Почему в 1920 году центром созданного уезда были выбраны не Поставы, а Дуниловичи?

История

Паставы супраць Дунілавіч

У 1920 годзе цэнтрам створанага павета былі выбраны не Паставы, якія два гады знаходзіліся на лініі расійска-германскага фронту, а Дунілавічы, практычна не пацярпелыя падчас вайны. У першыя гады адміністрацыя і сем’і чыноўнікаў кватаравалі ў прыватных памяшканнях. Да 1924-га былі пабудаваны асобныя дамы для адміністрацыі Староства і павятовага Сейміка, а таксама пяць вялікіх жылых дамоў з гаспадарчымі пабудовамі для сем’яў.

Аднак яшчэ ў 1922 годзе высокапастаўлены дзяржаўны чыноўнік — дэлегат урада — выказаў думку аб неабходнасці тэрытарыяльных змен у адміністрацыйным падзеле Віленшчыны. У наступным годзе было праве­дзена апытанне сярод чыноўнікаў розных рангаў, уключаючы гмінных. Усе схіляліся да таго, што цэнтр павета трэба пераносіць у Паставы. Такую выснову зрабілі і некалькі дэлегацый, якія працавалі ў Паставах годам пазней. Тагачасны віцэ-міністр Смольскі стварыў спецыяльную камісію для вывучэння пытання. І яна прыняла рашэнне на карысць Пастаў. 25 чэрвеня 1925 года Рада Народных Міністраў у шэрагу іншых спраў ухваліла змену сядзібы павятовай улады.

Дунілавічы, 1916 год

Але палеміка на гэту тэму не скончылася. Прыводзіліся аргументы за Дунілавічы. Асноўны з іх — пабудаваныя дамы, якія не перанясеш. Брукаваныя дунілавіцкія вуліцы і сквер каля касцёла — таксама спадчына нядоўгай гісторыі мястэчка як цэнтра павета. Дэпутацыя з Дунілавіч адправілася з хадайніцтвам у Варшаву, у Сейм, да камісара па фінансах і нават да прэзідэнта. Ініцыявалі пратэстныя звароты гмінных рад, тармазілі разбудову Пастаў.

Асвятленню канфлікту паміж мястэчкамі шмат увагі ўдзялялі тагачасныя газеты. Розныя выданні падтрымлівалі як адзін, так і другі бок. У снежні 1925 года «Слова» пісала:

«Некалі Паставы ў часы перад падзеламі былі сядзібай павета (Завілейскага). Цалкам зруйнаваныя падчас сусветнай вайны, але пульсіруючыя жыццём і з амерыканскай хуткасцю адноўленыя, большыя цяпер за Дунілавічы, якія падчас вайны не пацярпелі, але ў якіх у апошняе пяцігоддзе нічога, акрамя пяці дамоў для служачых і яшчэ некалькіх прыватных, не збудавана. Праз Паставы прахо­дзіць шырокакаляёвая чыгунка, Дунілавічы аддалены ад чыгункі на 10 км. Паставы маюць даволі вялікі кантынгент мясцовай інтэлігенцыі, Дунілавічы ж, акрамя прыезджых чыноўнікаў, наогул яе не маюць. Паставы маюць вялікі гандаль, які хутка развіваецца, асабліва хрысціянскі. Дунілавічы відаў на развіццё гандлю не маюць. Паставы маюць выгляд горада ці хаця б вялікага мястэчка. Дунілавічы — гэта тыповая вёска ці ў найлепшым выпадку мізэрнае мястэчка».

Яшчэ больш кампліментаў Паставам выказала згаданая газета двума месяцамі раней:

«Як тып большага людскога паселішча, Паставы складаюць мілае выключэнне сярод мястэчак Віленшчыны. Таму што гэта бадай адзінае мястэчка, якое будавалася з пэўнымі правіламі, планамі і логікай. Тыя, хто пачыналі будаваць Паставы, стараліся прыгатаваць тэрыторыю пад будучы, можа незадоўга, вялікі горад. Намечаныя вуліцы роўныя, шырокія, азначаны рынак як цэнтр, будаваліся, не выпадкова выбіраючы месца, а згодна з прадугледжаным планам. Таму наша мястэчка мае такі еўрапейскі выгляд, што падабаецца прыезджым».

