С верой в добро и искренних людей живет Евгения Антух из д. Забродье

Общество

З верай у дабро і шчырых людзей жыве Яўгенія Антух з вёскі Заброддзе.

У панядзелак яе двор ператварыўся ў канцэртную пляцоўку: грала музыка, з кветкамі стаялі госці. На ганак выйшла сама гаспадыня, якой у той дзень споўнілася 90 гадоў, а ёй насустрач — роставая лялька Белы Мядзведзь. Такім незвычайным чынам родныя вырашылі павіншаваць дарагога чалавека з важкім юбілеем.

Затым усе сабраліся за святочным сталом. Тосты перапынялі тэлефонныя званкі. Імянінніца на іх адказвала і зноў слухала пажаданні прысутных.

— Адны віншавалі менавіта ў дзень нараджэння, — расказвала мне пазней юбілярка. — Іншыя тэлефанавалі, убачыўшы фотаздымкі, якія ўнучкі размясцілі ў сацыяльных сетках. Ці ж магла калі падумаць, што дажыву да такога веку! Жыццё няпростым было. Бацька загінуў на вайне, мама і бабуля выхоўвалі мяне, сястру і брата. Мы рана сталі дарослымі, бо трэба было дапамагаць па гаспадарцы. Выйшаўшы замуж, сямейнага шчасця не спазнала, 18 гадоў жылі ўдзвюх з дачкой. Сама арала, нарыхтоўвала дровы і сена, цяжка працавала даяркай на ферме. Доўга не магла прыняць у сваё сэрца іншага мужчыну.

І толькі калі дачка выйшла замуж, задумалася пра сябе і пабралася шлюбам з Анатолем Антухам з Заброддзя. Са Шчотак пераехала на новае месца жыхарства, уладкавалася паштальёнам. Абслугоўвала Чыгуначную Казарму, што каля мікрараёна 6 гарадка, Дукі, Ліцвінкі, Азёркі, Сіўцы. Толькі ў Сіўцах у той час было 70 дамоў. Людзі пісалі адно аднаму пісьмы, слалі паштоўкі, выпісвалі шмат перыядычных выданняў. Таму сумка паштальёна заўсёды была важкай. Хадзіла з ёй па бездарожжы, праз лес.

Мела дваіх унукаў, калі нарадзіла сына Івана. Сябе з мужам не шкадавалі: і гаспадарку трымалі, і гародніны шмат садзілі. Калі Іван вучыўся ў вучылішчы, аўдавела. Таму яшчэ 4 гады працавала, знаходзячыся на пенсіі.

— Затое як добра мне жыць цяпер! — не хавае задавальнення Яўгенія Янаўна. — У доме ўсе выгоды. Толькі з восені, каб не заседжвацца, крыху цеплю дрывамі. А цісне мароз — уключаю электраацяпленне. Бялізну мые машына-аўтамат. Сын з нявесткай прадукты прывозяць.

Старасць у Яўгеніі Антух і сапраўды спакойная. Яна ганарыцца дачкой і сынам, 5 унукамі, 10 праўнукамі, цешыцца 5 прапраўнукамі. Усе пра яе клапоцяцца. Мінулым летам унучка Аня выходзіла замуж, і бабуля была ганаровай госцяй на вяселлі. Адыходзіў на службу ў армію праўнук Антон, і прабабуля сядзела на пачэсным месцы за сталом.

Госці раз’ехаліся з юбілею, а Яўгенія Янаўна падрыхтавала зямлю, скрыні для пасеву памідораў. На наступны дзень з нявесткай Ленай пасеяла іх. Доўгажыхарка вельмі любіць вясну. І не толькі таму, што прыходзіць цяпло, абуджаецца прырода, але і за тое, што з’яўляецца работа ў агародзе, на клумбах. Для жанчыны час у руху ідзе цікавей.

— Жыву з верай у дабро і шчырых людзей, якіх на маім жыццёвым шляху шмат, — гаварыла яна. — З вышыні пражытага, сёння многае здаецца такім неістотным! Цаню тое, што маю. Для мяне гэта мая вялікая сям’я. Дзякую Богу за яго бязмежную любоў і ласку.

Не часта даводзіцца сустракаць пажылых, якія літаральна выпраменьваюць энергію, добры настрой і зараджаюць сваім пазітывам іншых. Яўгенія Янаўна менавіта з ліку такіх.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.