Пятого не дано, или Почему в деревне Задевье четыре костела не «прижились»

Главное История

Пятага не дадзена, або Чаму ў вёсцы Задзеўе чатыры касцёлы не «прыжыліся»

Вёска Задзеўе. Красавік 2020-га года.

Вакол Пастаў нямала вёсачак са сваёй непаўторнай гісторыяй, але аднолькава сумным лёсам. Некалі шматлюдныя і гаманлівыя, яны ператварыліся ў маўклівыя і непрыкметныя. «Рэанімаваць» іх ніхто ўжо і не бярэцца, хіба толькі стомленым гарадской мітуснёй дачнікам пад сілу ўдыхнуць у такія вёскі хоць нейкае ды жыццё.

Яскравы прыклад — Задзеўе. У пачатку мінулага стагоддзя тут пражывала больш за сотню жыхароў. У нядзелю і ў святы жыццё ў мястэчку віравала з асаблівай моцай — вернікі з усіх ваколіц з’язджаліся сюды, каб памаліцца ў касцёле. Спачатку ён быў сціплы, драўляны, аднак у 1911 годзе непадалёк ад яго ўзвялі велічны храм з чырвонай цэглы, які на дзясяткі метраў узвышаўся над маляўнічай мясцовасцю.  Калі б не Першая сусветная, любаваліся б мы ім і сёння. Але гэтаму помніку архітэктуры, як, дарэчы, і многім іншым, су­джана было стаць адной са шматлікіх ахвяр той Вялікай вайны.

Касцёл Перамянення Пана ў Задзеўі восенню 1915 года

На шчасце, захаваўся фотаматэрыял, на якім адлюстраваны касцёл у Задзеўі, і памяць пра яго не страчана назаўжды. Гаворка ідзе пра нямецкія паштоўкі, якія для сваёй прыватнай калекцыі набыў даследчык Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў. Ён жа выдаў кнігу «Битва у Нарочи, 1916», дзе можна ўбачыць асобныя здымкі гэтага каталіцкага храма і прачытаць пра тое, як і чаму ён быў знішчаны.

Аўтар піша: «Калі восенню 1915 года лінія фронту стабілізавалася ў раёне Пастаў, касцёл аказаўся побач з перадавой: расійскія пазіцыі знаходзіліся адразу за Задзеўскім возерам. У ходзе Нарацкай аперацыі велічны будынак быў зруйнаваны расійскай артылерыяй». Рашэнне «расстраляць» храм вайскоўцы прынялі таму, што яго высокія вежы для немцаў з’яўляліся выдатнай агляднай пляцоўкай і гэта давала ім перавагу падчас правядзення баявых дзеянняў.

Што стала з руінамі храма? Адказ і на гэта пытанне ёсць у кнізе «Битва у Нарочи, 1916».  «Рэшткі касцёла, што ўзвышаўся ў Задзеўі, знаёмыя кожнаму нямецкаму салдату як далёка заўважны арыенцір, згрызены незлічонымі рускімі снарадамі, падарвалі нямецкія сапёры, каб здабыць цэглу для будаўніцтва печаў у кватэрах і бліндажах». (Цытата ўзята з нямецкай палкавой гісторыі, выдадзенай у Берліне яшчэ ў 1934 годзе і ўпершыню на рускай мове апублікаванай у кнізе Уладзіміра Багданава).

Unser Schützengraben / Нашы траншэі
25 красавіка 2020 года. Фатаграфія зроблена даследчыкам Уладзімірам Багданавым з таго ж ракурса, што і папярэдняя.
Мая пазіцыя ў Задзеўе з 6.3.16 па 13.4.16. Гэта сховішча было разбурана 18-сантыметровым снарадам 20 сакавіка 1916 года, 3 чалавекі былі забітыя і 6 параненыя. З альбома нямецкага лейтэнанта Рубенса, пяхотны полк №17 (IR 17).
Разбураны касцёл у Задзеўі. Красавік 1916 года. Арыгінальны малюнак (хімічны аловак) на бланку нямецкай палявой пошты
Касцёл у Задзеўі. Нямецкая паштоўка, адпраўленая ў студзені 1917 года. Сама фатаграфія зроблена ў красавіку 1916-га.
1917 год. Фота з альбома нямецкага салдата 131-га пяхотнага палка (IR 131).
Фота з альбома нямецкага салдата 131-га пяхотнага палка (IR 131).

