Лесничества Поставского района начали продавать березовый сок

Важное Общество

Запасайцеся бярозавікам

У мінулыя гады лясніцтвы Пастаўскага лясгаса рэалізоўвалі  бярозавы сок яшчэ ў канцы сакавіка. Сёлета ў сувязі з нізкай тэмпературай паветра збор прыроднага эліксіру прыпазніўся.

Першым пачало падсочваць дрэвы Стара­дворскае лясніцтва. За ім паспрабавалі работнікі Пастаўскага. З аднаго жалабка пры інтэнсіўным руху соку за суткі можа нацячы да 8 літраў. Пакуль веснавому абуджэнню дрэў перашкаджаюць замаразкі. Аптымальная сярэднясутачная тэмпература для нарыхтоўкі соку павінна быць 5-10 градусаў вышэй за 0.

Ідзе збор бярозавіка ў Пастаўскім лясніцтве

Заязджаем на адзін з участкаў лесу Пастаўскага лясніцтва. Да бяроз дыяметрам больш за 20 сантыметраў, пазначаных аранжавай фарбай, прымацаваны поліэтыленавыя мяшкі. Некаторыя з іх напоўненыя сокам ледзь не да краёў, у некаторых празрыстай вадкасці менш. Леснікі Генадзій Шышла, Аляксандр Свіла, вадзіцель Дзмітрый Казловіч адвязваюць пакеты і носяць іх да трактара Сяргея Мацешы. У  поліэтыленавую ёмістасць аб’ёмам 1 тона ў прычэпе сок злівае ляснік Васілій Галаўко.

Пасля абеду ў лясніцтвах пачынаецца рэалізацыя папулярнага веснавога напою. Жадаючых яго набыць у Паставах шмат. Бяруць розную коль­касць. Міхаіл Марозаў, напрыклад, прыехаў з дзвюма ёмістасцямі па 40 літраў кожная.

— Сёлета гэта толькі першая партыя, — гаварыў аматар бярозавіка. —  Бяру больш за 300 літраў. Не прызнаю газіраваных напіткаў. Бярозавы сок расцягваю на круглы год. Паспрабаваў розныя рэцэпты. Найбольш даспадобы з цукрам і лімоннай кіслатой. Яго любяць усе мае родныя.

Калі набываць сок у сваю тару, то 1 літр абыдзецца ў 40 капеек, калі ў тару лясгаса — 70. Можна нарыхтоўваць і самастойна. Для гэтага трэба звярнуцца ў лясгас ці найбліжэйшае лясніцтва. Там вам выдадуць дазвол, вызначаць участак для падсочкі, раскажуць, як правільна падсочвацца. За самавольны збор бярозавіка прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 20 БВ.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.