На Поставском молочном заводе работает швейный цех, где шьют санитарную и спецодежду для работников

Общество

З іголачкі!

Памятаеце выраз «апрануты з іголачкі»? Гэта значыць, на чалавеку новая рэч і выглядае яна бездакорна. Звычайна так гавораць пра моднікаў. А я палічыла апраўданым прымяніць выраз і да работнікаў Пастаўскага малочнага завода, якія атрымліваюць новую санітарную і спецвопратку. Прычым з мая мінулага года яе шыюць на самім прадпрыемстве.

Раней спецвопратку закуплівалі ў старонніх арганізацый, — расказвала вядучы інжынер па якасці Вольга Шамовіч, якая курыруе работу заводскага швейнага цэха. — Складалі спісы людзей з размернай сеткай, праводзілі маркетынгавыя даследаванні і адпраўлялі заяўку на тую фірму, дзе цана на выраб вопраткі была найменшай. Але не заўсёды задавальняла яе якасць. Ды і новыя работнікі ўладкоўваюцца на прадпрыемства. Кожнаму хочацца, каб спецвопратка была якаснай і адпавядала яго размеру. Таму нязручнасці былі, і кіраўніцтва завода вырашыла стварыць уласны швейны цэх.

Наталля Храпавіцкая і Святлана Рамановіч

Пад яго адвялі асобнае памяшканне. Закупілі новыя швейныя машынкі, аверлок, іншае неабходнае абсталяванне. Заключылі з пастаўшчыкамі дагаворы на закупку тканіны і дапаможных матэрыялаў. Уся тканіна, якая выкарыстоўваецца на пашыў, мае сертыфікат якасці.

Рэгіна Галаўко

У цэху працуюць закройшчыца Святлана Рамановіч, швачкі Рэгіна Галаўко і Наталля Храпавіцкая. Усе вопытныя і старанныя. Нагрузка на іх вялікая, але спраўляюцца з ёй. За рабочы дзень кожная можа пашыць 20 санітарных касцюмаў або 2 уцепленыя мужчынскія курткі. Асартымент вырабаў даволі шырокі: камплекты санітарнага адзення для мужчын і жанчын, у якія ўваходзяць штаны, кашуля, каўпак, мужчынскія і жаночыя ўцепленыя камізэлькі, курткі, летнія і зімовыя камбінезоны, ахоўныя баваўняныя маскі шматразовага выкарыстання. Сёлета шылі рэчы не толькі для завадчан, але і халаты для даярак, касцюмы для іншых жывёлаводаў гаспадарак, якія ўваходзяць у склад аграаб’яднання, дзе галаўным прадпрыемствам з’яўляецца малочны завод.

З Вольгай Шамовіч заходзім у цэх. Швачкі робяць невялічкі перапынак і расказваюць пра сваю працу. У адзін голас адзначаюць выдатныя ўмовы. У прасторным памяшканні зроблены добры рамонт. Тут светла, цёпла, утульна. Вольга хваліць жанчын за тэмпы і высокую якасць вырабаў.

Дзякуючы ўласнаму цэху, стала намнога зручней забяспеч­ваць працаўнікоў спецвопраткай. Швачкі на месцы здымаюць меркі і шыюць такую колькасць вырабаў, на якую атрымліваюць заказ. Завадчане нязменна застаюцца задаволеныя высокай якасцю абноў.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.