Александра Козлова из СШ №1 вышла в суперфинал интеллектуального шоу для школьников «Я знаю!»

Главное Образование

Усёзнайка з першай школы

26 лютага на тэлеканале «Беларусь 1» выйшаў у эфір чарговы выпуск інтэлектуальнага шоу для школьнікаў «Я знаю!». Сярод 12 яго ўдзельнікаў — 8-класнікаў устаноў адукацыі рэспублікі — была і навучэнка СШ №1 Пастаў Аляксандра Казлова. Пры падтрымцы сваёй мамы, настаўніцы матэматыкі гэтай жа школы Надзеі Сцяпанаўны Казловай, якая знаходзілася ў тэлевізійнай настаўніцкай, Саша паспяхова прайшла ўсе 4 туры гульні і трапіла ў суперфінал праекта.

Паехаць на «Я знаю!» дзяўчына марыла з 5 класа. Але такі шанц выпаў толькі ў гэтым навучальным годзе: Саша вытрымала немалую канкурэнцыю ў сваёй школе і раёне, а затым — абласны адбор. Ён право­дзіўся ў канцы кастрычніка ў анлайн-рэжыме па той жа схеме, што і тэлеперадача.

— Пра тое, што дапушчана да ўдзелу ў абласным адборы, я даведалася за некалькі гадзін да яго пачатку, — расказвала Аляксандра. — Таму часу на падрыхтоўку не было, разлічвала толькі на атрыманыя раней веды. А вось да перадачы, якая запісвалася 17 лістапада, рыхтавалася на працягу двух тыдняў. Паколькі вучэбных прадметаў шмат і ведаць абсалютна ўсё немагчыма, прыйшлося штосьці падцягваць, дачытваць. Пры гэтым узяла яшчэ праграму 9 класа, а пытанні былі за 7-ы.

Едучы ў Мінск, Саша паставіла сабе мэту — абавязкова трапіць у 3-і тур гульні. І ўжо пасля 2-га тура па суме набраных балаў зай­мала 2-е месца сярод удзельнікаў. Пасля 3-га аказалася на роўных са сваім адзіным на той момант сапернікам — школьнікам з Гомеля. Усё вырашыў апошні, 4-ы, тур. У ім пастаўчанка набрала ўсяго на 4 балы менш за канкурэнта — менавіта ў такую суму ацэньваўся кожны правільны адказ. Але агульная колькасць балаў дазваляе ёй сапернічаць з самымі эрудыраванымі школьнікамі ў суперфінале праекта, які павінен хутка адбыцца.

Размаўляючы з дзяўчынай, не магла не пацікавіцца яе ўражаннямі ад гульні. І, прызнацца, была крыху здзіўленая пачутым ад Сашы. Па словах школьніцы, ёй больш спадабалася самой адказваць на пытанні вядучага Георгія Калдуна, чым выбіраць адзін з прапанаваных варыянтаў адказу. Таму ад двух апошніх тураў яна атрымала вялікае задавальненне. Пры гэтым зусім не хвалявалася пад прыцэлам відэакамер: да іх ужо прывыкла, бо даводзілася не раз даваць інтэрв’ю журналістам «Паставы ТБ». Дзяўчына вучыцца ў самым моцным у сваёй паралелі 8 «В» класе, дзе шмат прызёраў розных алімпіяд і конкурсаў.

А вось Сашына мама хвалявалася вельмі моцна і перажывала за дачку: так хацелася, каб яна перамагла!

— Я верыла ў перамогу, таму што ўпэўненая ў Сашы, — гаварыла Надзея Казлова. — Яна шмат ведае, шмат чытае, добрасумленна рыхтуецца да ўрокаў. Тое, што свабодна трымаецца перад камерай, — асаблівасць яе характару. Дачка актыўная, экспрэсіўная. І адрэналін не перашкаджаў ёй, як некаторым удзельнікам, а наадварот, дапамагаў праходзіць тур за турам.

Аляксандра цікавіцца рознымі галінамі ведаў і любіць вучыцца. Гэта пацвярджаюць суцэльныя дзясяткі ў яе дзённіку. І ўсё ж любімымі прадметамі дзяўчыны з’яўляюцца беларуская мова і фізіка. У многім дзякуючы настаўнікам, якія іх выкладаюць, — Галіне Іжмайловіч і Жанне Вайцяховіч. Яны ўмеюць захапіць навучэнцаў сваімі прадметамі і знайсці ключык да сэрца кожнага. Саша з 5 класа ўдзельнічае ў рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, летась стала пераможцай яе абласнога этапа. Крыху пазней паспрабавала свае сілы ў алімпіядзе па матэматыцы і таксама дабілася добрых вынікаў, затым — па хіміі і фізіцы.

Валодаючы жывым розумам, дзяўчына хутка засвойвае новую інфармацыю, таму дома доўга не сядзіць за ўрокамі. У вольны час чытае дадатковую вучэбную і мастацкую літаратуру. Асабліва падабаюцца дэтэктывы, пад уплывам якіх вырашыла стаць следчым, у чым прызналася савядучай Георгія Калдуна — Юліі Пярцовай. Яна на працягу ўсёй перадачы знаходзілася з педагогамі ў настаўніцкай і ўзнагароджвала ўдзельнікаў гульні. Журналіст уручыла пастаўчанцы дыплом з аўтографам свайго калегі і пажаданнямі ўдачы, ве­рыць ва ўласныя сілы, імкнуцца да ведаў і дасягаць новых вышынь, а таксама падарункі ад Белтэлерадыёкампаніі і спонсара пректа — Белдзяржстраху.

— Праект «Я знаю!» проста цудоўны! — захаплялася падчас сустрэчы Надзея Сцяпанаўна. — Мне падабаецца, што дзеці мо­гуць паспаборнічаць у тэлеэфіры, паглядзець на іншых і паказаць сябе. Эмоцыі перапаўняюць да гэтага часу. Знаходзячыся ў студыі, адчувала вялікае задавальненне і ад гульні, і ад самой абстаноўкі, і ад таго, як Саша адказвала на пытанні. Я ганаруся дачкой-ра­зумніцай! Цяпер рыхтуемся да фіналу. На яго паедзем толькі па перамогу.

* * *

Акрамя Аляксандры Казловай, удзельніцамі тэлепраекта «Я знаю!» нядаўна сталі дзве навучэнкі пастаўскай СШ №4 — 9-класніца Алёна Варановіч і 11-класніца Вікторыя Курцэвіч. Алёна выбыла пасля 3-га тура гульні, Вікторыя — пасля 2-га.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.