ТЦСОН провёл диалоговую площадку на тему «Актуальные вопросы социальной инклюзии инвалидов»

Общество

Розныя – роўныя

У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН прайшла дыялогавая пляцоўка на тэму «Актуальныя пытанні сацыяльнай інклюзіі інвалідаў».

На яе сабраліся людзі з абмежаванымі магчымасцямі, бацькі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, пажылыя лю­дзі. Спачатку пра сістэму дзяржаўнай дапамогі, сацыяльныя паслугі і выплаты інвалідам, стварэнне ўмоў для іх інтэграцыі ў грамадства, забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі расказала загадчыца аддзялення для інвалідаў ТЦСАН Вольга Гінько. Затым яна спынілася на праекце Канстытуцыі. Асаблівую ўвагу засяродзіла на 47-м артыкуле, у які ўнесена дапаўненне: «Інвалідам забяспечваюцца роўныя магчымасці для ажыццяўлення правоў і свабод чалавека і грамадзяніна».

Вікторыя Малалетняя кансультуецца з Таццянай Багушэвіч

— Нягледзячы на тое, што ў існуючай Канстытуцыі няма ні слова пра людзей з інваліднасцю, у Беларусі гэтай катэгорыі насельніцтва заўсёды ўдзялялася вялікая ўвага, — адзначыла Вольга Гінько. — Дзяржава рэалізуе палітыку сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў, паляпшае якасць іх жыцця, падтрымлівае сем’і з інвалідамі. Тыя, хто мае праблемы са здароўем, ніколі не заставаліся сам-насам са сваёй бядой.

У раёне пражываюць амаль паўтары тысячы інвалідаў. З іх 297 чалавек маюць I групу інваліднасці, 601 — II і амаль столькі ж — III, дзяцей-інвалідаў — 135. Такім людзям у нашай краіне гарантавана сацыяльная падтрымка ў выглядзе пенсій, дапамог, розных ільгот і паслуг. Тым не менш праблемы ўзнікаюць. І дыялогавая пляцоўка — гэта магчымасць яшчэ раз пачуць тых, хто мае патрэбу ў клопаце з боку дзяржавы.

43-гадовая Вікторыя Малалетняя — інвалід II групы. Доўгі час пражывала ў Дунілавіцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце. У снежні 2020-га адноўлена ў дзея­здольнасці. З верасня мінулага года працуе кухоннай рабочай у доме-інтэрнаце, а пражывае ў арэндным жыллі. Яна цікавілася, ці можа яго прыватызаваць. На жаль, заканадаўствам прыватызацыя арэнднага жылля пакуль не прадугледжана.

Марта Красоўская гутарыць з Марыяй Ракоўскай, Алегам Дарафеевым і Вольгай Гінько

Марта Красоўская выхоўвае дзіця, у якога праблемы са слыхам. Жанчына хацела б атрымаць матэрыяльную дапамогу на набыццё слыхавога апарата замежнай вытворчасці. Ёй патлумачылі: гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі ўрачы дадуць заключэнне, што дзіця мае патрэбу менавіта ў такім апараце.

Луцыя Пупкевіч — прыёмная мама двух хлопчыкаў-інвалідаў, адзін з якіх нават не размаўляе. Жанчына мяркуе, што ў яго праблемы са зрокам, а як гэта праверыць, не ведае. У вызначаны час ёй назначылі кансультацыю ўрача-афтальмолага цэнтральнай раённай бальніцы.

Людміла Шкелка папрасіла растлумачыць, хто можа карыстацца «сацыяльным таксі», а Мікалай Шорац цікавіўся пра паслугі лагапеда для сына-інваліда.

Аксана Дробышава — спецыяліст кол-цэнтра ТЦСАН. Яна працуе з катэгараванымі грамадзянамі: выслухоўвае іх праблемы па тэлефоне і адрасуе адпаведным службам. Некаторыя пытанні, якія паступаюць ад грамадзян, агучыла перад прысутнымі.

На дыялогавай пляцоўцы вырашалася нямала розных пытанняў. Падрабязныя адказы на іх і тлумачэнні давалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч і начальнік аддзела назначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва гэтага ўпраўлення Таццяна Багушэвіч, дырэктар ТЦСАН Марыя Ракоўская і спецыялісты цэнтра, дырэктар Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Алег Дарафееў.

Пасля заканчэння мерапрыемства кожны з прысутных меў магчымасць атрымаць індывідуальную кансультацыю.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.