Максімальна задавальняюць патрэбы кліентаў
Работнікі Цэнтра банкаўскіх паслуг №230 ААТ «ААБ Беларусбанк» у Паставах здольныя прапанаваць сваім кліентам практычна любую банкаўскую паслугу. Рэжым работы ўсіх трох аддзяленняў максімальна набліжаны да патрэб насельніцтва раёна. 4 банкаматы і столькі ж інфакіёскаў абслугоўваюць каля 18 тысяч трымальнікаў плацежных карт ЦБП, а ўсяго іх выпушчана каля 20 тысяч. Пры гэтым за год колькасць карт павялічылася больш чым на 700 штук.
У банку маюцца клубныя прапановы для розных катэгорый кліентаў. У 2021 годзе ў Дзень ведаў запушчаны ўнікальны дзіцячы прадукт — Клуб «Z-клас», які дазваляе аформіць дэбетавую картку «БЕЛКАРТ-ПРЭМІУМ» для дзяцей з 6 гадоў. І пастаўчане ўжо пачалі яе заказваць.

Для абслугоўвання трымальнікаў плацежных карт Беларусбанка больш чым у 200 дзяржаўных і прыватных арганізацыях гандлю і сэрвісу Пастаўшчыны ўстаноўлена тэрмінальнае абсталяванне, на якім можна разлічвацца за тавары і паслугі без спагнання камісійнага ўзнагароджання. Ва ўмовах няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі ў рэспубліцы значна павысілася важнасць дыстанцыйных каналаў абслугоўвання ў рабоце як з фізічнымі, так і з юрыдычнымі асобамі. Створаная банкам інфраструктура паслуг дазваляе кліентам ажыццяўляць шырокі спектр аперацый без наведвання яго аддзяленняў — з дапамогай устройстваў самаабслугоўвання і сэрвісаў «Інтэрнэт-банкінг» і «М-банкінг», развіццю якіх зараз надаецца асаблівая ўвага.
У 2021 годзе Беларусбанк укараніў новы сэрвіс па папаўненні ў інфакіёсках з функцыяй cash-in рахункаў, доступ да якіх забяспечаны з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных карт, замежнай валютай — доларамі ЗША, еўра і расійскімі рублямі. Гэты сэрвіс з’яўляецца альтэрнатывай валютна-абменным аперацыям у касах установы. З мэтай рацыянальнага планавання часу ў кліентаў з’явілася магчымасць скарыстацца паслугай «Папярэдні запіс на банкаўскае абслугоўванне». Ён ажыццяўляецца на карпаратыўным сайце банка.
Таксама Беларусбанк працягвае ўдзельнічаць у рэалізацыі дзяржаўнай жыллёвай праграмы. Пры дапамозе яго крэдытаў і з дзяржаўнай падтрымкай летась на Пастаўшчыне свае жыллёвыя ўмовы палепшылі 49 сем’яў, у тым ліку 36 шматдзетных. Некаторыя грамадзяне набылі жыллё, скарыстаўшыся новым банкаўскім крэдытным прадуктам «Іпатэка Экспрэс». Пытанне аб выдачы гэтага крэдыту разглядаецца ў кароткі тэрмін, а атрымальнік падае ў банк мінімальны пакет дакументаў. Па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў раёна «Сістэма будаўнічых зберажэнняў», з дапамогай якой можна будаваць, рэканструяваць і купляць жылыя памяшканні як на першасным, так і на другасным рынку ў любым населеным пункце Рэспублікі Беларусь незалежна ад месца рэгістрацыі фізічнай асобы.
Адным словам, работнікі ЦБП №230, як і іх калегі па ўсёй рэспубліцы, стараюцца максімальна задаволіць бягучыя патрэбы сваіх кліентаў, абслужыць іх на самым высокім узроўні.
Алена Шапавалава. Фота аўтара