У Беларусі стала добрай традыцыяй напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрываць сацыяльна значныя аб’екты. У чацвер у мікрараёне 5-га гарадка справіў наваселле магазін Пастаўскага малочнага завода.
Гандлёвая кропка прадпрыемства тут працавала даўно. Але яна тулілася ў невялікім памяшканні і была не вельмі зручнай для пакупнікоў. Таму кіраўніцтва завода вырашыла расшырыць гандлёвую плошчу. Пашчыравалі будаўнікі — і будынак атрымаўся прыгожым і камфортным. У чацвер каля яго сабралася нямала людзей. Традыцыйную стужку перад уваходам у краму перарэзалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і першы намеснік дырэктара завода Георгій Касцень.
— Гэта наваселле — сведчанне таго, што кіраўніцтва завода не стаіць на месцы, а развівае вытворчасць, — гаварыў Сяргей Васільевіч. — Дзякуючы пашырэнню гандлёвай плошчы больш разнастайным стаў і асартымент прадукцыі. Тут можна набыць усё самае неабходнае. Асабліва вялікі выбар малочнай прадукцыі гандлёвай маркі «Паставы-гарадок», якая з’яўляецца візітнай карткай прадпрыемства. Некаторыя яе віды ўдастоены памятных знакаў рэспубліканскай прэміі «Лідар спажывецкага рынку» і «Найлепшая прадукцыя года». Попыт на яе заўсёды павышаны.
Пакупнікі ацанілі новы магазін. У іх была магчымасць прадэгуставаць найбольш папулярныя віды сыру, сырныя шарыкі і многае іншае. Па словах жанчын, якія першымі зайшлі ў магазін і зрабілі неабходныя пакупкі, яны заўсёды купляюць толькі пастаўскую малочную прадукцыю, цэняць яе высокую якасць.
— У тым памяшканні, дзе размяшчаўся магазін раней, было вельмі цесна, — гаварылі пакупнікі. — Усяго некалькі вітрын. А тут дзякуючы самаабслугоўванню, многія тавары можна добра разгледзець. Стаў значна багацейшы выбар мясных, хлебабулачных вырабаў, бакалеі, спіртных напіткаў. А яшчэ мы вельмі любім нашых прадаўцоў. Яны ветлівыя, падкажуць, які сыр смачнейшы, а каўбаса — таннейшая.
Магазіны «Малочныя прадукты», «Малако», «Раніца», «Малочны рай», «Як сыр у масле», «Алёнка», гандлёвая кропка пад назвай «Паставы-гарадок» у Дунілавічах і ралет на рынку «Гарызонт» — вось дзе пастаўская малочная прадукцыя заўсёды свежая і па даступнай цане.
— Мы стараемся зрабіць усё для таго, каб тавары першай неабходнасці, у тым ліку наша ўласная прадукцыя, былі для пакупнікоў у крокавай даступнасці, — гаварыў Георгій Касцень. — Для зручнасці людзей — частковае самаабслугоўванне. У лепшы бок змяніліся і ўмовы работы прадаўцоў.
Загадчыца магазіна Вераніка Жэйма, прадаўцы Валянціна Пупкевіч, Тамара Стаброўская, Алена Радзівонава ўжо гэта адчулі. Больш месца стала ў гандлёвай зале, што, несумненна, будзе прыцягваць пакупнікоў.
Многія з іх у першыя хвіліны адкрыцця магазіна набылі тавару на 60 рублёў і выходзілі з падарункамі, а тыя, хто на 30 рублёў, — з сувенірамі.
Анна Анішкевіч