В ОДП для граждан пожилого возраста ТЦСОН принимали гостей из Миорского района

Общество

Радасць ад жыцця ў залатым узросце

У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўсе мерапрыемствы праходзяць цікава. Нядаўна тут прымалі гасцей з Міёрскага раёна.

Сярод іх — валанцёры раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа на чале з яе старшынёй Ганнай Лісковай. Ім цікава было пазнаёміцца з нашым горадам, даведацца, якія святы ладзяцца ў ТЦСАН. Міярчане ў сваю чаргу расказалі, чым займаюцца яны.

Ганна Ліскова і Таццяна Шахава абменьваюцца падарункамі

З захапленнем усе слухалі пастаўчанку Святлану Рассохіну. Яна падзялілася ведамі, набытымі на анлайн-курсах па мадэлінгу, арганізаванымі міжнародным мадэльным агенцтвам, а таксама ўражаннямі ад удзелу ў міжнародным конкурсе мадэляў ва ўзросце ад 50 да 65 гадоў, што праходзіў у Турцыі. На сваім прыкладзе Святлана даказала: у любым узросце можна быць прыгожай, упэўненай, шчаслівай. Мадэль правяла майстар-клас па пазіраванні перад фотааб’ектывам. Актыўныя, бадзёрыя, ініцыятыўныя, крэатыўныя наведвальніцы аддзялення з задавальненнем ­удзельнічалі ў занятках, вучыліся ў яе.

Перад фотааб’ектывам пазіруюць Таццяна Іванова, Святлана Рассохіна і Зоя Дударонак

Старшыня Пастаўскай раённай арганізацыі БТЧК Таццяна Шахава і яе калега з Міёр расказалі прысутным пра некаторыя непрадбачаныя выпадкі, якія могуць здарыцца з кожным у любую хвіліну і паказалі, як трэба аказваць першую дапамогу. Яны ўпэўненыя, што атрыманыя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі дапамогуць валанцёрам не разгубіцца ў складанай сітуацыі. Затым прадстаўнікі БТЧК абмяняліся падарункамі, сярод якіх былі кнігі пра Пастаўскі і Міёрскі раёны, сувеніры.

— Падчас гэтай сяброўскай сустрэчы нарадзіліся новыя ідэі супрацоўніцтва з раённай арганізацыяй БТЧК, міярчанамі, — падвяла вынікі мерапрыемства спецыяліст ТЦСАН Аксана Дробышава. — Нас запрасілі ў госці, і мы збіраемся туды з канцэртнай праграмай. Прадоўжыць свае заняткі і Святлана Рассохіна: яна будзе вучыць наведвальніц аддзялення дэфіляваць, трымаць асанку, наносіць макіяж, разбірацца ў модзе.

У той дзень у аддзяленні доўга гучалі смех і песні, былі танцы. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што радасць ад жыцця можна атрымліваць і ў залатым узросце.

Анна Анішкевіч
Фота аўтара і Аксаны Дробышавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.