Почему на Радуницу не стоит нести на кладбище искусственные цветы?

Важное Природа

Пластыкавая памяць

Восенню мінулага года не справіліся з COVID-19 мамы двух блізкіх мне святароў — ксяндза-прэлата Аляксандра Рагіні, сакратара Апостальскай Нунцыятуры ў Аргенціне, і пробашча парафіі Святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі ксяндза Мікалая Ліпскага. Паехала, каб правесці ў апошні шлях. Першую пахавалі на лучайскіх могілках, другую — на могілках у Мышках. Іх магілы не заставілі вялікімі вянкамі — яны патанулі ў моры жывых кветак. Пазней адна знаёмая казала, што магілу Ганны Рагіні шукала менавіта па мностве вянкоў і была здзіў­леная, што на ёй не аказалася ніводнага.

Нярэдка можна чуць, як па колькасці вянкоў людзі мяркуюць пра значнасць памерлага чалавека. А часам, прыйшоўшы на пахаванне, не засяроджваюцца на малітве, успамінах пра нябожчыка, а ўважліва разглядаюць вянкі, захапляюцца іх пластыкавым аздабленнем, чытаюць надпісы на стужках і абмяркоўваюць, ад каго вянок большы, прыгажэйшы, а значыць і даражэйшы. Кошт вянкоў немалы. А карысць? Ніякай! Ні памерламу, ні сям’і. Праз паўгода-год колеры паблякнуць, і вянкі выкінуць на сметнік.

Фото Сергея Вшивкова

Трэцяга мая праваслаўныя будуць адзначаць Радаўніцу. Ужо за некалькі тыдняў да яе актывізаваўся гандаль штучнымі кветкамі. Будуць прадаваць іх і каля ўвахода на могілкі ў Кашыцах і Шурпіках. Многія католікі таксама не прамінаюць у гэты дзень наведаць магілы дарагіх людзей і нясуць на іх штучныя кветкі. Гэта традыцыя ў Беларусі з’явілася ў 90-я гады мінулага стагоддзя, калі пачало развівацца прадпрымальніцтва. Ёсць попыт — павінна быць і прапанова. Але ці ў пластыкавай памяці маюць патрэбу нашы родныя? Успомніце, як некалі ў вёсках праводзілі ў апошні шлях нябожчыкаў. Да машыны, якая везла труну, летам прымацоўвалі бярозкі, зімой — елачкі — сімвал вечнага жыцця.

Штучныя кветкі і вянкі — сапраўдная экалагічная катастрофа. Даказана, што яны выдзяляюць нямала таксінаў і не падлягаюць другаснай перапрацоўцы — толькі вываз на палігон цвёрдых адходаў. У глебе яны раскладаюцца на працягу 100–500 гадоў, наносячы каласальную шкоду прыродзе і чалавеку. Беларусь пераходзіць на экалагічныя электрамабілі, адмаўляецца ад пластыкавага посуду і ўпакоўкі, а штучныя кветкі — у прыярытэце. Зразумела, усім хочацца, каб месца вечнага спачыну дарагіх людзей выглядала прыгожа. Але ж летам не складана прынесці сюды букет жывых кветак, пасадзіць каля помніка мнагалетнікі ці вечназялёныя дрэўцы. Часта заязджаю ў Лучай і пастаянна захапляюся парадкам на магілах сваіх землякоў Казлоўскіх. На іх з вясны да позняй восені палымнеюць сціплыя аксаміткі.

У свой час наведваючы родных у Польшчы, бываючы ў пілігрымках у Партугаліі, Рыме, заходзіла на мясцовыя могілкі. І ні­дзе не бачыла пластыку. На свежых магілах — толькі жывыя кветкі і вянкі з іх. На надмагіллях — невялікія вяночкі, зробленыя з моху, іншага прыроднага матэрыялу і аздобленыя разнастайным сухацветам… Проста і прыгожа. Нехта, напэўна, скажа: у іх такая традыцыя, у нас — іншая. Але традыцыя ствараецца і падтрымліваецца чалавекам. І ў нашых сілах яе змяніць. На маю думку, лепш памаліцца ля помніка і запаліць свечку, а за грошы, патрачаныя на набыццё штучных кветак, заказаць святую Імшу ў касцёле ці паніхіду ў царкве. Памяць павінна быць не пластыкавай, а малітоўнай.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.