Поставский писатель, краевед и педагог Игорь Прокопович выступил на пограничных заставах

Приграничье

У слове – сіла

У гэтым перакананыя ў Дзяржаўным пагранічным камітэце Рэспублікі Беларусь, які некалькі гадоў назад пачаў наладжваць супрацоўніцтва з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Дзякуючы такой ініцыятыве ў воінскіх часцях органаў пагранслужбы сталі ладзіцца сустрэчы салдат і літаратараў. 17 сакавіка яны прайшлі і на Пастаўшчыне — на пагранічных заставах у Ярэве і Лынтупах выступіў вядомы пастаўскі пісьменнік, краязнавец і педагог Ігар Пракаповіч.

У армейскай абстаноўцы Ігар Міхайлавіч пра сваю літаратурную дзейнасць ужо расказваў. Яшчэ да пачатку пандэміі яго як члена Саюза пісьменнікаў запрашалі на сустрэчы ў пагранічную камендатуру «Паставы» і на заставу ў Лынтупы. А вось да ваеннаслужачых у Ярэва пісьменнік завітаў упершыню і быў прыемна здзіўлены ўмовамі, у якіх яны нясуць службу. Пра будні салдат госцю расказаў начальнік пагранзаставы «Ярэва» Эдуард Барташэвіч. Ён таксама паказаў нядаўна ўстаноўленую на вышцы камеру з бачнасцю ў некалькі кіламетраў, новыя вялікія маніторы, на якія ў рэжыме анлайн паступае інфармацыя з розных участкаў граніцы.

Салдаты тэрміновай службы разглядаюць кнігі Ігара Пракаповіча

Па-сучаснаму абсталяваны і пакой вольнага часу і інфармавання. Для салдат тэрміновай службы тут абсталявана міні-бібліятэка. Прыхільнікі друкаванага мастацкага слова на заставе ёсць заўжды. Гэта пацвердзіла і сустрэча, у цэнтры ўвагі якой была творчасць Ігара Пракаповіча.

З сабой у Ярэва ён прывёз шэраг уласных краязнаўчых і паэтычных кніг: «Чароўны край — Пастаўшчына», «Край беларускага сэрца — Мядзельшчына», «Астравы існасці», «Рэха малітвы», «Шляхі наканаванага бязмежжа» і іншыя. Усяго ж Ігар Міхайлавіч з’яўляецца аўтарам больш чым 60 кніг і кніжачак. Многія яго паэтычныя творы пакладзены на музыку — падчас мерапрыемства можна было пачуць некалькі такіх песень. Гучалі і вершы. Іх пранікнёна чыталі і аўтар, і арганізатар мерапрыемства — старшы афіцэр аддзялення інфармацыі і прапаганды аддзела ідэалагічнай работы в/ч 2044 Дзяніс Варанцоў.

У музеі баявой славы пагранзаставы «Лынтупы» выступае Ігар Пракаповіч

Падобны сцэнарый сустрэчы быў і на заставе ў Лынтупах. Выступаючы ў музеі баявой славы, Ігар Міхайлавіч акцэнтаваў увагу на тым, што менавіта на Лынтупшчыне — у вёсцы Апідамы — ён распачынаў сваю педагагічную і краязнаўчую працу. Там жа здзейсніў з вучнямі свае першыя экспедыцыі (на сёння іх колькасць перавысіла дзве сотні).

— Неяк трапілі са школьнікамі ў стараверскую царкву ў Куклянах, што недалёка ад Апідамаў. Інфармацыі пра яе нідзе не было, шукаў самастойна, — узгадваў Ігар Пракаповіч. — Так і пачаў збіраць звесткі пра разнастайныя помнікі раёна, каб не было так: ходзіш па роднай зямлі і не ведаеш, што бачыш перад вачыма. Спадзяюся, што сённяшняя сустрэча натхніць юнакоў на больш цеснае знаёмства з гісторыяй Пастаўшчыны. Нам, сапраўды, «не дано предугадать, как слово наше отзовётся…».

Салдатам, якія прыехалі слу­жыць у Лынтупы з розных рэгіёнаў Беларусі, было цікава даведацца пра край, у якім яны апынуліся.

— Я родам з Оршы, — расказваў пасля сустрэчы курсант Кірыл Лебедзеў. — Безумоўна, уражаны колькасцю выданняў пра Пастаўшчыну. Але асабліва мяне зацікавіла кніга пра Мядзельшчыну. У гэтым рэгіёне ўдалося шмат дзе пабываць. Гартаю кнігу — і бачу столькі знаёмых мясцін! Нават на вокладцы помнік, ля якога некалі сам фатаграфаваўся. Як падрабязна ўсё распісана! Хочацца даведвацца больш як пра Мядзельскі, так і пра Пастаўскі раён.

Пра ўражанні ад сустрэчы распытала і ў яе арганізатара Дзяніса Варанцова. І стала зразумела, чаму ён так прафесійна дэкламаваў вершы і гумарэскі І. Пракаповіча.

— Я выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — вучыўся на спецыяльнасці «Акцёрскае майстэрства (драмтэатр і кіно)», — ашарашыў сваім прызнаннем Дзяніс Аляксандравіч. — Сустрэча глыбока адгукнулася ў душы, бо і сам вельмі люблю беларускае слова, беларускую літаратуру. Мае любімыя творы — «Подых навальніцы» Івана Мележа, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча. І сёння мяне вельмі ўразіла, наколькі прафесійна піша Ігар Пракаповіч, колькі ў яго творах філасофіі, вобразнасці, гумару…Пастараюся, каб яго кнігі з’явіліся ў бібліятэках на кожнай заставе в/ч 2044. Упэўнены, што яны будуць карыстацца папулярнасцю. Як і няма сумненняў у тым, што нават у век лічбавых тэхналогій друкаваная кніга будзе ў пашане і паслужыць верай і праўдай не аднаму пакаленню чытачоў.

 Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.