К юбилею Белорусской государственной сельхозакадемии Александр Герасимович вручил Сергею Чепику 2 книги

Образование

На памяць пра акадэмію

Самым цудоўным часам у сваім жыцці многія называюць студэнцкія гады. Гэта пацвердзіў і старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, прымаючы ў сябе ў кабінеце загадчыка кафедры агульнапрафесійных і спецыяльных юрыдычных дысцыплін Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандра Герасімовіча.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт уручыў кіраўніку нашага раёна як выпускніку акадэміі дзве кнігі, выдадзеныя да 180-гадовага юбілею навучальнай установы. Яны разам гарталі старонкі, спыняліся на асобных здымках, якія выклікалі настальгію ў Сяргея Васільевіча.

— Студэнтам факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі акадэміі ў Горках я стаў у 1987 годзе, — успамінаў Сяргей Чэпік. — Вытворчую практыку два разы праходзіў на заводзе імя Ліхачова ў Маскве, затым — у адной з гаспадарак Лепельскага раёна, адкуль я родам. Дыплом атрымаў у гады развалу Савецкага Саюза. Нягледзячы на няпросты час, вучыцца было цікава. Раней рэгулярна арганізоўвалі сустрэчы з аднагрупнікамі. Цяпер сталі больш занятымі і па розных абставінах не заўсёды атрымліваецца наведаць альма-матар.

Аляксандр Герасімовіч і Сяргей Чэпік гартаюць старонкі кнігі, выдадзенай да 180-гадовага юбілею сельгасакадэміі

Сяргей Чэпік і Аляксандр Герасімовіч успаміналі выкладчыкаў. Госць шмат расказваў пра сённяшні дзень навучальнай установы.

— За 180 гадоў існавання акадэмія прайшла шлях ад земляробчай школы да вядучай аграрнай ВНУ Беларусі, — гаварыў Аляксандр Герасімовіч. — За гэты час падрыхтавана больш за 100 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў. У 1985 годзе акадэмію закончыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнікі кожнага трэцяга раёна Беларусі — нашы выпускнікі. Вучняў школ часам насцярожвае слова «сельскагаспадарчая». А між іншым многія спецыяльнасці, якія можна ў нас атрымаць, запатрабаваныя як у сельскай мясцовасці, так і ў горадзе.

Выпускнікоў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі можна сустрэць у самых розных галінах народнай гаспадаркі. Напрыклад, многія з тых, хто закончыў агранамічны факультэт, звязалі сваю дзейнасць з навуковымі даследаваннямі і паспяхова працуюць у інстытутах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Цяплічныя камбінаты, радыелагічныя і экалагічныя лабараторыі гатовы пры­няць на работу выпускнікоў аграэкалагічнага факультэта.

На жывёлагадоўчых комплексах, птушкафабрыках, у запаведніках, нацыянальных парках, камітэтах па экалогіі і ахове навакольнага асяроддзя чакаюць тых, хто заканчвае факультэт біятэхналогіі і аквакультуры. На факультэце механізацыі сельскай гаспадаркі рыхтуюць спецыялістаў шматпрофільных інжынерных спецыяльнасцей, якія знаходзяць сабе прымяненне ў арганізацыях тэхнічнага сэрвісу, праектных інстытутах. Акрамя таго, тут рыхтуюць спецыялістаў для рыбгасаў. Зноў запатрабаваныя выпускнікі меліярацыйна-будаўнічага факультэта. Нямала жадаючых вучыцца на эканаміста, бухгалтара, юрыста.

У акадэміі створаны ўсе ўмовы для вучобы і пражывання студэнтаў, для правядзення навуковых даследаванняў у галіне агратэхнікі вырошчвання і селекцыі раслін. На тэрыторыі студгарадка знаходзяцца 16 вучэбных карпусоў, 14 студэнцкіх інтэрнатаў, бібліятэка з фондам больш за 1 300 000 кніг, сталовая на 800 месцаў, унікальны батанічны сад. Акадэмія цесна супрацоўнічае з вядучымі вучэбнымі сельскагаспадарчымі ўстановамі многіх краін свету.

— Я ў захапленні ад вашай Пастаўшчыны, — не хаваў станоўчых эмоцый Аляксандр Герасімовіч. — Сам родам з-пад Пінска, а мая жонка — з Варапаева. У гарпасёлку застаўся бацькоўскі дом. Нягледзячы на немалую адлегласць, мы любім сюды прыязджаць. Зачароўвае прырода, утульнасць райцэнтра, ветлівасць пастаўчан.

— А я ўдзячны вашай навучальнай установе за высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў для сельскай гаспадаркі, — гаварыў Сяргей Чэпік. — Многія яе выпускнікі паспяхова працуюць і ў нашым раёне. А некаторыя сённяшнія школьнікі мараць пра вучобу ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.