Краевед Игорь Прокопович и его ученики изучили водяные мельницы Поставщины

Общество

Акунуліся ў тэму вадзяных млыноў

Terra Inсognita (зямля невядомая). Так называецца краязнаўчы гурток у Пастаўскай гімназіі і так умоўна могуць назваць Пастаўшчыну навучэнцы, якія вырашылі адкрываць для сябе яе гісторыю і малавядомыя славутасці.

Нядаўна ў сацыяльнай сетцы Facebook звярнула ўвагу на пост настаўніка і краязнаўцы, а таксама кіраўніка названага гуртка Ігара Пракаповіча. Ён напісаў: «16 чэрвеня здзейснілі з вучнямі — удзельнікамі Terra Inсognita — вялікую вандроўку па ўсходняй Пастаўшчыне. Шукалі і вывучалі вадзяныя млыны. Шлях пралягаў праз Юнькі, Варапаева, Казлоўшчыну, Асінагарадок, Парыж, Норыцу, Міхаліну, Пятровічы, Груздава, Смыччо. Апісалі 7 млыноў, сабралі новыя краязнаўчыя матэрыялы».

Пракручваю профіль Ігара Міхайлавіча — і сярод нядаўніх запісаў бачу яшчэ некалькі, прысвечаных вандроўкам.

«Дзень выдаўся ўдалы на знаходкі, — так педагог апісвае 3 чэрвеня. — Знайшлі, агледзелі і апісалі 7 былых млыноў. Шлях пралягаў праз Манькавічы, Пятроўшчыну, Свіраны…» Усяго ў посце налічыла назвы 14 населеных пунктаў, некаторыя з іх мне зусім незнаёмыя.

Як цікава! Патэлефанавала Ігару Міхайлавічу і папрасіла яго падрабязней расказаць пра краязнаўчыя вандроўкі з вучнямі.

— Гурток Terra Inсognita дзейнічае ў гімназіі з моманту яе адкрыцця — з 2006 года, — адзначыў ён. — З вучнямі розных класаў звычайна здзяйсняем 5-7 краязнаўчых вандровак на год. Сёлета вырашылі даследаваць тэму вадзяных млыноў на Пастаўшчыне. Раней ёй ніхто не займаўся.

Я меркаваў, што ў нашым раёне было 7-10 такіх млыноў. Але калі стаў вывучаць тэму паглыблена, у гістарычных дакументах знайшоў звесткі пра 28! Яны дзейнічалі ў XVIII-XX стагоддзях і нават раней. Найстарэйшы, напэўна, быў у Лынтупах — ён працаваў у сярэдзіне XVІ ст. І сёння можна паглядзець на рэшткі вадзяных млыноў, якія захаваліся ў Паставах, Казлоўшчыне, Томішках, Пеляцэ… Шукаючы звесткі, адкрылі і шмат іншай цікавай інфармацыі пра тое, як яны працавалі, якія былі віды мукі, якія вытворчыя збудаванні размяшчаліся побач. Адным словам, не толькі вучні робяць для сябе шматлікія адкрыцці, але і я сам.

У тры вандроўкі, якія адбыліся ў першай палове чэрвеня, разам з Ігарам Пракаповічам адправіліся дзесяцікласнікі гімназіі Іван Апанасевіч, Кацярына Семенас, Анастасія Кажарновіч, Юлія Дунец. У перспектыве кіраўнік і ўдзельнікі гуртка Terra Inсognita плануюць распрацаваць экскурсійны маршрут «Вадзяныя млыны Пастаўшчыны», па якім можна праехаць на веласіпедах ці на аўто. У маршрут будуць уключаны і славутасці, што трапляюцца на шляху да месцаў, дзе раней стаялі млыны.

…У Facebook з цікавасцю пачытала і пра ранейшыя вандроўкі Ігара Пракаповіча з гімназістамі.

«У суботу, 16.11.2019, прайшлі з вучнямі па маршруце Чарняты—Кабайлы—Ідаліна—Пятроўшчына. Паглядзелі германскія ўмацаванні, германскае пахаванне з абеліскам, рэшткі млына, бабровую імперыю, марэнныя ўзгоркі, закінуты сад былога хутара, 10-метровыя абрывы каля рачулкі Мядзелкі, валун з дзіркамі, які пры Польшчы хтосьці хацеў узарваць, і яшчэ, і яшчэ…»

«Як пашанцавала дзеткам з такім настаўнікам!» — чытаю ­адзін з каментарыяў. І шчыра за іх радуюся: дзякуючы такому прафесіяналу, як Ігар Міхайлавіч, невядомая зямля адкрые яшчэ шмат сваіх таямніц.

P.S. Калі артыкул быў ужо гатовы да друку, стала вядома, што Ігар Пракаповіч і яго вучні выдалі невялікую кніжачку-даведнік пра млыны Пастаўшчыны і буклет, а для аматараў падарожжаў распрацавалі два турысцка-краязнаўчыя маршруты. У іх уключылі найбольш цікавыя млыны і тое, што нельга абмінуць па дарозе да іх: вёску Парыж, святую крыніцу Грамякі, камайскія касцёл і каменны крыж і іншае. Зроблена і картасхема размяшчэння млыноў.

26 чэрвеня ў чытальнай зале Пастаўскай раённай бібліятэкі настаўнік і вучні правялі прэзентацыю вынікаў сваёй дзейнасці па тэме «Вадзяныя млыны Пастаўшчыны».

— Сам не чакаў, што столькі цікавага ўдасца знайсці і пабачыць у час вандровак, хоць ужо шмат разоў прайшоў-праехаў з вучнямі і сябрамі раён у розных напрамках, — адзначыў Ігар Пракаповіч. — Даводзіцца здзіўляцца і радавацца, наколькі багатая наша зямля. Будзем вывучаць яе і надалей.

Іна Сняжкова
Фота з архіва Ігара Пракаповіча



Читайте также:
«Задело» Задевье! Читатели поделились своими воспоминаниями о костеле, д. Задевье и ее жителях
Дуки — поставская «машина времени». Предлагаем вернуться в годы Первой мировой войны
Охотничьи домики в д. Гута и Прудники помогут отдохнуть от городской суеты (фото, видео)



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.