Каб закончыць супраць­стаянне мястэчак, цэнтральныя ўлады перавялі на пасаду старасты Пастаўскага павета Казіміра Аброцкага, які да гэтага кіраваў Ашмянскім паветам. Пасля прыняцця староства Аброцкі разам са сваім намеснікам Эдмундам Яноўскім і двума чыноўнікамі паехалі ў Паставы, каб разабрацца ў сітуацыі з жыллём і распрацаваць план пераносу. Абыходзілі ўсе памяшканні, вялі запісы, на падставе якіх пазней былі выпрацаваны дакладныя планы і праекты размяшчэння аддзелаў і чыноўнікаў так, каб пры пераносе пазбегнуць неразбярыхі. На патрэбы павятовай адміністрацыі найбольш актыўна адклікнуліся хрысціяне, а яўрэі прапанавалі толькі пару памяшканняў.

У першачарговых планах павятовай улады было: наладжванне электраасвятлення, заканчэнне будаўніцтва Народнага дома, рамонт тратуараў, узвядзенне лазні, купальні, гарадской важніцы, бойні, гімназіі, аднаўленне промыслаў.

15 студзеня 1926 года адбылося першае пасяджэнне павятовага Сейміка новаўтворанага Пастаўскага павета. З’ехаўся 21 член Сейміка, яны прадстаўлялі 12 гмін. Такім чынам на карысць Пастаў закончылася амаль трохгадовая тузаніна паміж двума мястэчкамі. На працягу года адміністрацыі павета давялося шукаць дадатковыя фінансы, бо іх не хапала на самыя неабходныя патрэбы — плату служачым, солтысам, за школьныя памяшканні і староства. З-за гэтага нават сезонныя работы, такія як рамонт школьных будынкаў і будаўніцтва мастоў, былі спынены.

У пачатку 30-х гадоў XX стагоддзя здарыўся сусветны эканамічны крызіс, які падкасіў эканоміку павета. У выніку многія планы былі перагледжаны. Верагодна, менавіта з-за недахопу грашовых сродкаў будаўніцтва бойні зацягнулася на некалькі гадоў, нават было спынена на значны перыяд, бо агульны кошт будаўніцтва складаў 120 000 злотых. Адкрыццё і асвячэнне бойні з халадзільнікам і сучасным абсталяваннем, разлічанай на пастаўкі мяса на экспарт, адбылося толькі ў лютым 1938 года. Да гэтага на экспарт адпраўлялі жывёлу жывой вагой.

Таннейшыя аб’екты былі пабудаваныя раней, чым бойня. Вось што паведамляў «Кур’ер Віленскі» ў чэрвені 1936 года:

«У Паставах 30 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё новай вяслярнай прыстані, якая знаходзіцца над найпрыгажэйшым грэбенем возера на так званай Гарбарцы. Трэба адзначыць, што прыстань узорна абсталявана, мае вялізныя памяшканні для байдарак і лодак, кабіны для тых, хто купаецца, трамплін. Пры прыстані ў суседстве з сасновым лесам ёсць прыгожы пляж».

Пэўныя сумы выдаткоўваліся на правядзенне гідрамеліярацыйных работ. У 1936 годзе яны былі выкананыя на 13 аб’ектах агульным аб’ёмам 80 000 кубічных метраў, планавыя паказчыкі на наступны год — 140 000 кубаметраў.

Самай знакавай для Пастаў будоўляй стала ўзвядзенне да 1935 года кашараў для 23-га ўланскага палка. Яна не толькі на многія гады вызначыла статус горада як аднаго з самых мілітарызаваных, але і паспрыяла гарадской разбудове. А 1 верасня 1936 года ў Паставах адкрылася прыватная гімназія.

(Арфаграфія і пунктуацыя таго часу захаваныя.)

Іван Сіманёнак



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.