне: «Максім — другакласнік. Стаць на канькі хацеў даўно. Вырашылі ажыццявіць яго мару. Восенню вазілі ў Лядовы палац у Маладзечна. На лёдзе хутка стаў трымацца ўпэўнена. Добра, што нарэшце мароз і ёсць магчымасць пакатацца на месцы. Мы жывём побач».

— Дзякуючы катанню на каньках дзеці менш часу праводзяць за гаджэтамі, — падключаецца да размовы тата двух сыноў-пагодкаў. — Я ім шмат расказваў пра сваё дзяцінства, калі зімы былі снежнымі і марознымі і мы з аднакласнікамі ўвесь вольны час праводзілі на свежым паветры: хадзілі на лыжах у лес, каталіся з гары. А як азартна гулялі ў хакей! У вялікіх гарадах, дзе ёсць каткі ў закрытых памяшканнях, дзецям лягчэй асвоіць канькі. А нам на перыферыі прыходзіцца разлічваць толькі на марознае надвор’е.

— Я таксама заўтра прыйду сюды вучыцца катацца на каньках, — не прамінае пахваліцца сябар братоў. — Мама абяцала ўзяць канькі напракат.

Заглянула і я ў пункт пракату спартыўнага інвентару, размешчаны па вуліцы Чырвонаармейскай, 15 (будынак РКБА, уваход з двара). Цюбінгі, лыжы, канькі выбіралі выхаванцы аддзялення вольнай барацьбы ДЮСШ. Хлопчыкі, даведаўшыся, што я з раённай газеты, пачалі расказваць пра сябе. Кірыл Грыб вучыцца ў 4 класе СШ №2 імя Н. М. Асяненкі. На каньках катаецца з 5 гадоў, а навучылі гэтаму дзядуля з бабуляй, якія жывуць у мікрараёне 6 гарадка. Кірыл захапляецца яшчэ і танцамі, шмат чытае пра космас. На каток часта ходзіць разам з бацькамі.

Сяброўкі Ліза Плотнікава і Злата Турла, радасныя, з румянымі шчокамі, якраз здавалі канькі і ахвотна дзяліліся са мной станоўчымі эмоцыямі.

— Я сёння першы раз стала на канькі, — гаварыла Ліза. — Злата — выдатны трэнер, і я паехала. Атрымала такое задавальненне!

— Катаюся з гадоў пяці, — патлумачыла Злата. — Не кожную зіму ўдавалася наталіцца гэтым відам спорту. Сёлета не ўпускаю шансу. Каталіся каля першай школы. Людзей там пакуль мала, таму ёсць дзе разагнацца, уявіць сябе фігурысткамі.

Пункты пракату спартыўнага інвентару працуюць таксама на ФАКах па вуліцы Савецкай і ў 5 гарадку. Пракат канькоў на суткі каштуе 5 рублёў, на 2 гадзіны — 2 рублі.

— На ФАКу ў 5 гарадку ёсць станок для завострывання канькоў, — расказваў начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Врублеўскі. — Паслуга запатрабаваная. Яе кошт — 4 рублі за пару. Шкада, што пакуль зусім мала снегу і прастойваюць лыжы. Але зіма ў разгары, і хочацца спадзявацца, што аматарам актыўнага і здаровага ладу жыцця яна яшчэ падорыць зарад бадзёрасці і адрэналіну.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.