Фоторепортаж: Как в Поставах отпраздновали 9 мая? (+видео)

Главное Общество

Адна на ўсіх

3 гады, 1 месяц і 6 дзён. Столькі доўжылася на Беларусі Вялікая Айчынная вайна, чыю колькасць ахвяр дакладна падлічыць немагчыма. Але можна ўшанаваць памяць кожнага, хто ў гады страшэннага ліхалецця не вярнуўся дадому і аддаў сваё жыццё ў імя Вялікай Перамогі.

9 Мая — якраз той дзень, калі мы схіляем галовы перад пераможцамі, іх бессмяротнымі подзвігамі, якія памятаем і якімі ганарымся. І пацвярджэнне гэтаму — надзвычай масавае і ўрачыстае святкаванне Дня Перамогі ў Паставах.

Возложение венков и цветов к братской могиле по улице Красноармейской г. Поставы.

Святкаванне Дня Перамогі пачалося ля помніка на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан па вул. Чырвонаармейскай. Тут сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў Пастаўшчыны, грамадскіх і ветэранскіх арганізацый, ваеннаслужачыя шпіталя, школьнікі і іншыя. Пасля ўскладання кветак да помніка яны даўжэзнай калонай рушылі ў цэнтр горада, дзе неўзабаве распачалося тэатралізаванае свята «Жыве Перамога ў пакаленнях».

— Сёння сапраўды ўсенароднае свята, якое аб’ядноўвае лю­дзей розных узростаў, — адкрыла ўрачыстасць вядучая Алена Слядзеўская. — Гэта свята гонару за наш народ і за краіну. Дзень, калі сэрцы напаўняюцца ўдзячнасцю нашым дзядам і прадзедам, якія цаной свайго жыцця падарылі нам гэта вялікае свята Перамогі!

Раздзяліць яго радасць прыйшлі дэлегацыі працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый горада. Шматлікія гледачы прывіталі работнікаў Пастаўскага малочнага завода, ААТ «Паставымэбля», лясгаса, УП ЖКГ, участка г. Паставы філіяла «Аўтатранспартнае прадпрыемства №16 г. Глыбокае», цэнтральнай раённай бальніцы, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і іншых. Завяршылі гэта невялікае шэсце калектываў дэлегацыі самых масавых грамадскіх аб’яднанняў, якія актыўна вядуць сваю дзейнасць у раёне, — прафсаюзаў, «Белай Русі», Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Пасля на плошчу быў унесены Сцяг Перамогі — копія штурмавога сцяга 150-й ордэна Кутузава ІІ ступені Ідрыцка-Берлінскай стралковай дывізіі, які ўстанавілі над рэйхстагам воіны гэтай дывізіі Міхаіл Ягораў, Мелітон Кантарыя і Аляксей Бераст.

— 77 гадоў аддзяляюць нас ад тых майскіх дзён, калі пурпурны Сцяг Перамогі, абмыты крывёй мільёнаў герояў, быў падняты над рэйхстагам воінамі Савецкай Арміі, — гаварыў са сцэны старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік. — 9 Мая застаецца свяшчэннай датай для беларусаў, адным з самых светлых свят нашага народа. На жаль, сёння некаторыя палітыкі забываюць урокі гісторыі, імкнуцца прынізіць ролю савецкага народа ў Перамозе над фашызмам. У некаторых краінах адмяняецца святкаванне Дня Перамогі, разбураюцца помнікі воінам-вызваліцелям, адбываецца гераізацыя гітлераўскіх злачынцаў і фальсіфікацыя гістарычных фактаў Другой сусветнай вайны. Таму так важна ў год, аб’яўлены ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці, расказваць праўду пра Вялікую Айчынную вайну. Тым больш што сёння адкрываюцца новыя факты і сведчанні трагічных ваенных па­дзей і зверстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Легкоатлетический кросс «Во славу Победы», посвященный 77-летию Великой Победы.
Шествие праздничных колонн по центральным улицам города к площади Ленина

Сяргей Васільевіч таксама ўзгадаў, якое моцнае полымя барацьбы супраць акупантаў разгарэлася на Пастаўшчыне. Пра жудасныя па­дзеі тых часоў сведчаць шматлікія пахаванні на тэрыторыі раёна. Тут загінула больш за 800 ваеннаслужачых Чырвонай арміі і ўдзельнікаў супраціўлення, якія пахаваны ў 8 брацкіх магілах. На Пастаўшчыне таксама знаходзіцца 14 пахаванняў ахвяр вайны, дзе знайшлі свой вечны спачын 1 238 мірных жыхароў. Прозвішчы 912 чалавек застаюцца невядомымі.

