Кто в послевоенное время восстанавливал леса в Поставском районе?

История

Яны ўзнаўлялі лес

Лясы ў нашай мясцовасці вельмі пацярпелі ў ваенны і пасляваенны перыяд, калі патрабавалася вялікая колькасць драўніны на адбудову спаленага і разбуранага жылля і прамысловых прадпрыемстваў. Спелага лесу амаль не засталося, лясныя насаджэнні сталі разрэджанымі, паўсюль шмат суцэльных высечак.

Натуральна, што для пасляваеннага лясгаса асноўнай вытворчай задачай было аднаўленне аптымальнай структуры ляснога фонду. У першую чаргу трэба было пасадзіць або пасеяць лес на высечках. Цяпер у гэта цяжка паверыць, але на свае вочы бачыў падрыхтоўку глебы пад лясныя культуры конным плугам з упрэжанай у яго парай коней. Канешне, барозны былі крывымі, але прыгоднымі для пасадкі лясных культур. На карысць маладым насаджэнням было тое, што барозны былі неглыбокімі і для каранёў саджанцаў заставаўся пэўны гумусны гарызонт.

У пасляваенныя гады ў дзяржаўны лясны фонд некалькі разоў перадаваліся неперспектыўныя для сельскай гаспадаркі ворныя землі і іншыя сельгасугоддзі. Так у канцы 50-х лясгасу былі перададзены землі цэлай калгаснай брыгады вакол Лаўрынова і Каменкі. Такім чынам сама сабой сфарміравалася лесакультурная брыгада з жыхароў гэтых вёсак, а таксама Смычча. Брыгада была ў асноўным жаночай, толькі падвозіць ці падносіць сеянцы час ад часу дапамагалі леснікі. Лесакультурны сезон для гэтых жанчын пачынаўся вясной і заканчваўся восенню. Пасадка сеянцаў — пад меч Колесава, догляд маладых насаджэнняў — з дапамогай звычайнай матыкі або сярпа. Паколькі аплата працы была здзельная, то члены брыгады былі зацікаўленыя ў значнай колькасці саджанцаў на пэўнай плошчы. Гэта магло быць 6-8 тысяч пасадачных месцаў на адзін гектар. Калі дадаць да гэтага неаднаразовы догляд пасадак на працягу першых трох гадоў, то к пяцігадоваму ўзросту лясныя культуры змыкалі рады і маглі быць пераведзены ў лесапакрытыя плошчы.

Я сфатаграфаваў гэту брыгаду восенню 1966 года, калі яна ехала на працу ў трактарным прычэпе. Паглядзіце на гэтых жанчын — яны вартыя таго. Брыгадай пасаджаны і дагледжаны лес не на адной сотні гектараў. Рукатворным лясным насаджэнням ужо шмат гадоў, некаторыя з іх набліжаюцца да ўзросту спеласці.

Дзвюх жанчын, што на здымку, час ад часу бачу ў касцёле. Іншых ужо няма. Жывым помнікам шумяць сосны і елкі, пасаджаныя іх рукамі.

Іван Сіманёнак



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.