Семейная экоферма «Подоляндия» — место, где отдыхают душой

Главное Общество

Па-філасофску жыць не забароніш

«Не шукай шчасця — яно ў цябе знутры».

«Чалавек робіць добра тое, што любіць».

«Жыццё не ў тым, каб жыць, а ў тым, каб адчуваць, што жывеш…»

Мудрыя выказванні знакамітых людзей мне ўспомніліся нездарма: на іх натхнілі чатыры гадзіны, праведзеныя на экаферме «Падаляндыя». Яе гаспадар Павел Таран і па жыцці, і па адукацыі філосаф — вучыўся на факультэце філасофіі і сацыяльных навук Белдзяржуніверсітэта. Пяць гадоў назад ён разам з жонкай пераехаў з горада ў вёску, адмовіўшыся ад многіх даброт цывілізацыі. І цяпер сэнс жыцця мінчан у чацвёртым пакаленні — у суладдзі з яе вялікасцю прыродай.

Адлегласць ад Пастаў да Падалян(дыі) разам з фатографам Рытай Шылей пераадольваем на машыне за 20 хвілін. Гаспадыня экафермы Вольга Федурко сустракае нас залівістым смехам. Прызнаецца: перад прыездам журналіста ўпершыню за доўгі час падмалявалася, прыбралася, але, як кажуць, штосьці пайшло не так. У самы непадыходзячы момант з панадворка ў лес збеглі свінні, якіх давялося лавіць «пры поўным парадзе». Як ні старалася — не ўдалося. У выніку на сітуацыю махнула рукой: нікуды не дзенуцца, вернуцца… Хіба ўпершыню?

Вольга Федурко і Павел Таран з дзецьмі Альгердам і Ярамірам

З пачатку знаёмства з «Падаляндыяй» адчуваецца: клопатаў у гаспадароў тут неймаверна многа. Кідаецца ў вочы вялікая колькасць свойскай жывёлы — на лузе пасвяцца коні, у загоне жуюць сена козы, непадалёк рохкаюць свінні. Да таго ж на ўчастку распачата будаўніцтва новага дома.

— Да 2015 года мы былі выключна гарадскімі жыхарамі, — пачынае размову Павел Таран. — Пакуль аднойчы не задаліся пытаннем: а які, зрэшты, сэнс існавання ў горадзе? Хіба можна назваць жыццё паўнавартасным, калі амаль увесь час траціцца на работу, наведванне магазіна і «зняволенне» ў чатырох сценах кватэры? Мы і яшчэ тры сям’і з Мінска захацелі пачаць у адным месцы новае, сельскае, свабоднае жыццё. Праўда, у выніку на кардынальныя змены асмеліліся толькі мы і Олін родны брат з сям’ёй.

Знайсці адасобленае месца з добрай экалогіяй аказалася не так і проста. Шукалі ў розных рэгіёнах Беларусі, давалі аб’явы ў раённыя газеты, у тым ліку ў пастаўскую. Памятаю, што глядзець дом у Падалянах паехалі яшчэ ў шэрым, «брудным» красавіку. Першыя ўражанні шакіравалі. Як тут увогуле жыць, калі паўсюль трава па пояс? Але, пахадзіўшы па мясцовасці, убачылі возера Чэцверць, краявіды, якія адкрываюцца з узгоркаў, расталі і зразумелі: гэта наша!

За пяць гадоў сям’я ўклала ў «Падаляндыю» вялікую коль­касць сіл. Сёння гэта ўжо не толькі яе месца жыхарства, але і досыць «раскручаны» турыстычны аб’ект. Сюды з задавальненнем прыязджаюць прыхільнікі конных прагулак і экалагічна чыстых прадуктаў. Для маленькіх дзяцей «Падаляндыя» — сапраўдны кантактны заапарк. Тут жывуць два дзясяткі коз, свінні, коні, куры, трусы, гусі, за якімі можна не толькі паназіраць, але і пачаставаць іх.

— Мы ні ў якім разе не ставім за мэту ператварыць «Падаляндыю» ў бізнес-праект, — адзначыла Вольга Федурко. — Гэта не сядзіба, якая прапануе свае паслугі для адпачынку. Мы проста запрашаем людзей у сваё жыццё. У нас ніколі няма натоўпу — вельмі важна, каб была магчымасць для нязмушаных душэўных зносін. Некаторыя перад прыездам на экаферму думаюць: пакатаюць нас на конях — і да пабачэння. Не. Мы любім пасядзець з гасцямі ля вогнішча, паразмаўляць, абмеркаваць самыя розныя пытанні. І што самае цікавае — людзі пачынаюць адкрывацца, рэдка ад’язджаюць адразу пасля катання, хочуць застацца даўжэй. Такі кайф, калі ў працэсе гутаркі яны скідваюць  маскі і становяцца самі сабой. Ды і мы з мужам самі ў Падалянах пазнаёміліся нанова:  дзякуючы кругласутачнаму знаходжанню побач адкрылі адно аднаго з абсалютна іншых бакоў. І працягваем рабіць гэта зараз.