 

Выгляд разбуранага храма знутры. Фота з альбома нямецкага салдата 131-га пяхотнага палка (IR 131).

 

Верагодней за ўсё, гэта адзін з апошніх здымкаў касцёла. У альбоме нямецкага лейтэнанта Рубенса гэты здымак падпісаны так: «Рэшткі касцёла. Храм у Задзеўі, нядаўна велічны і цудоўны, набліжаецца да канца».

Як жа сумна пасля гэтага сведчання чытаць архіўныя звесткі пра тое, як  храм пачынаў сваю дзейнасць…

“18 верасня 1911 года было праведзена асвячэнне касцёла ў Задзеўі Надвілейскага дэканата. Ён быў пабудаваны на месцы старога драўлянага. Новы храм быў высокім, прыгожым, цагляным (цалкам складзены з чырвонай цэглы), пакрытым ацынкаванай бляхай.

Касцёл быў закладзены 6 жніўня 1901 года ксяндзом Матэеем Бугянісам (Maciej Bugianis), задзеўскім настаяцелем, які асвяціў вегілійны камень, закладзены ў падмурак будучага касцёла.

Само асвячэнне касцёла ў нядзелю, 18 верасня 1911 года, адбывалася наступным чынам. У старым (драўляным) касцёле, які знаходзіўся побач з новым, зранку адбываліся набажэнствы. У 10 гадзін раніцы пачалася цырымонія асвячэння новага касцёла, на якой прысутнічалі ўсе ксяндзы з суседніх і далёкіх парафій, а таксама прыхаджане з размешчаных побач і аддаленых касцёлаў. Працэсія прайшла ад старога да новага касцёла, дзе адбыліся малебны пасвячэння, затым — асвячэнне касцёла звонку і знутры. Потым у старым касцёле прачыталі пропаведзь, а затым Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены ў новы касцёл. У 11 гадзін у ім  адбылося першае богаслужэнне” (крыніца — тагачасная польская дыяцэзіяльная газета).

Стары драўляны касцёл у Задзеўі — папярэднік новага, цаглянага. Пачатак ХХ стагоддзя. Здымак з «Tygodnika ilustrowanego» (нумар 35, за 1911 год).  Фота з блога http://postawyiokolice.blogspot.com/

Калі ў Задзеўі быў пабудаваны першы касцёл, дакладна невядома. Аднак гэта адбылося не пазней чым напрыканцы XVI стагоддзя. Ёсць інфармацыя, што ў 1765 годзе віленскі біскуп Тамаш Зянковіч на месцы разбуранага па невядомых прычынах першага задзеўскага касцёла пабудаваў новы, драўляны, і ў тым жа годзе яго асвяціў. Гэты ж касцёл, які шмат разоў падвяргаўся рэстаўрацыі, захаваўся да часу ўзвя­дзення цаглянага касцёла ў 1911 годзе. Сумны лёс гэтага помніка архітэктуры вам ужо вядомы.

Шмат цікавых звестак пра Задзеўе і навакольныя вёс­кі ўдалося сабраць пастаўскаму краязнаўцу Ігару Пракаповічу і яго былой вучаніцы Ірыне Заяц. Яшчэ ў 2006 годзе яны выдалі кніжку «Мястэчка над возерам. Задзеўе і ваколіцы», дзе змешчаны матэрыялы, звязаныя з геаграфіяй, гісторыяй, культурай Задзеўя і вёсак Дукі, Ліцвінкі і Новы Двор.

Падчас падрыхтоўкі выдання аўтары гутарылі з мясцовымі жыхарамі, звярталіся да літаратурных і музейных крыніц, шукалі звесткі ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. І гэта прынесла плён — выданне адкрывае шмат старонак з даўнейшага жыцця вёскі.

«Супрацьстаянне армій прывяло да таго, што вёскі Дукі і Задзеўе былі знішчаныя. Частку хат разабралі на ўмацаванні, частка згарэла ад страляніны. Значная частка жыхароў падалася ў бежанства, тыя ж, хто застаўся, былі вывезены немцамі ў лагер у Вільню, дзе многія памерлі ад голаду і хвароб», — так у  выданні апавядаецца пра наступствы Першай сусветнай. Пра яе, дарэчы, сёння нагадваюць некалькі нямецкіх пахаванняў на вясковых могілках у Задзеўі.

