Амур отблагодарит верностью. История собаки, которая лишилась старого хозяина и ищет нового

Важное Природа

Амур аддзячыць вернасцю

У рэдакцыю пазваніла дачніца з вёскі Макараўцы Юнькаўскага сельсавета Галіна Сцішанок. Усхвалявана паведаміла сумную гісторыю суседскага сабакі Амура. Прасіла дапамогі.

Праблема заключаецца ў тым, што Амур аказаўся нікому не патрэбны. Стары гаспадар дома памёр. Яго зяць, які і прынёс у свой час шчанюка, трапіў у турму. Дачка знайшла сабе прыстанішча ў Паставах і ў бацькоўскі дом наведваецца рэдка. Сабака застаўся адзін у вальеры ля хлява і галадае. «Іншы раз так вые, што сэрца заходзіцца ад жалю, — праз слёзы гаварыла жанчына. — Мы з мужам пажылыя хворыя лю­дзі. З дня ў дзень бачыць пакуты жывёліны невыносна. Канечне, падкормліваем Амура. Сабака хоць і вялікі, але з’ядае не шмат. Варым аўсянку, кідаем косткі. Але ж гэта не можа працягвацца бясконца».

— Як дасталі мяне гэтыя сусудзі! — у сваю чаргу абурылася Вераніка, калі я пазваніла ёй і перадала сутнасць прэтэнзій. — Куды яны толькі ні скардзіліся! Ды кармлю я сабаку. Праз некалькі дзён прыязджаю ў вёску. Вось і ўчора начавала ў бацькоўскім доме, прывезла Амуру корму.

Аднак ніякіх слядоў на двары я не ўбачыла: прасціралася суцэльная белая цаліна. Са Сцішанкамі падыходзім да вальера з сабакам. Частую яго прывезеным кормам, які з’ядае імгненна. Разумею, што эфектна сфатаграфаваць Амура праз сетку вальера не атрымаецца, і прашу выпусціць яго на волю. Сабака азартна прабягае некалькі кругоў вакол хаты і спыняецца ля нас.

— Ён паслухмяны і ласкавы, нікуды не ўцячэ. Зноў зачынім у вальеры. А паглядзіце, які прыгажун! — характарызавала Амура Галіна Фёдараўна. А яе муж упарта настойваў: «Забярыце сабаку!» Забрала б, ды ўжо маю свайго.

Пасля паездкі ў Макараўцы я зноў размаўляла з Веранікай. І зноў яна старалася пераканаць мяне, што корміць сабаку. Але прызналася, што ён ёй не патрэбны і аддасць любому. Яшчэ раней спрабавала ўладкаваць яго дзе-небудзь, ды не атрымалася. Дазволіла ўказаць нумар свайго тэлефона: 8(025) 930-85-50.

Прайшло ўжо некалькі дзён пасля знаёмства з Амурам. Ласкавы прыгажун, які праводзіў мяне да рэдакцыйнай машыны разумным і сумным поглядам, цалкам завалодаў маімі думкамі. Таму гэтыя радкі пішу з надзеяй, што на іх адклікнецца якая добрая душа і зменіць нешчаслівы лёс брата нашага меншага на шчаслівы.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.