Как лучше поступить с пустующим домом? Продать или снести?

Местная власть

Прадаць або знесці?

Парадак на землях населеных пунктаў, у першую чаргу сельскіх, у немалой ступені залежыць ад таго, якія на іх ёсць пабудовы. Наяўнасць пустых, закінутых або ўвогуле трухлявых дамоў вельмі псуе карціну. Калісьці ў гэтых дамах віравала жыццё. Але міналі гады і дзесяцігоддзі — і маладыя сельскія жыхары паз’язджалі ў гарады, старэйшае пакаленне адышло ў свет іншы. Вёскі апусцелі, дамы засталіся без гаспадароў. Добра, калі іх уласнікі хоць два разы на год наведваюцца ды абкошваюць траву на прыдамавой тэрыторыі. А некаторыя ўвогуле забыліся дарогу ў родныя мясціны, хтосьці не мае магчымасці прыехаць. Асаблівасць нашага раёна ў тым, што ён грані­чыць з Літвой, ды і да Латвіі недалёка, і многія ўраджэнцы Пастаўшчыны жывуць у гэтых прыбалтыйскіх краінах. З усталяваннем дзяржаўных граніц, а ў апошнія гады яшчэ і ў сувязі з супрацьэпідэмічным рэжымам ім праблематычна наведацца на малую радзіму.

Вось такі дом знеслі ў в. Ласькія Казлоўшчынскага сельсавета

Аднак, нягледзячы на ўсе акалічнасці, нават апусцелыя вёскі павінны выглядаць годна. Таму яшчэ ў лютым 2006 года выдадзены Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №70 «Аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і драхлых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці». З моманту набыцця моцы ўказа на Пастаўшчыне знесены сотні такіх дамоў. 24 сакавіка 2021 года з’явіўся яшчэ адзін Указ Прэзідэнта краіны — №116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі». У адпаведнасці з ім, спрошчаны парадак адчужэння грамадзянамі жылых дамоў, якія ім належаць, у сельскіх населеных пунктах і гарадах раённага падпарадкавання, пабудаваных да 8 мая 2003 года (даты набыцця моцы Закона «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яго і здзелак з ім»). Зараз адчужаць такія дамы можна без наяўнасці дакументаў, якія ўстанаўліваюць права на іх, пры ўмове ўнясення звестак пра жылыя дамы ў пагаспадарчую кнігу сельскага Савета або іх узвядзення на зямельных участках, выдзеленых у адпаведнасці з заканадаўствам.


Пустуючым прызнаецца дом, у якім 3 гады ніхто не жыў хаця б 1 дзень у годзе і ўласнік не заяўляў у сельвыканкам пра намер выкарыстоўваць яго для пражывання; драхлым – які знаходзіцца ў аварыйным стане або пагражае абвалам.


Зразумела, лепш бы прадаць пабудовы. У такім выпадку ў бюджэт паступіць пэўная сума, а дом працягне жыць. Аднак пакупнікоў знаходзяцца адзін­кі, нягледзячы на тое, што дом можна набыць нават за адну базавую велічыню. Зрэшты, праводзяцца і аўкцыёны. Напрыклад, у мінулым годзе на тэрыторыі Ярэўскага сельсавета з аўкцыёнаў, аб’яўленых райвыканкамам, прададзены 3 дамы, выручана 1 800 рублёў. 2 сакавіка бягучага года райвыканкам правёў аўкцыён па продажы дома ў вёсцы Баранавічы Юнькаўскага сельсавета. Для ўдзелу ў ім былі пададзены 3 заявы. Пачатковая цана складала адну базавую велічыню, а з аўкцыёна дом прадалі за 526 рублёў.

Аднак абсалютная колькасць дамоў, якія пустуюць, зносіцца. Летась у раёне іх знесена 30 (25 — за бюджэтныя сродкі, 5 — гаспадарчым спосабам). Найбольш — у Варапаеўскім сельсавеце (6) і Юнькаўскім (5). У іншых — па 2-3. Сёлета знесена 12 дамоў, з іх за бюджэтныя сродкі — 8. У тым ліку 4 дамы ў Курапольскім сельсавеце, 3 — у Камайскім, 2 — у Казлоўшчынскім.


Не пазней чым праз 2 месяцы з дня ўключэння жылога дома ў рэестр пустуючых дамоў мясцовы орган улады абавязаны падаць у суд заяву аб прызнанні яго безгаспадарным. За мінулы год і тры месяцы бягучага суд Пастаўскага раёна прызнаў безгаспадарным 31 дом і перадаў іх у камунальную ўласнасць раёна.


Важна не толькі знесці будынкі, але і навесці парадак на ўчастках, дзе яны знаходзіліся. З моманту набыцця моцы Указа Прэзідэнта Беларусі №70 у раёне было пастаўлена на ўлік 574 зямельныя ўчасткі агульнай плошчай 116,7 гектара. 21 участак плошчай 4,65 гектара перададзены грамадзянам для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, 101 (22,78 гектара) рашэннем сельвыканкамаў выключаны з пераліку, паколькі размешчаны ў прыбярэжных палосах водных аб’ектаў, а таксама ў сувязі са спісаннем сельскіх населеных пунктаў, адсутнасцю лініі электраперадачы і з іншых прычын. 212 зямельных участкаў па матэрыялах абнаўлення зямельна-інфармацыйнай сістэмы ўключаны ў землі сельгаспрадпрыемстваў.

Знос пустых і драхлых дамоў на Пастаўшчыне працягваецца. Сёлета раённая камісія склала 6 заключэнняў аб неабходнасці зносу чатырох такіх пабудоў у Дунілавіцкім сельсавеце, па адной — у Лынтупскім, Юнькаўскім і ў райцэнтры.



У працяг тэмы

24 сакавіка бягучага года Прэзідэнт падпісаў Указ №118, які датычыць незаселеных жылых памяшканняў дзяржаўнай уласнасці ў сельскай мясцовасці. Пачатковая цана на іх на аўкцыёне зараз будзе ўстанаўлівацца па ацэначным кошце, а не па рыначным, як было раней. Таксама з’явіцца магчымасць зніжаць цану на 50%, 80% і г.д., ажно да базавай велічыні. А мнагадзетныя сем’і змогуць купіць такое жыллё без аўкцыёна.



Фаіна Касаткіна
Фота даслаў райсавет дэпутатаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.