Учащаяся гимназии Лиза Афанасьева — победительница областного этапа республиканской олимпиады по географии

Главное Образование

Пакарыла новую вяршыню

Навучэнка Пастаўскай гімназіі Ліза Афанасьева стала пераможцай абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Яна адзіная з пастаўскіх школьнікаў вярнулася з трэцяга «раўнда» прадметных алімпіяд з дыпломам І ступені. У гэтым вялікая заслуга яе настаўніка — вядомага пісьменніка і краязнаўца Ігара Пракаповіча, які не першы год паспяхова рыхтуе да інтэлектуальных спаборніцтваў сваю адораную вучаніцу.

У абласной алімпіядзе Ліза ­ўдзельнічала не ўпершыню. У 2019-м і 2020-м яна таксама прывозіла з Віцебска дыпломы, толькі тады яны былі ІІ ступені. А летась стала пераможцай.

— Сёлета шлях да поспеху быў куды больш складаным, — расказвала Ліза Афанасьева, якая ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі. — Раней у алімпіядзе было больш заданняў са школьнай праграмы. Цяпер жа нямала пытанняў пераклікаліся з сумежнымі з геаграфіяй навукамі — біялогіяй, экалогіяй і іншымі. Яны не былі простымі, таму на дыплом пераможцы асабліва не разлічвала. У многім яшчэ і таму, што канкурэнцыя была больш чым сур’ёзнай: многія «сапернікі» вучацца ў віцебскіх школах і гімназіях.

Ліза Афанасьева з настаўнікам Ігарам Пракаповічам

Але тым больш важкай аказалася перамога. Колькі часу, намаганняў у яе ўкладзена, ведаюць толькі Ліза Афанасьева і яе настаўнік. У тандэме з Ігарам Міхайлавічам яны плённа працуюць ужо шосты год. За гэты час гімназістка неаднойчы праявіла свае трывалыя веды па геаграфіі: паказвала найлепшыя вынікі па прадмеце ў раёне і ўжо ў 7 класе годна выступала на абласной алімпіядзе за 9 клас.

Мінулым летам Ліза была запрошаная ў Нацыянальны дзіцячы цэнтр «Зубраня», дзе праводзіліся заняткі для патэнцыяльных удзельнікаў міжнароднай алімпіяды па геаграфіі. Неаднаразова ўдзельнічала і ў абласных, рэспубліканскіх адукацыйных зборах, якія арганізуюцца для ўдзельнікаў заключных этапаў алімпіяд. Там лекцыі для школьнікаў чытаюць выкладчыкі беларускіх ВНУ, даючы па прадметах шмат актуальнай, самай сучаснай інфармацыі.

— Сакрэт поспеху Лізы адзін — настойлівасць, настойлівасць і яшчэ раз настойлівасць, — перакананы Ігар Пракаповіч. — Яна настойліва працуе з картамі, кнігамі і іншымі крыніцамі інфармацыі. Пры гэтым сапраўды апантаная вучобай, а таму не страчвае да яе інтарэс. Ліза паступова і мэтанакіравана рухаецца да новых ведаў. А гэтыя рысы найлепшыя памочнікі не толькі ў вучобе, але і ў любым іншым пачынанні.

Многа карысных, цікавых звестак Ліза атрымлівае падчас краязнаўчых экспедыцый, якія арганізуе Ігар Пракаповіч. Апошнім часам яны разам з яшчэ адной навучэнкай гімназіі, Карынай Шубелькай, глыбока вывучалі тэму цагельняў на Пастаўшчыне (пра гэта напрыканцы мінулага года падрабязна пісала наша газета).

Няма сумненняў, што наперадзе ў дзяўчыны нямала новых вандровак па раёне і новых тэм для даследаванняў. Пакуль жа для яе ў прыярытэце падрыхтоўка да заключнага, 4-га, этапа рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, на якой летась стала пераможцай.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.