Дерево сердцем чувствует. Резчик по дереву Юрий Вербилович из аг. Камаи

Главное Общество

Дрэва сэрцам адчувае

«Завулак Аптэчны, 7» – шыльда з такім надпісам на адным з дамоў у Камаях прыцягвае ўвагу: літары і лічба па-майстэрску выразаны з дрэва. А зрабіў гэта сам гаспадар – Юрый Вербіловіч.

З ім я пазнаёмілася мінулым летам на зернесушыльным комплексе ў ААТ «Камайскі-агра». За перыяд жніва Юрый са сваёй брыгадай высушыў 6 540 тон збожжа і быў прызнаны найлепшым аператарам раённага спаборніцтва. Дыпломы пераможцам ад райкама прафсаюза работнікаў АПК уручыў яго старшыня Васілій Катовіч. Гаварылі пра сёлетні ўраджай, складанасці жніва. Напарнік Юрыя не ўтрымаўся і расказаў пра яго захапленне разьбой па дрэве. Пазней атрымала ад майстра фотаздымкі работ: арыгінальныя падстаўкі, прыгожыя падсвечнікі, крэатыўныя шпакоўню і карандашніцу, іншыя невялікія прадметы інтэр’ера.

Выдатнымі сталярамі былі мае прадзед, дзед. У іх вучыўся бацька, — расказваў Юрый. — Пераняў майстэрства і я. Пакуль што не раблю нічога незвычайнага — задавальненне прыносіць выраб простых рэчаў. Лічу, што мужчына павінен умець рабіць усё, асабліва па гаспадарцы.

Я нарадзіўся на Смаргоншчыне. Калі ў Камаях пачалі будаваць свінагадоўчы комплекс, бацькі прыехалі сюды. Мне тады было два гады. З таго часу ўсё жыццё звязана з Пастаўшчынай. Тут сустрэў сваю будучую жонку. Ажаніліся, купілі дом, і шмат чаго ў ім я зрабіў сваімі рукамі. Сам зрубіў лазню, абсталяваў яе.

Юрый працуе з рознымі пародамі дрэва, у кожнага з іх — сваё адценне. З бярозы, ліпы, сасны, елкі атрымліваецца выразаць вытанчаныя, з узорамі, рэчы, з ясеню — больш трывалыя, масіўныя. Нярэдка ў адным вырабе майстар спалучае вольху, ясень, бярозу. Потым прамочвае іх ільняным алеем. Усё стварае па ўласных эскізах. Ідэі, якія нараджаюцца ў галаве, адразу пераносіць на паперу — малюе трафарэт, які потым пераносіць на дошку або брусок патрэбнага размеру. Лішняе абпілоўвае, з дапамогай долата зразае, закругляе, а затым шліфуе. Работа карпатлівая, патрабуе ўседлівасці і засяроджанасці.  За адзін рух лобзікам майстар праразае літаральна міліметр. Уявіце, колькі такіх рухаў трэба зрабіць, каб атрымаўся нават невялікі падсвечнік. Юрый адчувае дрэва,  яно паслумянае ў яго руках. Як прызнаецца, захапленне супакойвае, дапамагае адключыцца ад розных праблем і маральна адпачыць.

Некаторы час Юрый Вербіловіч працаваў у сталярным цэху аўтапарка №17 у Паставах. Змайстраваў з дрэва савіную сям’ю, якая ўпрыгожыла тэрыторыю падшэфнага прадпрыемству дзіцячага лагера. Адна справа — асвоіць распілоўку, шліфаванне, фарбаванне дрэва. І зусім іншая — рабіць гэта творча. У Юрыя багатая фантазія. Усе вырабы не падобныя адзін да другога.

Дрэва — гэта адзін з самых прыгожых, экалагічна чыстых і ўніверсальных матэрыялаў, — гаварыў майстар. — А работа з ім — рамяство, асвоенае чалавекам яшчэ ў старажытнасці. Раней жыллё і гаспадарчыя пабудовы ўзводзілі толькі з дрэва. З яго ж выраблялі сталы, ложкі, шафы, павозкі, сані, прылады працы, посуд, прадметы хатняга ўжытку і дзіцячыя цацкі. З часам усё гэта стала фабрычным. Але я па-ранейшаму многае раблю сваімі рукамі. Напрыклад, змайстраваў ложак для дачушкінай лялькі. У мяне няма прафесійных станкоў, з інструментаў — нажы, разцы, стамескі, рубанкі, нажоўкі, наждачная папера. На жаль,  вольнага часу для захаплення маю няшмат.

Прызначэнне большасці работ Юрыя — падарункі родным, сябрам. Некаторыя просяць майстра стварыць канкрэтную рэч. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца таблічкі з назвай вуліцы і нумарам дома, карандашніцы, падстаўкі пад тэлефон, планшэт у выглядзе кляновага ліста, гітары, літар алфавіта. Звычайна робіць іх з улікам прафесіі заказчыка, яго захапленняў.

Анна Анішкевіч
Фота даслаў Юрый Вербіловіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.