Сегодня у памятника на месте сожженной д. Альцы прошёл митинг и возложение цветов

История

І толькі памяць жыве ў народзе

22 сакавіка 1943 года нацысты знішчылі Хатынь. У агні згарэлі зажыва і былі расстраляныя 149 чалавек, з іх — 75 дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў. У дзень памяці ахвяр Хатыні па ўсёй Беларусі прайшлі жалобныя мерапрыемствы. Мітынг-рэквіем адбыўся і на месцы вёскі Альцы нашага раёна, якая таксама была знішчана разам з жыхарамі.

Едзем вузенькай палявой дарогай. Тут не курсіруе рэйсавы аўтобус, сюды не заяз­джае аўтамагазін і ніхто не піша пісьмы. Толькі вучні Дунілавіцкай СШ, прадстаўнікі грамадскасці прыязджаюць, каб навесці парадак каля помніка-стэлы загінулым жыхарам.

Раніцай 19 студзеня 1943 года альцоўцы займаліся сваімі прывычнымі справамі: дзеці яшчэ соладка спалі, жанчыны гатавалі сняданне, мужчыны даглядалі гаспадарку. Карнікі і паліцаі акружылі вёску і пачалі ўрывацца ў дамы. Расстрэльвалі ўсіх, хто трапляўся пад дула вінтоўкі, забіралі тое, што падабалася. У той дзень абарваліся жыцці 72 чалавек, сярод якіх — 18 дзяцей. Аднаўляць населены пункт на папялішчы не было каму.

Сярод лесу ўзвышаецца толькі стэла ў выглядзе коміна. Каля яе ў аўторак сабраліся прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта і раённых арганізацый «Белай Русі», БРСМ, раённага савета ветэранаў, ваеннаслужачыя, вучні Дунілавіцкай СШ, каб успомніць лёс спаленай вёскі і ўшанаваць памяць яе жыхароў. Да прысутных звярнуўся пракурор раёна Аляксандр Козіч.

— У Беларусі за гады Вялікай Айчыннай вайны спалена каля 9 тысяч вёсак, — гаварыў Аляксандр Аляксандравіч. — У іх ліку Альцы Дунілавіцкага сельсавета. Але чым далей той вогненны час, тым больш сціраюцца з памяці сучаснікаў тыя жудасныя па­дзеі. А забываць іх нельга. У красавіку мінулага года з мэтай устанаўлення сацыяльнай і гістарычнай справядлівасці, ліквідацыі белых плям у гісторыі, умацавання канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа ў гады вайны. Цяпер у кожным раёне праводзіцца паўнамаштабнае расследаванне. Устанаўліваюцца факты злачынства нацыстаў. Што да нашага раёна, то ў кнізе «Памяць» зарэгістравана 87 населеных пунктаў, спаленых поўнасцю або часткова. У ходзе расследавання мы ўстанавілі 133.

Звяртаюся да моладзі: задумайцеся над пакутным мінулым і над тым, як вы хочаце жыць далей. Не забывайце гісторыю сваёй краіны!



Фашысцкай Германіяй быў распарацаваны план па захопе Беларусі. 75% яе насельніцтва належала высяленню і дэпартацыі, 25% – знішчэнню. Было праведзена больш за 140 карных аперацый. Яны мелі такія цынічныя кодавыя назвы, як «Зімовае чарадзейства», «Свята вясны». На адлегласці 30-40 кіламетраў уздоўж граніцы з Латвіяй знішчаліся ўсе населеныя пункты і іх жыхары. А гэта 13 тысяч чалавек, 7 тысяч вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Спаленыя населеныя пункты будуць нанесены на інтэрактыўную карту, і тады стане бачны маштаб злачынстваў фашыстаў.



З заклікам не дапусціць паўтарэння страшнай вайны выступіла і першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Малевіч.

У памяць пра ахвяр фашызму ў 1969 годзе быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Хатынь». Ён нагадвае пра тысячы знішчаных населеных пунктаў Беларусі. Тут ёсць адзіныя ва ўсім свеце «Могілкі неадроджаных вёсак», дзе знаходзяцца урны з зямлёй 185 знішчаных беларускіх населеных пунктаў. Ёсць там і Альцы.

Да гадавіны памяці Хатыні работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна падрыхтавалі літаратурную кампазіцыю. Да стэлы на месцы спаленых Альцоў ляглі вянкі і кветкі. Своеасаблівы ўрок гісторыі завяршыўся хвілінай маўчання.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.