Митинг-реквием с возложением венков и цветов к братской могиле на пл. Ленина г. Поставы.

Новыя факты сведчаць пра тое, што на тэрыторыі раёна былі спалены 133 вёскі. Пошукава-даследчая работа па ўдакладненні даных пра колькасць загінулых ваеннаслужачых, партызан і знішчаных мірных грамадзян у гады Вялікай Айчыннай вайны працягваюцца і сёння.

— Сіла нацыі і яе будучыня — у моцнай сувязі пакаленняў і іх пераемнасці, — падкрэсліў Сяргей Чэпік напрыканцы свайго выступлення. — Для моладзі ветэраны заўжды будуць прыкладам безад­моўнага служэння Айчыне, гатоўнасці да самаахвярнасці ў імя свабоды і незалежнасці. Дзякуючы ім мы ведаем цану міру і згоды і будзем няўхільна адстойваць свае ідэалы. Шчыра віншую ўсіх з гэтым вялікім святам — Днём Перамогі! Хай неба над Беларуссю заўжды будзе мірным!

У неба ў той дзень неаднойчы накіроўваліся позіркі гледачоў. І над калонай, якая крочыла ад помніка па вуліцы Чырвонаармейскай, і над плошчай падчас урачыстасці лятаў верталёт Дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Увагу прыцягваў не толькі ён, але і прымацаваны да яго вялікі Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. Пілатаваў верталёт начальнік авіяцыйнага атрада, лётчык 1-га класа, палкоўнік унутранай службы Алег Ярома.

 

Торжественное прохождение воинских частей

Гледачоў у той дзень таксама чакаў урачысты парад воінскіх часцей Пастаўскага раёна, які правёў ваенны камісар раёна Мікалай Кулік. Ён жа віншаваў усіх гасцей свята са сцэны, узгадаўшы падзеі Вялікай Айчыннай на тэрыторыі Беларусі.

А самым кранальным момантам  мерапрыемства стала правядзенне акцыі «Беларусь памятае». Дзясяткі дзяцей і дарослых прайшліся да абеліска ў цэнтры Пастаў з партрэтамі сваіх продкаў, якія разам з мільёнамі іншых людзей здабылі ў маі 1945-га Перамогу. У гонар усіх ахвяр вайны была аб’яўлена хвіліна маўчання, пасля чаго да помніка ляглі вянкі і кветкі.

Запамінальнай аказалася і творчая частка святочнай праграмы. На сцэне выступілі шматлікія творчыя калектывы Пастаўшчыны і яркія індывідуальныя выканаўцы. У іх ліку былі ансамблі «Паазер’е», «Маладзіца», «Заранка» і іншыя.

У гонар 77-й гадавіны Перамогі ў Паставах прайшлі іншыя мерапрыемствы: раённы лёгкаатлетычны крос, выстава малюнкаў навучэнцаў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера, прэзентацыя зборніка сачыненняў «Сямейная памяць пра вайну» ў раённым краязнаўчым музеі, маладзёжная патрыятычная акцыя «Спявае пераможная вясна», літаратурная выстава «Неастылы попел радкоў» у раённай бібліятэцы і іншыя. Запомнілася пастаўчанам і выстава ваеннай спецыялізаванай тэхнікі і ўзбраення, станоўчых эмоцый дадала работа палявой кухні.

Выставка военной специализированной техники и вооружения
Работа полевой кухни

…9 мая Дзень Перамогі адзначалі ў кожным куточку Беларусі — і ў вялікіх гарадах, і ў маленькіх вёсках. Яна, як спяваецца ў вядомай песні, адна на ўсіх. Нашы дзяды і прадзеды за яе цаной не пастаялі, аддаўшы самае дарагое, што ў іх было, — жыцці. Таму не мае цаны мір, у якім мы ў чарговы раз сустрэлі гэта сапраўды святое для кожнага беларуса свята. Свята, якое ў нашых сэрцах павінна жыць заўжды.

Іна Сняжкова
Фота аўтара і Наталлі Налей
Відэа Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.