Фоторепортаж: 28 апреля прошла весенняя ярмарка в Воропаево

Сельское хозяйство

І глыбачане аблюбавалі

9 гадзін раніцы 28 красавіка. На тэрмометры +2 (уначы ён паказваў  -2). Неба зацягнулі  шэрыя хмары і густа сыпанулі мокрым снегам, а потым і градам. Што за халодная вясна! Такое надвор’е не дадае настрою. А ў Варапаеве ладзіцца чарговы веснавы кірмаш, і мы едзем на яго.

Ля рыначнай плошчы ў гарпасёлку — чарада прыпаркаваных машын. Уздоўж  агароджы — у разы больш самага распаўсюджанага ў сельскай мясцовасці транспарту — веласіпедаў. Над наваколлем гучыць гармонік, сыплюцца запальныя частушкі: гэта ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці   ствараюць на кірмашы святочную атмасферу. На  імправізаванай  канцэртнай пляцоўцы нават накрыты дэгустацыйны столік. Побач яшчэ адзін — шашачны. Кожны жадаючы можа сыграць партыю.

Гудзе-гамоніць рынак. Патэнцыяльныя пакупнікі спыняюцца ля машын і палатак, прыглядаюцца да цэн, робяць пакупкі. Акрамя прадуктаў харчавання  —  а гэта рыба, мясныя і малочныя прадукты, хлеба-булачныя вырабы садавіна і агародніна — самы хадавы тавар — наснная бульба. Якіх толькі сартоў тут не знойдзеш: “гала”, “брыз”, “маніфест”,”каралева Ганна”, “рыўера”, “вега”, “скарб”, “рагнеда”!

Асабліва шмат пакупнікоў ля машыны фермера з Глыбокага Станіслава Германовіча, якога варапаеўцы добра ведаюць і не сумняваюцца ў якасці вырашчанай ім бульбы. А вось Станіславаў зямляк Вадзім Юковіч прапануе поліэтыленавую плёнку для парнікоў.  Прываблівае моцная, цёмна-зялёная расада памідораў  і  кветак Андрэя Ластаўкі  з Мосара. Гандлявалі на рынку і яшчэ некалькі  глыбачан. Малайцы суседзі, не забываюць  варапаеўцаў!  Не бяздзейнічалі і пастаўчане — таксама прапаноўвалі свой тавар.

Ніхто не зважаў на “белых мух”, што ляталі ў паветры, і ўрэшце яны саступілі месца сонцу. Прыкметна  пацяплела. Рынак працягваў віраваць.

“Насеннага ячменю  так і не знайшла”, — са  шкадаваннем гаварыла немаладая жанчына. “А я  саджанец яблынькі  прыдбала”, — хвалілася другая. “Ой, не фатаграфуйце мяне: засмяюць на рабоце, што сама не вырасціла расаду памідораў, а купляю”, — смяецца трэцяя, але ўсё ж згаджаецца трапіць у кадр.

І я вярнулася з Варапаева ў Паставы з пакупкай — вядром насеннай бульбы “каралева Ганна”. Паглядзім, ці каралеўскі вырасце ўраджай.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Зелянкевіча



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.