З віншаваннямі і падарункамі наведаўся на жывёлагадоўчыя фермы раёна старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Катовіч.
Аператары машыннага даення фермы «Хацілы» ААТ «Хацілы-агра» толькі завяршылі дойку і збіраліся дадому. Галоўны заатэхнік гаспадаркі Сяргей Хацяновіч папрасіў затрымацца, бо з хвіліны на хвіліну да іх павінен быў завітаць …Дзед Мароз. Прафсаюзны лідар прыехаў з тартамі, цукеркамі. Святочнаму настрою спрыяла прыгожая ёлачка, устаноўленая ў пакоі адпачынку.
— Работнікаў раслінаводства мы ўшаноўваем на пасяўной, корманарыхтоўцы, жніве, — гаварыў Васілій Катовіч. — А вось жывёлаводам, на маю думку, удзяляем менш увагі. Таму перад Новым годам вырашыў аб’ехаць фермы, павіншаваць людзей са святамі, падзякаваць за тыя вынікі, якіх яны дабіваюцца. Заадно — пацікавіцца ўмовамі працы, адпачынку, выкананнем правілаў тэхнікі бяспекі, працоўнага заканадаўства, узроўнем заработнай платы.

У Хацілах працуюць 5 аператараў машыннага даення. Інга Качынская ў гэтыя дні адпачывае ў чарговым водпуску, а замяняе яе Вольга Кірылкіна. Ларыса Чубенка дала выхадны адной з найлепшых аператараў фермы — Аксане Руткоўскай. Радуюць надоі ў групе Алены Нікалаевай.
Маленькіх цялят шмат гадоў даглядае Наталля Барышава. Гэта справа вельмі клопатная. Але жанчына пастаянна дабіваецца нядрэнных сярэднясутачных прываг маладняку.
Загадвае фермай Веніямін Буча. Ён — мясцовы. Па накіраванні гаспадаркі закончыў Лужаснянскі аграрны каледж. Паўтара месяца назад у гаспадарку ўладкаваўся ветурач Ягор Тайдар. Ён закончыў Віцебскую дзяржаўную ветакадэмію і папоўніў рады маладых спецыялістаў ААТ «Хацілы-агра».
— З большасці ферм гаспадаркі каровы пераведзены на новы малочнатаварны комплекс, — гаварылі прысутныя. — Там і ўмовы ўтрымання жывёлы добрыя, і паказчыкі ў рабоце аператараў у разы большыя. Спадзяёмся, што ў перспектыве пабудуюць яшчэ адну сучасную ферму і мы там будзем працаваць.
Жывёлаводы дзякавалі старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілію Катовічу за ўвагу, віншаванні і салодкія падарункі.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара