Ученики аграрных классов Воропаевской и Новоселковской СШ побывали на Дне открытых дверей в ВГАВМ

Образование

У ветакадэмію пайду – там мяне чакаюць

26 сакавіка ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны прайшоў дзень адчыненых дзвярэй. Пра тое, якіх спецыялістаў яна рыхтуе, даведаліся і вучні аграрных класаў Варапаеўскай і Навасёлкаўскай сярэдніх школ.

Экскурсію па навучальнай установе для іх правёў дацэнт кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчай жывёлы імя В. А. Івановай Сяргей Базылеў. Ён сам выпускнік ветакадэміі. Працаваў у сельскай гаспадарцы. Больш за 30 гадоў займаецца навукай: кандыдат біялагічных навук.

— Нас пазнаёмілі з вучэбным працэсам і факультэтамі вет­акадэміі, — расказвала настаўніца Навасёлкаўскай СШ Аліна Сініца, якая суправаджала школьнікаў. — Вельмі цікава было на кафедры паразіталогіі, у кантактным заапарку. Затаіўшы дыханне, назіралі за работай эндаскапічнага апарата, з дапамогай якога выкладчыкі даследавалі страўнік каня. Захапляльным атрымаўся майстар-клас па кіналогіі. Яго правялі спецыялісты гомельскага клуба сабакаводства, якія вучаць студэнтаў навыкам дрэсіроўкі сабак. Затым мы падсілкаваліся ў студэнцкай сталовай.

Віцебская дзяржаўная ака­дэмія ветэрынарнай медыцыны — адзін з найбуйнейшых адукацыйных і навуковых цэнтраў па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў для аграпрамысловага комплексу. Сёння тут атрымліваюць адукацыю больш за 4 000 студэнтаў дзённай і завочнай форм навучання. Сярод іх не толькі беларусы, але і прадстаўнікі амаль двух дзясяткаў краін блізкага і далёкага замежжа — Расіі, Узбекістана, Казахстана, Эстоніі, Літвы, Германіі, Грэцыі, Ізраіля, Лівана, Кітая і іншых. Установа адкрывае ўсё новыя кірункі падрыхтоўкі спецыялістаў, развівае навукова-даследчыя праграмы, міжнародныя праекты, умацоўвае партнёрства адукацыі і навукі.

— Праблема недахопу спецыялістаў сёння актуальная для многіх галін народнай гаспадаркі, — гаварыла інспектар аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Людміла Шубелька. — Але асабліва востра яна адчуваецца ў сельскай гаспадарцы. У сувязі з гэтым райвыканкамам вядзецца вялікая работа па падборы кадраў сярод школьнікаў. У Варапаеўскай і Навасёлкаўскай сярэдніх школах створаны аграрныя класы. Немалаважную ролю ў зацікаўленасці моладзі адыгрывае цеснае супрацоўніцтва з установамі адукацыі, такімі як Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны. Для замацавання кадраў прапануем выпускнікам школ заключаць з сельгаспрадпрыемствамі дагаворы на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў. Згодна з імі, абітурыенты, а затым і студэнты маюць некаторыя дадатковыя льготы, даплаты да стыпендыі.

Выпускнікі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны — запатрабаваныя спецыялісты на сельгаспрадпрыемствах, мясакамбінатах, рынках, у ветклініках, заапарках. Пры размеркаванні студэнтаў-бюджэтнікаў звычайна на аднаго спецыяліста прыпадае больш за 10 заявак. Выпускнік мае вялікі выбар месцаў работы.

У дзень адчыненых дзвярэй вучні аграрных класаў школ маглі пагутарыць як з выкладчыкамі, так і са студэнтамі, задаць ім пытанні. Экскурсіяй школьнікі засталіся задаволеныя. Яна аказалася цікавай не толькі для тых, хто збіраецца звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай, але і для іншых.

Анна Анішкевіч
Фота Аліны Сініцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.