Каб добра жыць, трэба працаваць
27 лютага — рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Учора пачалося датэрміновае галасаванне.
У першыя гадзіны работы на выбарчым участку №7, размешчаным у памяшканні аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, прагаласавала каля дзясятка чалавек. Сярод тых, хто аддаў свой голас, была і майстар-сырароб малочнага завода Вольга Мончык. Члены выбарчай камісіі праверылі яе пашпарт, знайшлі прозвішча ў спісках выбаршчыкаў, выдалі бюлетэнь для галасавання. Вольга, апусціўшы бюлетэнь ва урну, згадзілася пагаварыць.

— У нядзелю, 27 лютага, мне па графіку выпадае працаваць, — тлумачыла Вольга. — Змена доўжыцца з 8 гадзін раніцы да 8 вечара. А гэта значыць, што пры самым вялікім жаданні трапіць на ўчастак у гэты дзень ніяк не атрымаецца. І ўвогуле лічу, навошта чакаць асноўнага дня галасавання, калі з выбарам я даўно вызначылася. У нас на заводзе неаднаразова праводзіліся дыялогавыя пляцоўкі. На іх падрабязна гаварылі пра змяненні і дапаўненні, якія беларусы прапанавалі ўнесці ў новую Канстытуцыю. Ды і сама я ўважліва перачытала праект. Маё рашэнне ўзважанае і асэнсаванае. Я — за развіццё сацыяльных праграм, накіраваных на дабрабыт народа, мірную будучыню дзяцей. Але дабрабыт сам па сабе не прыходзіць: для гэтага трэба нямала працаваць.
Мончыкі жывуць па вуліцы Будаўнікоў. Дом узводзілі за ўласныя сродкі і сваімі сіламі. Муж Вольгі працуе ў Пастаўскім мэблевым цэнтры. Сын Максім — студэнт 4-га курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Дачка Ілона — васьмікласніца гімназіі.
— На малаказаводзе працую даўно, — расказвала Вольга Мончык. — Пачынала машыністам вакуумна-ўпаковачнай машыны, нядаўна стала майстрам. Наша прадпрыемства, як і ПМЦ, — наймацнейшае ў раёне. Заработная плата нядрэнная, сацыяльны пакет. Таму на будаўніцтва дома крэдытаў не бралі, разлічвалі на сябе. Люблю Паставы і Беларусь. І хачу, каб была стабільнасць і мірнае неба.
Анна Анішкевіч