Посетителей ОДП для граждан пожилого возраста ТЦСОН научили, как вырастить грибы на колоде

Общество

Вырасціць грыбы …на калодзе

Такую мэту паставілі перад сабой актыўныя наведвальніцы аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН.

На працягу мінулага года ініцыятыўныя жанчыны Віцебскай вобласці, у тым ліку пастаўчанкі, удзельнічалі ў сацыяльным дабрачынным праекце, падчас якога вывучалі асновы вядзення аграбізнесу. Ініцыятарам праекта выступаў Беларускі дзіцячы фонд пры падтрымцы Віцебскага аблвыканкама і фонду «Кока-Кола». Удзельніцам бясплатна выдзялялася насенне, расада, удабрэнні, сродкі аховы раслін, матэрыял для парнікоў і іншае. Аматары земляробства не толькі атрымалі грунтоўныя веды ў галіне аграбізнесу, але і навучыліся прадукцыйна выкарыстоўваць свае зямельныя ўчасткі для вырошчвання агародніны як для сваіх патрэб, так і на продаж. Заняткі праводзілі вопытныя куратары — аграномы, эксперты ў галіне малога прадпрымальніцтва, фінансаў, маркетынгу, арганічнага земляробства. З многімі з іх у пастаўчанак завязалася цеснае супрацоўніцтва.

Дацэнт кафедры эканомікі і кіравання інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці Анатолій Спрынчак

А сёлета аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН ініцыявала свой праект. Ён называецца «Грыбнічок».

— Нам будзе выдзелены ўчастак побач з аддзяленнем. Там размесцім бярозавыя калоды, на якіх будзем вырошчваць грыбы, — расказвала мадэратар праекта Аксана Дробышава. — Дапамагаць у гэтым нам будзе дацэнт кафедры эканомікі і кіравання інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці Анатолій Спрынчак. З ім мы знаёмыя з папярэдняга праекта. Ён вопытны гаспадарнік. Працоўную дзейнасць пачынаў з пасады агранома ў родным Талачынскім раёне. Затым кіраваў сельгаспрадпрыемствам, выкладаў у Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Падчас рэалізацыі праекта па асновах аграбізнесу часта чытаў у нас лекцыі. Мы добра памятаем яго цікавыя выступленні.

Нядаўна прайшлі першыя тэарэтычныя заняткі па праекце «Грыбнічок». На іх прысутнічалі зацікаўленыя асобы не толькі з нашага раёна, але і з Шаркаўшчынскага. На сустрэчу прыехала аграном з Глыбокага Аляксандра Плыгаўка, якая на Пастаўшчыне курыравала рэалізацыю папярэдняга праекта. Прысутныя пазнаёміліся з асновамі грыбаводства. Анатолій Спрынчак расказаў таксама пра абрэзку пладовых дрэў, якая актуальная ў сакавіку. Яму задавалі шмат пытанняў, і на ўсе Анатолій Іванавіч даваў кампетэнтныя адказы.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

— Мы плануем не толькі вырошчваць грыбы, але і стварыць у тым месцы спецыяльную зону адпачынку, — гаварыла Аксана Дробышава. — Установім лавачкі, парасоны ад сонца, дзе будзе магчымасць ладзіць літаратурныя сустрэчы, невялікія канцэрты. Ініцыятыў шмат, жадаючых іх ажыццяўляць — таксама. Таму спадзяюся, што ўсё ў нас атрымаецца.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.