Поставский мастер Юрий Фурс стал соавтором художественной выставки «Металеум»

Культура

Удыхнулі ў жалеза душу

У летапіс 2019 года ўпісаны шэраг творчых мерапрыемстваў, якія прайшлі з удзелам нашых таленавітых землякоў. Яны арганізоўвалі выставы і майстар-класы, ладзілі канцэрты, прэзентацыі і тэатральныя пастаноўкі, абаранялі гонар раёна на міжнародных музычных спаборніцтвах, выязджалі на абласныя агляды-конкурсы…

Сёння «ПК» раскажа пра яшчэ адно адметнае творчае мерапрыемства, якое па пэўных прычынах было абдзелена ўвагай журналістаў. А яно ўнікальнае і вартае самых станоўчых водзываў!

Зрэшты, мяркуйце самі…

Удыхнулі ў жалеза душу

Яшчэ стагоддзе назад добры каваль быў «зоркай» ва ўсёй акрузе: яго ведалі, яму былі ўдзячныя за складаную, але вельмі патрэбную людзям працу. Сёння такіх самабытных майстроў трэба яшчэ пашукаць. У сельскай гаспадарцы запатрабаванасць у іх даўно адпала, спасцігаць фізічна цяжкае рамяство моладзь асабліва не імкнецца, ды і вопытных настаўнікаў, прызнацца, не так і многа.

Тым не менш прафесіяналы гэтай справы ў Беларусі ёсць. Іх прыватныя калекцыі налічваюць нямала ўнікальных рэчаў. Ідэя аб’яднаць іх на адной выставачнай пляцоўцы ўзнікла даўно, але ў мінулыя гады рэалізаваць яе не атрымлівалася. А сёлета ўдалося — 1 лістапада ў адной з галерэй у цэнтры Мінска ўпершыню адбылося адкрыццё мастацкай выставы «Металеум». Гонар удзельнічаць у ёй меў і пастаўскі майстар Юрый Фурс.

З кавальствам ён пазнаёміўся больш за 30 гадоў назад і за гэты час дасягнуў унушальных вяршынь: некалькі дзясяткаў персанальных і сумесных выстаў кажуць самі за сябе. І гэта пры тым, што настаўнікаў у творцы не было — усяму вучыла  жыццё.

Сааўтарамі выставы сталі мастак Алесь Фалей з Баранавіч (ён жа выступіў яе арганізатарам і натхняльнікам), ураджэнец Мала­дзечна скульптар Валянцін Борзды, кавалі Дзмітрый Бандарчук (Клецк), Юрась Мацко (Гродна), Зміцер Васілеўскі (Баранавічы). Усе яны прысутнічалі на адкрыцці экспазіцыі.

Там на працягу двух тыдняў можна было ўбачыць не толькі арт-работы з жалеза, але і мастацкія карціны Алеся Фалея, вядомага далёка за межамі Беларусі. Многія яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у ЗША, Канадзе, Ізраілі, Шатландыі, Фінляндыі і шэрагу іншых краін. У 2014 годзе мастак паўтара месяца правёў у горадзе Чанчунь (Кітай), дзе на міжнародным сімпозіуме вырабіў з металу трохметровую скульптуру коніка (яе ўстанавілі ў адным з гарадскіх паркаў Чанчуня). У 2016-м ён выканаў у Каіры дзве скульптуры з… металалому.

— Калі атрымаў запрашэнне ўдзельнічаць у выставе, згадзіўся не раздумваючы: у мяне шмат гатовых работ, — расказваў Юрый Фурс. — У экспазіцыю ўвайшлі паўтара дзясятка. Сярод іх і «Вясковы трон» — стылізаванае крэсла з элементамі мастацкай коўкі, якое я рабіў разам з сынам Антонам. Адна знаёмая мінчанка прызналася, што ледзьве не штодня прыходзіла ў галерэю, каб на ім пасядзець, маўляў, ад гэтага лягчэй становіцца на душы (усміхаецца — аўт.). Безумоўна, было вельмі прыемна стаць удзельнікам мерапрыемства — гэта заўсёды натхняе.

Гледзячы на работы кавалёў, не перастаеш здзіўляцца, як з грубага па сваёй прыродзе матэрыялу — жалеза — можна стварыць такія паэтычна-пяшчотныя рэчы! Успамінаю кузню Юрыя Фурса ў Трабуцішках, разнастайныя работы, якія там знаходзяцца: металічную ружу, гузікі, жаночыя ўпрыгажэнні… Менавіта Трабуцішкі сталі для Юрыя Антонавіча месцам душэўнага адпачынку і творчага натхнення.

 

Ведаю, што ў турыстаў у аграсядзібе заўжды карысталіся попытам кавальскія майстар-класы.

— Ажыятаж на іх не спаў? — цікаўлюся.

— Дзе там! Сёлета быў сапраўдны бум! — адзначыў Юрый Фурс. — За год правёў як мінімум паўтара дзясятка майстар-класаў. Прычым цікавяцца імі ў асноўным жанчыны. Часцей яны самі прапануюць ідэі рэчаў, якія хочуць выкаваць упершыню. І рыбак кавалі разам, і падковы…  Фантазія не мае межаў!

Ёсць у майстра кузня і ў Паставах. Калі ў Трабуцішках абсталяванне аўтэнтычнае (некаторыя прыстасаванні векавой даўнасці!), то ў горадзе яно новае, больш магутнае. Там Юрый Антонавіч праводзіць нямала часу — творчых задум, як заўсёды, шмат. Нават ёсць ідэя адкрыць персанальную выставу ў Паставах.

Што ж, чакаем!

Іна Сняжкова
Фота з архіва Юрыя Фурса



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.