Ефрейтор контрактной службы 1-го радиотехнического центра Наталья Гриневич уволена в запас

Приграничье

Страта баявой адзінкі

Адлюстроўванне паветранай абстаноўкі, баявыя дзяжурствы, жыццё па статуце… Ваеннай справе пастаўчанка Наталля Грыневіч прысвяціла чвэрць стагоддзя. Зараз усе складнікі армейскай службы для яе засталіся ў мінулым: яфрэйтар кантрактнай службы 1-га радыётэхнічнага цэнтра звольнена ў запас.

— Для нашай воінскай часці гэта страта баявой адзінкі. Праверанай і надзейнай. Таму нам так шкада з вамі развітвацца! — сцвярджаў на ўрачыстым пастраенні з прычыны звальнення ў запас ваеннаслужачай камандзір 1-га РТЦ Дзмітрый Дзевятоўскі. — Калі я прыйшоў у падраз­дзяленне малодшым лейтэнантам, вы ўжо добрасумленна выконвалі задачы па нясенні баявога дзяжурства, дзяліліся са мной уласным досведам, у чымсьці дапамагалі. Упэўнены, што ў цэнтры няма такога чалавека, які б не звяртаўся да вас па дапамогу. І вы ніколі не адмаўлялі. Ад усяго воінскага калектыву жадаю здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту і мірнага неба. Няхай у вас усё атрымліваецца!

Дзмітрый Дзевятоўскі дзякуе за службу Наталлі Грыневіч

У воінскую часць Наталля Ана­тольеўна ўладкавалася па прапанове былога камандзіра Анатолія Красоўскага. Падраздзяленне ў той час якраз пераехала з Мышак у Паставы. І яна хоць і была далёкая ад арміі, пагадзілася. Час быў цяжкі, трэба было працаваць, а яна пасля 5 гадоў работы выхавальнікам у дзіцячым садку трапіла пад скарачэнне, бо мела маленькі стаж. Ва Узброеных Сілах пачынала аператарам рухомай радыёлакацыйнай станцыі П-37, потым яе перавялі на комплекс сродкаў аўтаматызацыі. Апошнія 7 гадоў служыла старшым планшэтыстам каманднага пункта. У падраздзяленні сустрэла і свой лёс. Разам з мужам выгадавалі сына. Межы паміж домам і работай сцёрліся.

— Вы для мяне — сям’я, — дзякавала ў адказ былым саслужыўцам Наталля Грыневіч. — Дзякуючы добрым камандзірам, шчырым адносінам у калектыве, узаемавыручцы і чалавечнасці кожнага 25 гадоў службы праляцелі як адно імгненне. Для мяне ўсё найлепшае і светлае звязана з арміяй. Тут існуе свая сістэма простых і зразумелых жыццёвых каштоўнасцей, моцныя традыцыі. Няхай і ваша служба пройдзе так жа лёгка, як мая.

У цэнтры Наталля Грыневіч пасля сябе пакідае змену: днямі на кантрактную службу сюды ўладкаваўся яе стрыечны пляменнік Мацвей Хаткевіч. Так бы мовіць, новая баявая адзінка.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.