Выставка, посвященная Великой Отечественной войне, открылась в районном краеведческом музее

Главное История

Вайна. Перамога. Памяць

Такую назву мае новая выстава, арганізаваная ў Пастаўскім раённым краязнаўчым музеі і прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне. Асобнае месца ў ёй займае тэма генацыду мясцовага насельніцтва ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Пра тыя жудасныя старонкі гісторыі наведвальнікам музея расказваюць здымкі і дакументы, размешчаныя на двух асобных стэндах.

Аднымі з першых новую экспазіцыю паглядзелі намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Чаплінская, пракурор Пастаўскага раёна Аляксандр Козіч, старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч і іншыя. Для іх 9 лютага ў музеі была арганізавана экскурсія.

Пра выставу ў цэлым гасцям расказала дырэктар Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка.

Супрацоўнік музея Аксана Журава паказвае намесніку старшыні райвыканкама Станіславу Чымбургу і пракурору раёна Аляксандру Козічу альбом з экспазіцыі пра генацыд насельніцтва Пастаўшчыны падчас нямецка-фашысцкай акупацыі

— Усе экспанаты — выключна з фондаў нашага музея, — расказвала Таццяна Гвідонаўна. — Ёсць і сапраўды ўнікальныя, трафейныя: самаробны мінамёт, друкавальная машынка, асабістыя рэчы людзей, звязаных з партызанскім рухам. Ганарымся і Чырвоным Сцягам, які ў першыя дні вайны схавала настаўніца прамышлядскай школы Пастаўскага раёна Ганна Пашкевіч. У гады вайны гэты сцяг быў перададзены ў адзін з партызанскіх атрадаў, а пасля вызвалення Пастаў менавіта ён узвіўся над горадам як сімвал блізкай Перамогі. Маем таксама шмат матэрыялаў пра падпольшчыкаў, вызваліцеляў раёна. У фондах захоўваецца і каштоўная калекцыя ўзнагарод, якую дэманструем на 9 Мая і ў іншыя знакавыя даты.

Таццяна Гарошка расказвае пра выставу

Пра частку экспазіцыі, пры­свечаную тэме генацыду, расказала супрацоўнік музея Аксана Журава. Свой аповед яна распачала з сумнага факту: за 3 гады акупацыі фашысцкія варвары расстралялі і закатавалі больш за 4 200 жыхароў раёна.

Цяжка было слухаць пра жудасныя падзеі, балюча — гля­дзець на сабраныя ў экспазіцыі здымкі. Адна са спаленых вёсак у гады вайны на Пастаўшчыне, разбураныя будынкі ў цэнтры горада, помнікі на месцы масавага знішчэння яўрэяў і расст­рэлу мірных жыхароў у Кашыцах, Васілінах, Дунілавічах — гэта і многае іншае адлюстравана на фатаграфіях.

Разбураныя ў гады вайны будынкі ў цэнтры г. Паставы, 1944 год

На адной з іх бачна, як піянеры і школьнікі ўшаноўваюць памяць бязвінных ахвяр на месцы спаленай фашыстамі вёскі Альцы. Пра яе, пастаўскую Хатынь, ведаюць многія. Аднак не толькі ў ёй на тэрыторыі раёна было зажыва спалена мірнае насельніцтва. Жудасныя падзеі напрыканцы 1942 года адбываліся і ў Хардакове (цяпер гэта вуліца Партызанская ў вёсцы Гута).

— Калісьці ў Хардакове налічвалася каля двух дзясяткаў хат, — расказвала Аксана Журава. — Вёска з усіх бакоў была акружана лесам, і ў многім менавіта гэта акалічнасць прывяла да трагедыі. Фашысты западозрылі мясцовых жыхароў у сувязі з партызанамі і ўчынілі расправу. Усіх, каго ўдалося схапіць, сагналі ў дзве хаты і падпалілі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі на месцы. Загінула звыш 20 чалавек, сярод іх — цэлыя сем’і: Пачкоўскія, Казароўцы, Белі.

Некалькім чалавекам удалося ўцалець. У іх ліку быў і цяжкапаранены 12-гадовы Ананій Пачкоўскі. Яго выратаваў бацька, цудам ім удалося ўцячы. Але і далей хлопца чакалі выпрабаванні: Ананій быў вывезены ў Германію, затым — у Аўстрыю, знаходзіўся за 30 кіламетраў ад Югаславіі. Дадому вярнуўся ра­зам з Савецкай Арміяй.

Менавіта па ўспамінах Ананія Пачкоўскага, а таксама яшчэ аднаго мясцовага жыхара — Віталія Казароўца — удалося ўстанавіць ход трагічных падзей, якія адбываліся ў Хардакове. Зараз пра іх нагадваюць два помнікі, якія стаяць менавіта на месцах дзвюх хат, у якіх былі спалены вяскоўцы. У 2020 годзе прайшла поўная рэканструкцыя гэтых помнікаў, а самі пахаванні пастаўлены на дзяржаўны ўлік.

Шмат страшэнных звестак гучала пра яўрэйскае гета ў Паставах, Лынтупах, Дунілавічах. Увогуле, пра злачынствы фашыстаў вядома шмат. Але і праз 80 гадоў пасля вайны адкрываюцца новыя звесткі, новыя пахаванні. Дапамагаюць іх знайсці і работнікі пракуратуры.

— У красавіку 2021 года Генеральнай пракуратурай узбуджана крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, — адзначыў падчас мерапрыемства пракурор раёна Аляксандр Козіч. — Работнікі пастаўскай пракуратуры таксама ўключаны ў склад следчай групы і актыўна ўдзельнічаюць у расследаванні злачынства на тэрыторыі нашага раёна. На жаль, засталося вельмі мала сведкаў тых падзей. Тым не менш мы ўжо дапыталі і прызналі пацярпелымі 49 малалетніх вязняў, якія ў час вайны былі вывезены ў Германію. Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву з краязнаўчым музеем удалося ўстанавіць 2 новыя пахаванні мірных жыхароў у Дунілавічах.

Праводзіцца работа і па нанясенні на карту каардынат 87 населеных пунктаў Пастаўшчыны, спаленых цалкам або часткова ў гады акупацыі.

— Тэму генацыду будзем даследаваць і далей, — рэзюмаваў пракурор. — Мы маем звесткі, што ў гады вайны каля трох дзясяткаў мірных жыхароў былі расстраляныя і ў Лучаі. Прамых сведкаў тых падзей няма, гэта нам расказала 93-гадовая жанчына — сястра відавочцы. Вядома і прыблізнае месца пахавання. Старэйшыя жыхары пацвярджаюць, што там была магіла. Расставіць усе кропкі над «і» ў гэтым выпадку дапаможа толькі 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён, які будзе запрошаны ў наш раён. Трэба рабіць усё магчымае, каб памяць пра нявінна загубленых людзей была захавана.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.