Анжелика Хворостовская получила Гран-при в областном дистанционном фестивале «Творчество людей с инвалидностью»

Важное Общество

Моцнай духам – Гран-пры

Такую ўзнагароду атрымала пастаўчанка Анжаліка Хварастоўская ў абласным дыстанцыйным фестывалі «Творчасць людзей з інваліднасцю».

Гучыць песня: «По ниточке, по ниточке ходить я не желаю!/Отныне я, отныне я, отныне я живая!», а лялькай-марыянеткай у прыгожым касцюме Мальвіны маніпулюе Чараўнік. Хаатычныя рухі галавы, рук, ног ствараюць вобраз лялькі, якая ажыла. Гэты канцэртны нумар падрыхтавалі спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Валерыя Крукава і наведвальніца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Анжаліка Хварастоўская.

Анжаліцы 30 гадоў, яна інвалід I групы: ад нараджэння пакутуе ад ДЦП. Захворванне да таго ж суправаджаецца паталагічнымі міжвольнымі рухамі, якія раптоўна ўзнікаюць у адной мышцы або цэлай іх групе. Спачатку ўрачы прагназавалі дзяўчынцы поўны параліч. Але ­бацькі прыклалі неймаверна шмат сіл і намаганняў, каб дачка стала на ногі: вазілі яе на лячэнне ў найлепшыя бальніцы і санаторыі былога СССР, праводзілі там на рэабілітацыі па некалькі месяцаў. І цуд здарыўся — у 9 гадоў Анжаліка зрабіла першыя крокі. Затым вучылася ў класе карэкцыі, які быў створаны ў СШ №4. Цяпер яна самастойна сябе абслугоўвае. Ужо шмат гадоў з задавальненнем наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра, дзе кожны знаходзіць сабе занятак даспадобы. Валерыя Крукава выбрала Анжаліку для такога незвычайнага танцавальнага нумара. У снежні мінулага года яго відэазапіс адправілі на абласны дыстанцыйны фестываль «Твор­часць людзей з інваліднасцю».

— Фестываль ладзіў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама сумесна з Дэпартаментам па сацыяльным развіцці Смаленскай вобласці і іх абласной грамадскай арганізацыяй «Расійскі саюз моладзі», — расказвала загадчыца аддзялення для інвалідаў ТЦСАН Вольга Гінько. — З-за пандэміі мерапрыемства праводзілася дыстанцыйна. У ім удзельнічала шмат людзей з інваліднасцю. Вельмі радыя перамозе нашай канкурсанткі. Анжаліка — жыццярадасная, смелая, добрая. Кожны дзень вымагае ад яе максімум сіл, цярпення, але яна мэтанакіраваная і настойлівая.

— Гран-пры для Анжалікі — вялікі стымул да жыцця, — дзялілася эмоцыямі мама дзяўчыны Леанарда Лянгінаўна. — Натхнёная ехала ў Віцебск на ўручэнне. Хвалявалася ў чаканні выхаду на сцэну. Бязмежна радавалася дыплому, падарункам.

Такія фестывалі дапамагаюць раскрыць таленты людзей з інваліднасцю і пацвярджаюць, што яны моцныя духам.

Анна Анішкевіч
Фота даслала Вольга Гінько



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.