Людмила Счасная, Сергей Голубович и Людмила Мелец признаны лучшими старейшинами

Местная власть

Стымул да далейшай дзейнасці

Людміла Счасная, Сяргей Галубовіч і Людміла Мелец жывуць у розных населеных пунктах Пастаўшчыны, але аднолькава дбаюць пра сваіх аднавяскоўцаў, парадак ля дамоў, на мясцовых могілках. Яны — старэйшыны вёсак Хрыстова, Кашыцы і Лукашова — па выніках раённага спаборніцтва за мінулы год прызнаны найлепшымі сярод органаў мясцовага кіравання і самакіравання.

У Хрыстове пражывае каля 70 чалавек. Гэта не толькі мясцовыя, але і тыя, хто аблюбаваў вёску і абуладкаваў тут дачы. Людміла Счасная — энергічная, дзелавая, умее знайсці падыход да людзей і паладзіць з імі. Таму і старэйшынам працуе больш за 20 гадоў. Заўсёды на прамой сувязі са старшынёй Валкоўскага сельскага Савета Таісай Баторы. Разам яны вырашаюць мноства надзённых пытанняў. У вёсцы заўсёды ёсць да чаго прыкласці руку, і Людміла Вініямінаўна як сапраўдная гаспадыня бачыць гэта адразу. Акрамя навя­дзення парадку ў Хрыстове, на мясцовых могілках, арганізуе людзей на ўборку касцёла ў Дунілавічах.

Людмила Счасная, Сергей Голубович и Людмила Мелец признаны лучшими старейшинами

Радзіма Сяргея Галубовіча — Кашыцы. І хоць некаторы час жыў у горадзе, урэшце вярнуўся сюды. Вяскоўцы яго абралі старэйшынам. І не прагадалі. Сяргей — чалавек ініцыятыўны, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, неабыякавы да ўсяго, што адбываецца навокал. Працавіты, дбайны гаспадар. Арандуе 2,5 гектара зямлі, трымае на падвор’і розную жыў­насць. Мае свой МТЗ-82. Асноўная работа Сяргея Эдуардавіча — аператар кацельні УП ЖКГ. А яшчэ як егер раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў клапоціцца пра дзікіх жывёл, захаванне прыродных багаццяў.

Людміла Мелец нарадзілася ў Жалязоўшчыне. У Лукашова выйшла замуж і жыве тут больш за 30 гадоў. Колькасць вяскоўцаў за гэты час значна зменшылася. Але колькі б жыхароў ні было, праблемных пытанняў узнікае нямала. Закрылася сярэдняя школа, немэтазгодным стала ўтрыманне аддзялення паштовай сувязі, бібліятэкі. Дзякуючы намаганням старэйшыны ў вёсцы функцыянуюць магазін, фельчарска-акушэрскі пункт. Людміла з тых людзей, хто з энтузіязмам дапамагае кожнаму. А яшчэ любіць чысціню і парадак. Каля дома сацыяльных паслуг, дзе размешчаны магазін, ФАП і клуб, якім яна загадвае, тэрыторыя заўсёды дагледжаная, цвітуць кветкі. Своечасова арганізуе суботнікі па навядзенні парадку на мясцовых могілках. І яны, мне здаецца, адны з самых добраўпарадкаваных у раёне.

Апусцелі і суседнія Вештарты, Ажарцы, Сіманы. Людміла не забывае тых, хто там застаўся жыць: тэлефануе, цікавіцца справамі і патрэбамі кожнага. Сумесна з Навасёлкаўскім сельвыканкамам, іншымі інстанцыямі імкнецца ва ўсім дапамагчы сваім землякам.

— Вельмі прыемна, што наша старанне не застаецца незаўважаным, — прызналіся старэйшыны. — Удзячныя мясцовым сельвыканкамам за падтрымку нашых ініцыятыў, а раённаму Савету дэпутатаў — за высокую ацэнку нашай работы. Прысутнічаць на раённым схо­дзе, падчас якога старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Чэпік уручыў нам падарункі, сказаў цёплыя словы і падзякаваў за працу, было ганарова. І, вядома, такая ацэнка працы стане яшчэ большым стымулам да далейшай дзейнасці.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.