Адна з галоўных «фішак» экафермы — французскія сыры з казінага малака. «Падалянскі паўцвёрды», «Буш дэ шэўр», «Сэнт Мор дэ Падалян», «Шэўр мяккі», «Фета» — чаго каштуюць адны толькі назвы!

Майстэрства прыгатавання эксклюзіўных для Беларусі сыроў Вольга Федурко спасцігала метадам спроб і памылак з дапамогай YouTube і старажытных кніг 1890-х гадоў. Спачатку гатавала самыя простыя, потым захацелася чагосьці асаблівага. Бывала і такое, што казіныя сыры адпраўляліся не на стол, а… курам. З часам далікатэсы перападаць ім перасталі.

Сыры гаспадары не толькі прадаюць, але і з задавальненнем спажываюць самі. Сярод вялікіх прыхільнікаў карыснага прадукту — сыны Альгерд (яму 9 гадоў) і Ярамір (6). Адчуваецца, як ім падабаецца вясковае жыццё: малыя не выпускаюць з рук веласіпедаў, самі прыдумваюць сабе гульні, бегаюць, гарэзнічаюць…

— Ніколі не было адчування, што дзеці штосьці страцілі, пераехаўшы з Мінска ў вёску. Наадварот. Менавіта тут яны ўсё набылі, — гаварыў Павел Таран. — Так, у сталіцы секцыі, гурткі, школы ранняга развіцця… Але ўсё гэта не ідзе ні ў якае параўнанне з тым, што дзеці растуць «на волі», а не ў чатырох сценах з планшэтам у руках. Сыны з дзяцінства вучацца жыццю, умеюць клапаціцца пра братоў сваіх меншых. Я ўкладваю ў іх усё, што ведаю сам. Іншае пытанне, ці захочуць яны, як вырастуць, тут застацца і займацца сельскай гаспадаркай. Але ў іх усё жыццё наперадзе, каб вырашыць гэта самастойна.

Дзеці Вольгі і Паўла ў школу ездзяць у Камаі, за 20 км ад Падалян. Да бабуль і дзядуляў наведваюцца не як большасць дзяцей, у вёску, а ў Мінск. Прычым прывабліваюць іх там менавіта зносіны з роднымі, а не вірлівае жыццё вялікага горада.

— Глядзіце, там дзікая каза пасвіцца, — раптам кажа Павел.

Аглядаемся і, сапраўды, пад лесам бачым жывёліну, якая не баіцца падыходзіць да вёскі. Даведваюся, што сярод лясных «суседзяў» нямала аленяў, ласёў, дзікоў, ліс і нават ваўкоў.

— Я аддаю перавагу жыццю на прасторы, — звярнуў увагу гаспадар. — Вярнуцца ў Мінск? Пра гэта нават думкі няма. Я хачу рабіць тое, што  даспадобы, хачу атрымліваць задавальненне ад кожнага пражытага дня. Мне падабаецца працаваць на сябе, самому быць адказным за вынік. Калі сам сабе гаспадар і няма начальства, якому можна сказаць «не змог», «не паспеў», «не атрымалася».

Мы працуем штодня, без выхадных і адпачынку. Жывёлам не растлумачыш, што нам трэба некуды адлучыцца хаця б на суткі. Але мы ніколі нікому не скардзімся і на ўсё стараемся глядзець з пазітывам.

Планы ў сям’і напалеонаўскія. Вольга, напрыклад, верыць, што некалі на ўчастку з’явяцца сыраварня, склеп для выспявання сыроў і канюшня.

— Калі марыць, дык ні ў чым сабе не адмаўляючы, — смяецца яна, чарговы раз дэманструючы свой аптымістычны настрой. — Веру, што пакрыху, крок за крокам нам удасца ўвасобіць у жыццё нашыя задумы. Іх вельмі шмат.

…Вяртацца з «Падаляндыі» ў Паставы не хацелася. Склалася ўражанне, што гэта нейкая асобная краіна, дзе жыццё ідзе па іншых законах. Тут ніхто нікуды не спяшаецца, тут пануюць прыгажосць і гармонія, тут ва ўсім свая філасофія.

«Не шукай шчасця — яно ў цябе знутры».

«Чалавек робіць добра тое, што любіць».

«Жыццё не ў тым, каб жыць, а ў тым, каб адчуваць, што жывеш…»

Іна Сняжкова
Фота Рыты Шылей, аўтара і з Instagram-акаўнта экафермы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.