Кормяцца ў творчай абстаноўцы
12—13 студзеня ў лынтупскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН прайшла дабрачынная акцыя «Кармушкі для птушкі».
Падчас яе работнікі і пастаяльцы аддзялення вырабілі для крылатых сяброў больш за дзясятак «сталовак», якія адразу ж развесілі на дрэвы на вялікай добраўпарадкаванай тэрыторыі ўстановы.
— Такую акцыю мы правялі ўпершыню, — расказвала загадчыца аддзялення Надзея Гатоўская. — У нашым калектыве працуе шмат творчых людзей, якія з задавальненнем уключыліся ў працэс вырабу кармушак. Падтрымалі ініцыятыву і нашы падапечныя. У якасці будаўнічага матэрыялу выкарысталі льняную тканіну, гарбуз, кардон і папяровую лазу. Каб домікі не размоклі, пакрылі іх лакам. Агульная добрая справа яшчэ больш з’яднала ўсіх, хто жыве і працуе ў аддзяленні.
У меню для птушак — зерне, хлеб, семкі. Яны задаволеныя асартыментам і прылятаюць сюды падсілкавацца ўсё часцей. І тым самым радуюць усіх удзельнікаў акцыі, якія з замілаваннем назіраюць за крылатымі сябрамі.
Іна Сняжкова