Главный тренер Василий Грантовский ФСК «Поставы» рассказал о планах наших футболистов на 2022 год

Спорт и туризм

Радаваць кожным матчам

Адначасова з завяршэннем сезона ў нашых валейбалістаў на рэспубліканскім узроўні пачынаюць выступаць пастаўскія футбалісты. 30 красавіка ФСК «Паставы» згуляе ў першым кваліфікацыйным раўндзе розыгрышу Парыматч-Кубка Беларусі па футболе. Яшчэ праз тыдзень на сваім полі пазмагаецца з талачынскай «Нівай».

Пра гатоўнасць каманды да сур’ёзных выпрабаванняў і планы на 2022 год расказаў яе галоўны трэнер Васіль Грантоўскі.

Галоўны трэнер ФСК «Паставы» Васіль Грантоўскі

— Васіль Мікітавіч, ці задаволеныя вы леташнім вынікам сваіх падапечных (9-е месца ў дывізіёне «Віцебскі») і як ў цэлым можаце ахарактарызаваць папярэдні чэмпіянат краіны, дзе ўпершыню ўдзельнічала 77 каманд?

— Адразу адзначу, што пастаўчане па-ранейшаму з’яўляюцца адной з самых маладых і перспектыўных каманд. Сярэдні ўзрост ігракоў — крыху больш за 21 год. Астатнія каманды вобласці ўкамплектаваны футбалістамі пераважна 30-гадовага ўзросту і старэйшымі. Мы адзіныя ў Прыдзвінні, хто гуляў выключна сваімі выхаванцамі. Пры гэтым у 10 з 18 праведзеных сустрэч атрымалі перамогу, саступілі толькі ў чатырох паядынках. З-за недасканалага рэгламенту нас пазбавілі 10 ачкоў у гульнях з прызёрамі з Сянно і Міёр. Таксама несправядліва прысудзілі тэхнічнае паражэнне ў выязным матчы ў Глыбокім, хоць мы суседзяў разграмілі з лікам 4:0.

У цэлым у мінулым сезоне каманда адчувальна прыбавіла ў арганізацыі камбінацыйнай атакуючай гульні.

— Ці змяніўся рэгламент правядзення футбольнага чэмпіянату Беларусі сярод каманд 2-й лігі?

— Колькасць каманд-удзельніц павялічылася да 80. Сёлета свой папярэдні турнір адбудзецца і ў Мінску, дзе з’явіўся сталічны дывізіён. Як і летась, у рашаючы рэспубліканскі раўнд выйдуць 16 наймацнейшых каманд з рэгіёнаў. Яны павядуць барацьбу восенню па кубкавай сістэме з выбываннем па выніках двух матчаў. У прафесійную 1-ю лігу атрымаюць пуцёўкі толькі тры найлепшыя клубы, якія заваю­юць медалі. У дывізіёне «Віцебскі» не будзе дзялення на заходнюю і ўсходнюю зоны. У паралельным абласным першынстве за ганаровае званне чэмпіёна Віцебскай вобласці будуць змагацца 10 каманд. Толькі чэмпіён і сярэбраны прызёр нашай вобласці атрымаюць права далей згуляць з самымі моцнымі з астатніх шасці дывізіёнаў.

Увогуле аматараў футбола чакае захапляльны сезон. Давя­дзецца правесці больш гульняў, а яшчэ дабавяцца матчы розыгрышу Кубка Беларусі па футболе. Зараз каманда інтэнсіўна трэніруецца, стараецца набраць аптымальную спартыўную форму.

— Скажыце, ці ўдалося захаваць мінулагодні склад каманды?

— Страты ў нас мінімальныя. Некалькі футбалістаў цяпер знаходзяцца за межамі Беларусі. Развітаўся з футболам і наш ветэран, шматгадовы капітан каманды Уладзімір Карага, які гуляў за ПМЦ з 2006 года. Ён шмат часу абараняў гонар роднага горада на нацыянальнай арэне, таму мы вырашылі арганізаваць для яго ўрачыстую цырымонію развітання з камандай. Таксама на ёй уручым прыз самаму лепшаму пастаўскаму футбалісту сезона 2021 года. Па выніках апытанняў ім стаў атакуючы паўабаронца Ігар Павініч, які летась 12 разоў вызначыўся ўзяццем варот сапернікаў і стаў адным з найлепшых бамбар­дзіраў вобласці. Вельмі разлічваем на яго і іншых сярэбраных медалістаў 2013 года вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе (U-17).

На нашага вопытнага варатара Андрэя Чашуна, капітана Андрэя Вілейту, абаронцу Максіма Голубева і іншых лідараў павінны раўняцца і браць з іх прыклад маладзейшыя ігракі, якія яшчэ нядаўна гулялі ў рэспубліканскім турніры «Скураны мяч». Каманду ўзмацнілі футбалісты атакуючага плану — Герман Чалей і Яўген Ясюковіч. Мінулы сезон з-за ўведзеных узроставых абмежаванняў прапусцілі Мікіта Зелянкевіч, Крысціян Дзеўгуць. Цяпер яны гатовыя паказаць сябе. А вось з наяўнасцю маладых талентаў у нас праблем не было, як гэта назіралася ў іншых каманд. З гэтай прычыны не заявіўся на чэмпіянат Беларусі ФК «Глыбокае», бо сёлета на полі павінен гуляць мінімум адзін ігрок да 19 гадоў.

Першы матч сезона пастаўчане згуляюць у розыгрышы Кубка Беларусі па футболе на выездзе ў Міёрах.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.