Сёння ў католікаў пачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум

Духовность

На працягу трох дзён Касцёл будзе ўрачыста адзначаць найбольшую таямніцу нашага адкуплення, у асаблівых цэлебрацыях успамінаючы ўкрыжаванне, пахаванне і ўваскрэсенне Езуса Хрыста.

Вялікі чацвер

Раніцай у Вялікі чацвер у катэдральных касцёлах адпраўляецца святая Імша Хрызма, падчас якой бласлаўляецца алей. Яе цэлебруюць біскупы і прэзбітары дыяцэзіі. Святары абнаўляюць абяцанні, якія давалі пры пасвячэнні. Увечары цэлебруецца святая Імша ва ўспамін апошняй вячэры Езуса Хрыста з вучнямі. На ёй пасля гімна «Хвала на вышынях Богу» да Пасхальнай Вігіліі змаўкаюць званы і арган.

Падчас працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамантам Цела і Кроў Хрыста пераносяць з галоўнага табэрнакулюма ў бакавы, так званую вязніцу. Гэта сімвалізуе арышт і заключэнне Езуса пад варту. Вернікі некаторы час моляцца ў цішыні.

Фота Сяргея Вшыўкава

Вялікая пятніца

Адзіны дзень у годзе, калі не цэлебруецца святая Імша. Літургія Пакуты Пана пачнецца без прывітання і спеваў. Працэсія ўвойдзе ў касцёл у поўнай цішыні. Дайшоўшы да алтара, святары лягуць крыжам. А вернікі ў гэты момант укленчаць перад таямніцаю, да якой нават немагчыма наблізіцца.

Падчас Літургіі слова мы пачуем, як выглядала інтранізацыя Езуса. На працягу двух апошніх тыдняў усе крыжы ў касцёлах былі захінутыя фіялетавай тканінай. У Вялікую пятніцу іх здымаюць, і гэта прыносіць радасць (не трэба журыцца ля крыжа, а трэба дзякаваць). Будзем глядзець на Езуса як на каранаванага Валадара, які ўваскрэсне, а цяпер сваімі выцягнутымі на крыжы рукамі хоча прыгарнуць нас да сябе.

Пасля адарацыі Крыжа Эўхарыстыя будзе перанесеная з цямніцы і вернікам удзеліцца святая Камунія. Гэта наступны этап Літургіі Пакуты Пана. Касцёл спачатку распавядае пра Караля (Літургія слова), а пасля паказвае Яго (адарацыя Крыжа) і ў канцы аддае нам. Прыняць Камунію — гэта не што іншае, як сказаць Езусу: «Я хачу ўвайсці ў Тваё валадарства, хачу быць Тваім падданым».

Калі мы прымем Камунію, Найсвяцейшы Сакрамант будзе выстаўлены каля гроба Пана і застанецца там да Пасхальнай Вігіліі.

Вялікая субота

Увесь Хрыстовы Касцёл знаходзіцца ў жалобе і святым маўчанні перад грабніцай свайго Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. На працягу ўсяго гэтага дня вернікі прыхо­дзяць у касцёл не толькі для таго, каб асвяціць традыцыйныя стравы на велікодны стол (каўбасы і вяндліну, кулічы і булкі, рознакаляровыя яйкі, найчасцей чырвоныя, як сімвал уваскрослага Хрыста), але і ў малітоўнай цішыні пабыць сам-насам з Езусам у грабніцы.

У гэты дзень, як і ў Вялікую пятніцу, вернікі традыцыйна захоўваюць пост. І хоць смачныя пахі велікодных страў казычуць нос, але з іх спажываннем давядзецца пачакаць да нядзелі, калі, прывітаўшы адно аднаго воклічамі «Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!», сям’я збярэцца за святочным сталом, каб па­дзяліцца радасцю гэтай асноўнай падзеі хрысціянскай веры — Уваскрэсення Хрыста з мёртвых.

Паводле каталіцкіх СМІ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.