Нямецкія пахаванні на задзеўскіх могілках

У кніжцы таксама можна пра­чытаць і пра тое, што адбывалася ў Задзеўі пасля заканчэння Вялікай вайны. Цікавы факт: у міжваенны перыяд на месцы старога цаглянага касцёла ў вёсцы быў пабудаваны невялікі драўляны. Вёска працягвала быць рэлігійным цэнтрам. На  фэсты, якія ладзіліся тут у жніўні на Спас, па ўспамінах мясцовых жыхароў, з’язджаліся да 30 ксяндзоў.

Аднак, як пішуць аўтары, наперадзе вёску чакала новае ліха. Пасля 1945 года сталі праводзіцца работы па расшырэнні і мадэрнізацыі аэрадрома каля Задзеўя (яго будаўніцтва было распачата яшчэ ў 1939 годзе). У гады Другой сусветнай вайны пасадку на ім штодня здзяйснялі па 10-15 самалётаў.

Узлётная паласа аэрадрома размяшчалася так, што на пад’ём самалёты ішлі ў бок Літвы, а на пасадку — над Паставамі і Задзеўем. Будынак касцёла перашкаджаў арганізацыі палётаў. Храм разабралі, частку бярвення перавезлі ў вёску Мягуны, дзе з яго паставілі школу.

Іконы з касцёла вяскоўцы ра­забралі па хатах. Яны спадзяваліся, што храм зноў пабудуюць. Але гэтага, на жаль, не адбылося. Насельніцтва ў вёсцы паступова стала змяншацца. У 1965 годзе ў ёй налічвалася 14 двароў і 31 жыхар, у сярэдзіне 90-х — толькі 5 жылых двароў і 13 жыхароў.

 

Апошні задзеўскі ксёндз Вельгат (на здымку) быў абвінавачаны ў прыналежнасці да англійскай разведкі і ў 1949 годзе пасаджаны ў турму. Вярнуўся ў Задзеўе ў 1956 годзе, аднак быў вымушаны выехаць у Польшчу. Там і памёр, бо ногі адняліся.

З успамінаў Уладзіславы Хаўзюк, апублікаваных у кніжцы «Мястэчка над возерам»

 


Першая Камунія. Дзеці з ксяндзом задзеўскай парафіі. Здымак зроблены летам 1944 або 1945 года каля драўлянага касцёла ў Задзеўі, пабудаванга на месцы цаглянага. Фота з блога http://postawyiokolice.blogspot.com/

Сёння на месцы велічнага цаглянага касцёла узвышаецца крыж. Непадалёк ад яго — помнік ксяндзу-пробашчу мясцовай парафіі Ежы Мачульскаму (1863—1915). Яго за ўласныя сродкі аднавіў ураджэнец Пастаўшчыны Мар’­ян Бумбліс. Успаміны таксама запісаны ў кнізе «Мястэчка над возерам». Ён, напрыклад, згадваў, што «школы і крамы ў Задзеўі не было, а возера Ксяндзоўскім называлі».

Крыж, устаноўлены на месцы, дзе стагоддзе назад узвышаўся касцёл Перамянення Пана ў Задзеўі

Узрывальнікі ад расійскіх снарадаў, цэгла і кавалак чарапіцы ад касцёла, які некалі тут стаяў. Знойдзены 25 красавіка 2020 года даследчыкам Уладімірам Багданавым.
Помнік ксяндзу-пробашчу мясцовай парафіі Ежы Мачульскаму
Момант асвячэння помніка

…Па Задзеўі хочацца гуляць бясконца: тут адчуваеш сябе ў палоне прасторы і прыроды. Стаіш ля возера — і дух захоплівае ад прыгажосці навакольных мясцін.

