90 лет — награда за достойную жизнь. Юбиляр Александр Вешторт из д. Гавриловичи

Общество

90 гадоў – узнагарода за годнае жыццё

З кветкамі, падарункамі ў хату імянінніка накіраваліся намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель, старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Святлана Мелец, з караваем — загадчыца Лукашоўскага клуба Людміла Мелец. Расцягнула мяхі гармоніка ўдзельніца мастацкай самадзейнасці Алена Шакола. Юбіляр сустрэў ля веснічак, запрасіў у дом. Ад увагі такой вялікай колькасці людзей расчуліўся. А госці не шкадавалі цёплых слоў.

— Гледзячы на вас, Аляксандр Усцінавіч, нават не верыцца, што вам 90 гадоў, — гаварыў Славамір Шапель. — Віншую шчыра з гэтай датай ад імя дырэктара гаспадаркі Юрыя Шымчыка і ад сябе! Вы шмат сіл аддалі нашай зямлі. Дзе б ні працавалі, вызначаліся руплівасцю, адказнасцю.

Доказам таму шматлікія Ганаровыя граматы, пахвальныя лісты, падзякі, медаль «За працоўныя заслугі», якія ветэран працы беражліва захоўвае. І кожная навявае яму ўспаміны.

Працоўную дзейнасць па­чынаў трактарыстам Дуні­лавіцкай машынна-трактарнай станцыі. У 1957 годзе стаў найлепшым сярод 46 яе механізатараў. Старанне маладога камсамольца ацаніла кіраўніцтва МТС, разгледзела яго арганізатарскія здольнасці, уменне ладзіць з людзьмі і назначыла брыгадзірам паляводчай брыгады.

— Хваляваўся вельмі, — расказваў Аляксандр Усцінавіч. — У мяне адукацыя слабаватая была. Так склалася, што ў 1 клас тры разы ішоў: у 1939-м — у польскую школу, у 40-м — у савецкую. Вайна перапыніла вучобу. А што перажыць давялося за час фашысцкай навалы! Пасля Перамогі закончыў 4 класы. Далей вучыцца не было магчымасці. Нас у бацькоў сямёра, я — шосты. Трэба было зямлю апрацоўваць, кароў пасвіць. Не да вучобы. А тут брыгадзірам назначаюць. Мне — усяго 26 гадоў, а ў падпарадкаванні — людзі ўзросту майго бацькі. Параіўся з ім, што рабіць. А ён сказаў: «Паважай кожнага, і цябе будуць паважаць». Гэтым прынцыпам кіруюся ўсё жыццё.

У брыгадзе тады было пад 80 чалавек. Уся работа выконвалася ўручную. На сенажаць выходзілі мужчыны з косамі, жанчыны — з граблямі і так нарыхтоўвалі сена для жывёлы. Шмат сеялі льну. Затым яго рвалі, слалі, падымалі, сартавалі. Спраў хапала. І ўсюды патрэбна было пільнае брыга­дзірскае вока.

Гэтым часам у Калінаўку прыехала маладзенькая настаўніца і прыглянулася брыгадзіру. Успыхнула каханне. Выпрабоўвалі яго два гады, і толькі тады Аляксандр прывёў у дом гаспадыню. З таго часу мінула 62 гады. Шмат падзей адбылося. Аляксандр Усцінавіч у вячэрняй школе атрымаў сярэднюю адукацыю, паступіў у Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Завочна закончыла Віцебскі педінстытут і яго жонка Соф’я. Пастаянна трымалі вялікую гаспадарку, апрацоўвалі шмат зямлі. У доме Вештартаў любіла гас­ціць іх вялікая радня.

Выхавалі трох годных сыноў. Маюць шасцярых унукаў, аднаго праўнука.

— Ці шмат трэба чалавеку ў маім узросце? Здароўе і крыху ўвагі ад родных і блізкіх — гаварыў юбіляр. — Мы з Мікалаеўнай пакуль удваіх. І нам добра. Здароўе адпавядае ўзросту. Дзякуй за ўсё Богу!

У Аляксандра Усцінавіча фенаменальная памяць: ён падрабязна расказваў пра пражытае, называў прозвішчы і імёны тых, з кім працаваў. Дзякаваў за падарункі, песні і музыку, аматарам якой з’яўляецца. У маладосці самастойна навучыўся граць на гармоніку, быў актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці. І за святочным сталом не ўтрымаўся — заспяваў свае любімыя песні на рускай і польскай мовах. А на развітанне нават завальсаваў з Людмілай Мелец.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.