К вам едет обед. Новую форму обслуживания предлагает ресторан «Світанак»

Главное Общество

Да вас едзе абед. Менавіта такую форму абслугоўвання прапануе рэстаран «Світанак».

З-за пандэміі каранавіруса ва ўстановах грамадскага харчавання стала менш наведвальнікаў. І гэта зразумела: людзі стараюцца пазбягаць месцаў масавага знаходжання. Таму кааператары звяртаюцца да новых форм абслугоўвання.

Бар «Лагуна», рэстаран «Світанак» і кафэ «Паазер’е» адпуска­юць комплексныя абеды на вынас з 20-працэнтнай скідкай, — расказ­вала начальнік аддзела грамадскага харчавання Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства Крысціна Красоўская. — Ахвотна карыстаюцца гэтым работнікі паштовай сувязі, некаторых магазінаў. А зараз укараняем яшчэ адну форму работы — рэстаран «Світанак», бар «Лагуна» дастаўляюць абеды па заяўках арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў. Напрыклад, «Лагуна» пастаўляе медыкам цэнтральнай раённай бальніцы да 30 комплексных абедаў. Актыўна ўключыўся ў дастаўку абедаў дадому калектыў рэстарана «Світанак». Спадзяёмся, што многія арганізацыі зацікавяцца такім абслугоўваннем.

Повар Вераніка Антаневіч за прыгатаваннем салаты

Нашы повары Вераніка Антаневіч, Ірына Горбуль, Таццяна Красоўская гатуюць смачныя і якасныя стравы, — уключаецца ў размову бармэн рэстарана Ірына Дзехцяронак. — Атрымліваюць заяўку — і прыступаюць да яе выканання. Таму спажыўцы атрымліваюць толькі свежапрыгатаваныя стравы. А прывозіць іх у кантэйнерах Святлана Стасюк. Дастаўка бясплатная. Яна ажыццяўляецца з 12 да 15 гадзін. А каб повары паспелі прыгатаваць стравы, мы прымаем заяўкі з 8 да 10 гадзін. Падаць іх можна па тэлефонах 5-27-59 і 8(029)214-47-89.

Кошт абеда — ад 4 да 7 рублёў. Разлічыцца за яго можна як наяўнымі грашыма, так і банкаўскай карткай. Не абавязкова заказваць комплекс. Можна абмежавацца першай або другой стравай і салатай, тады і заплаціць давядзецца менш. Меню разнастайнае. Яно кожную раніцу змяшчаецца на старонцы рэстарана ў «Инстаграме» і «ВКонтакте».

У прыгатаванні страў выкарыстоўваем шмат прадукцыі вытворчасці філіяла райспажыўтаварыства, — тлумачыла Крысціна Красоўская. — Гэта мясны фарш, каўбаскі, блінчыкі з рознай начынкай, галубцы, рыбныя прэсервы, вэнджаная рыбка і інш. Для аматараў прысмакаў прапануем прадукцыю кандытарскага цэха. Акрамя таго, повары рэстарана вырабляюць пельмені, галубцы, катлеты для рэалізацыі ў магазінах «Родны кут» і «ProЗапас», і гэта прадукцыя карыстаецца попытам.

Адным словам, работнікі грамадскага харчавання робяць усе захады да таго, каб у няпросты, каранавірусны, час і свае прадпрыемствы захаваць, і быць карыснымі пастаўчанам.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.