А на тым беразе сваім жыццём жывуць Паставы — выдатна праглядваюцца шматпавярховыя дамы, будаўнічая мітусня ля дзіцячага садка, які цяпер узводзіцца на ўскраіне мікрараёна 6-га гарадка… Добра бачныя з Задзеўя і пастаўскія касцёл і царква. Калі б не Першая сусветная, яны з розных берагоў возера «пераглядваліся» б з велічным храмам у Задзеўі. Калі б не вайна, сёння ў вёсцы частымі гасцямі былі б вернікі і турысты — безумоўна, было б значна больш жыцця ў ціхім мястэчку над возерам.

Калі б… Але гісторыя, як вядома, умоўнага ладу не церпіць…

Увогуле, ці многія помнікі архітэктуры напаткаў сумны лёс задзеўскага касцёла?

Храмаў у Першую сусветную ў Беларусі было пашкоджана нямала, — пракаменціраваў  Уладзімір Багданаў. — У асноўным пацярпелі тыя, што знаходзіліся побач з фронтам. Паблізу Пастаў можна прыгадаць касцёл у Відзах, царкву ў Блізніках Мядзельскага раёна, капліцу-пахавальню Друцкіх-Любецкіх на беразе возера Варанец… Цалкам разбураны царква і пабудаваны перад вайной касцёл у Смаргоні. Ды і царкве ў Паставах дасталася — гэта бачна на здымку, які ёсць у маёй прыватнай калекцыі. 

І сёння ў Беларусі ёсць храмы, якія стаяць у руінах яшчэ з часоў Першай сусветнай. Гэта храм у Наваспаску пад Смаргонню, царква ў Бярозаўцы пад Карэлічамі, царква Івашкаўцах пад Зэльвай. Моцна пацярпелі храмы ў Крэве (асабліва былы касцёл). Наогул, спіс можна скласці доўгі…

Царква ў Паставах. 1917 год.
Касцёл у Смаргоні, як і ў Задзеўі, быў пабудаваны напярэдадні Першай сусветнай. У вайну быў разбураны, потым цалкам разабраны.

Касцёл у Відзах Браслаўскага раёна. Яго будаўніцтва было завершана напярэдадні Першай сусветнай, у 1914 годзе. «Калі праз год сюды прыйшла вайна і лінія фронту стабілізавалася, Відзы аказаліся на перадавым краі нямецкай абароны. На той момант вежы касцёла былі самымі высокімі пабудовамі на тэрыторыі Беларусі — каля 70 метраў. Агляд з іх адкрываўся выдатны, і немцы абуладкавалі там назіральны пункт. Каб знішчыць яго, расійскія артылерысты 5 сакавіка 1916 года правялі інтэнсіўны артабстрэл касцёла, што стала адным з першых актаў Нарацкай аперацыі. Абстрэлы працягваліся і пазней, у выніку храм быў амаль разбураны. Калі ў 1920-я гг. яго сталі аднаўляць, на памяць пра ваеннае мінулае у сцены ўмуравалі некалькі снарадаў Першай сусветнай. Калі прыгледзецца, то дзе-нідзе на цагляных сценах і цяпер можна разгледзець характэрныя наступствы артылерыйскага агню» (з кнігі “Битва у Нарочи, 1916”).

Касцёл у Відзах. Сучасны выгляд

Іна Сняжкова.
Фота аўтара, Сяргея Вшыўкава,
з архіва і прыватнай калекцыі Уладзіміра Багданава,
з архіва Ігара Пракаповіча.



Tagged

2 комментария по теме “Пятого не дано, или Почему в деревне Задевье четыре костела не «прижились»

  1. Моя бабушка была 1901 года рождения и вместе с родителями присутствовала на освящении нового костёла в Задевье в 1911 году, а по воскресеньям и праздникам туда на Богослужения ходила. Мне мало что запомнилось из её рассказов. Говорила, что ксендза люди считали святым ещё при жизни. Но был ли это Мацей Бугянис или Ежи Мачульский, точно сказать уже не могу. По словам бабушки однажды во время проповеди ксёндз сказал, чтобы люди не брали с него пример в жизни, так как он простой человек и тоже может грешить. Ещё этот ксёндз предсказывал многие исторические события, которые случились позже. Например призывал прихожан регулярно ходить в костёл, так как, с его слов, настанет время, когда власти закроют все костёлы и помолиться будет негде. Бабушка говорила, что тогда не поверила, что кто то может осмелиться закрыть костёл, и вспомнила слова ксендза только после того как это случилось.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.