В 30-х годах ХХ века на Поставщине также были популярны сплавы на каяках

Важное История

Не стварылі, а адрадзілі

У мінулым месяцы ў «Пастаўскім краі» выйшаў артыкул пра адкрыццё ў нашым горадзе каяк-клуба «Маяк». Яго заснавальнік Віталій Улыбін расказаў, што сплавы па рацэ Мядзелцы карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод мясцовых аматараў актыўнага адпачынку і шматлікіх гасцей райцэнтра.

Я як аўтар гэтага артыкула падзялілася ім у сацыяльнай сетцы Facebook — і неўзабаве атрымала каментарый ад краязнаўца Кастуся Шыталя: «Дык гэта ж усё было яшчэ ў 30-я гады ХХ стагоддзя. Тады сплавы на каяках былі вельмі папулярнымі ва ўсім рэгіёне. Добра, што іх адра­джаюць!»

Артыкул, змешчаны ў маі 1936 г. у газеце Kurjer Wileński

У пацвярджэнне сваіх слоў Кастусь даслаў некалькі архіўных артыкулаў на польскай мове, якія былі надрукаваныя ў газеце Kurjer Wileński. Так, у №156 за 1935 год з’явілася навіна «Сплаў на каяках да Друі», дзе адзначалася:

«Пад сцягам Саюза Стралкоў з Варапаева да Друі рушыла экскурсія на каяках. Траса прахо­дзіла па рэках Галубейцы, Дзісенцы і Дзвіне і склала каля 200 км. Удзельнічала каля 30 чалавек на 17 каяках».

У маі 1936 года ў гэтай жа газеце пісалася пра яшчэ адну цікавую падзею ў нашым горадзе.

«У Паставах 30-га чысла гэтага месяца прайшло адкрыццё вяслярнай прыстані Паліцэйскага Спартыўнага Клуба, якая размясцілася над самым маляўнічым берагам возера — так званай гарбарцы. Адкрыў яе Браніслаў Корбуш, падняўшы сцяг. Затым адбыўся парад лодак і каякаў, а таксама прайшлі спартыўныя спаборніцтвы за пераходную ўзнагароду Паліцэйскага Спартклуба. Урачыстасць завяршылася танцамі на свежым паветры і ілюмінацыяй прыстані.

Варта адзначыць, прыстань выдатна абсталявана, мае прасторныя памяшканні для каякаў і лодак, кабіны для купальшчыкаў, трампліны. Каля яе па суседстве з сасновым лесам ёсць прыгожы пляж».

У гэтым жа годзе, толькі пазней, Kurjer Wileński размясціў невялікі артыкул пра свята Мора ў Паставах.

«Дзякуючы старанням Грамадзянскага Камітэта, які ўзначальвае пан Зяленскі, да арганізацыі свята былі прыцягнуты ўсе мясцовыя сацыяльныя структуры. Вечарам 27-га чысла на вяслярнай прыстані Паліцэйскага Спартыўнага Клуба пад гукі дзяржаўнага гімна быў падняты сцяг, пасля чаго да прысутных з прамовай звярнуўся пан Струміла. Затым раённы стараста Корбуш уручыў школьнаму гуртку Л. М. і К. вымпел. Нарэшце сфарміравалася шэсце, якое з аркестрам прайшло па вуліцах горада.

У нядзелю, 28-га чысла, пасля святочнага богаслужэння апоў­дні, прайшлі спартыўныя спаборніцтвы плыўцоў, былі гонкі на каяках, а таксама скачкі з трампліна. Пераможцаў узнагародзіў віцэ-стараста Бялкоўскі. Вечарам распалілі вогнішча і запалілі сотні рознакаляровых лямпачак. У гэты момант па вадзе рушылі ўрыгожаныя лодкі і каякі, з якіх па традыцыі пускалі вянкі. На супрацьлеглым беразе возера былі ўстаноўлены моцныя рэфлектары, якія асвятлялі возера, пасля чаго былі выпушчаны ракеты».

Падчас сплаву па рацэ Мядзелцы. Ліпень 2020 г.

…Зусім нядаўна я і сама стала ўдзельніцай 12-кіламетровага сплаву па Мядзелцы, які пачынаўся ў Манькавічах, а заканчваўся ў гарадскім парку. Падплываючы на фінішы да яго, прыгадала ўсе апублікаваныя вышэй артыкулы. Прыстань, трамплін і Паліцэйскі Спартыўны клуб — гэта ўжо напаўзабытая гісторыя. Але ў якой, аказваецца, будзе сучасны працяг, бо менавіта на гарбарцы каяк-клуб «Маяк» у хуткім часе абсталюе сваю базу.

Віталію Улыбіну падабаецца і ідэя правядзення гонак на каяках. Ёсць верагоднасць, што некалі падзеі больш чым 80-гадовай даўнасці паўторацца і гараджане змогуць стаць сведкамі гэтага захапляльнага відовішча.

Пакуль жа кіраўнік клуба «Маяк» актыўна займаецца распрацоўкай новых маршрутаў водных паходаў, у тым ліку і двухдзённых. Цікавасць да іх вельмі вялікая.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
В Поставах открылся каяк-клуб «Маяк» для любителей активного отдыха (+видео)
Дуки — поставская «машина времени». Предлагаем вернуться в годы Первой мировой войны
Пятого не дано, или Почему в деревне Задевье четыре костела не «прижились»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.